Сюрпрыз ад перапрацоўшчыкаў

Нумары Сельская гаспадарка

2511c

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – аператар машыннага даення ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Ірына Крывашэй атрымала прыемны сюрпрыз ад кіраўніцтва ААТ «Мінскі малочны завод №1». Вядучы спецыяліст па нарыхтоўцы сыравіны Роза Молчан са шчырымі словамі віншаванняў уручыла перадавому жывёлаводу букет кветак і паўнюткую карзіну з далікатэснай прадукцыяй завода.

– Ваша нялёгкая праца заслугоўвае высокай заработнай платы, увагі з боку кіраўніцтва гаспадаркі, павагі ў калектыве ад калег, такіх жа руплівых працаўнікоў, – сказала Роза Анатольеўна. – Наша акцыянернае таварыства выпускае больш за 200 відаў малочнай прадукцыі, якая прадаецца не толькі ў магазінах рэспублікі, а і пастаўляецца за межы краіны – у Расійскую Федэрацыю, Таджыкістан, Украіну, Балгарыю. І ў кожным пакеце, у кожнай ўпакоўцы ёсць часцінка вашай працы. Жадаем вам моцнага здароўя, радасці і шчасця, быць заўсёды абаяльнай і прывабнай. А нам – атрымліваць з вашай гаспадаркі пабольш сыравіны. Кожны дзень вы адгружаеце на наш завод больш за 22 тоны малака высокай якасці, няхай яго колькасць не змяншаецца.

Ірына Крывашэй працуе аператарам машыннага даення дзесяць гадоў, а вось агульны стаж у жывёлагадоўлі ў яе намнога большы – практычна ўся працоўная біяграфія звязана з гаспадаркай. Рупілася птушніцай, свінаркай, і ўсюды шчыравала сумленна. Быў кароткі перыяд, калі пераходзіла на іншую работу, але зноў вярталася ў родны калектыў – не знаходзілася лепшай. Ды і душа, пэўна, не ляжала. Летась працаўніцы не хапіла ўсяго шэсць кілаграмаў да дасягнення сямітысячнага рубяжу. І сёлета плён відавочны: з пачатку года Ірына Мікалаеўна надаіла ад кожнай каровы сваёй групы, у якой налічваецца 64 каровы, 5539 кілаграмаў малака, усяго – 287 тон і выканала даведзенае заданне. Дабівацца высокага выніку жанчыне дапамагае выключная працавітасць.

– Для мяне віншаванне нечаканае, але вельмі прыемнае. Дзякуй за шчырыя словы, за падарунак, за тое, што ацанілі маю работу, – сказала ў адказ Ірына Крывашэй. – Буду старацца працаваць і надалей.

Брыгадзір фермы Ганна Атрушкевіч дадала, што ў Ірыны Крывашэй лепшы паказчык сярод аператараў машыннага даення фермы. «Абавязкі свае яна выконвае сумленна. Нялёгкая праца даяркі заўважана і адзначана, што надае стымул і прыдае сілы прымнажаць дасягнутае. Калектыў у нас дружны, працуе зладжана і таму работнікі дабіваюцца неблагіх паказчыкаў у працы. І ў далейшым людзі будуць прыкладаць намаганні і імкнуцца мець яшчэ вышэйшыя вынікі. А Ірына Мікалаеўна, да таго ж, шматдзетная маці – нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей».

Варта адзначыць, што праводзіцца такая акцыя заводам упершыню. Ініцыятыва ўшанавання перадавых аператараў машыннага даення належыць генеральнаму дырэктару завода Андрэю Ермаліцкаму. Па традыцыі, падарункі былі ўручаны і кіраўнікам пяці сельгаспрадпрыемстваў, якія пастаўляюць сыравіну на гэты сталічны завод: ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Каганец», «Рубяжэвічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

НА ЗДЫМКУ: прадстаўнік завода Роза Молчан (крайняя справа) уручае кветкі і падарунак аператару машыннага даення Ірыне Крывашэй, у цэнтры – брыгадзір фермы Ганна Атрушкевіч.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *