Для кожнай машыны – зімовыя шыны

Ахова правапарадку Нумары

З мэтай прафілактыкі папярэджання ДТЗ, а таксама падрыхтоўкі аўтамабіляў да эксплуатацыі ў зімовых умовах з 24 лістапада па 3 снежня 2017 года дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычную акцыю «Зімовыя шыны».

З пачатку 2017 года на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна зарэгістравана 21 дарожна-транспартнае здарэнне, у якіх пяць чалавек загінулі і 29 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Аналіз ДТЗ паказаў, што незахаванне Правілаў дарожнага руху адносна невыкарыстання зімовай гумы прыводзіць да няшчасных выпадкаў на дарозе. На жаль, прыклады таму можна прывесці і з фактаў па нашым раёне.

Так, 10 лістапада г. г. каля 15 гадзін вадзіцель Л., 1968 г. н., за рулём аўтамабіля «Форд» рухаўся па аўтадарозе Першай – Івянец – Нясвіж. Паблізу аг. Дзераўная адбылася разгерметызацыя левага задняга кола, у выніку чаго аўтамабіль пайшоў у некіруемы занос, выехаў на сустрэчную паласу руху і ўчыніў наезд на грамадзяніна, які ішоў па левай абочыне. Пешаход з цялеснымі пашкоджаннямі быў дастаўлены ў раённую бальніцу. На аўтамабілі былі ўстаноўлены шыны са зношаным малюнкам пратэктара.

ДАІ нагадвае, што згодна з пунктам 207-1 ПДР, пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Зімовыя шыны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны мець астаткавую вышыню малюнка пратэктара не менш за 4 мм. У якасці зімовых будуць прымацца шыны, маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі са сняжынкай унутры яе або знакамі «M+S», «M&S», «M. S» ці «All seasons».

Адказнасць за невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын прадугледжана ч. 5 арт. 18.22 КоАП (іншыя парушэнні ПДР) і выклікае папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да пяці дзясятых базавай велічыні.

У выпадку, калі на транспартным сродку ўстаноўлены зімовыя шыны, але астаткавая вышыня малюнка пратэктара складае менш за 4 мм, адказнасць наступае па ч. 3 арт. 18.12 КоАП (кіраванне транспартным сродкам, які мае няспраўнасці) – выклікае папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да адной базавай велічыні.

Пры паўторных парушэннях сума штрафу павялічваецца.

Вядома, поўнасцю спадзявацца на тое, што зімовыя шыны прадухіляць ДТЗ, будзе няправільна, але калі вадзіцелямі захоўваецца бяспечная хуткасць з улікам дарожных умоў, з іх боку няма ліхацтва і неабдуманых дзеянняў, аўтамабіль на шынах з зімовым пратэктарам нашмат устойлівей і лепш «трымае» дарогу.

Акрамя шын вадзіцелю ў зімовых умовах трэба паклапаціцца і аб іншым. Варта пераканацца ў нармальнай працаздольнасці абагравальнікаў шкла, «дворнікаў», тармазоў; праверыць узровень антыфрызу і заліць у бачок вадкасць, якая не замярзае. Нядрэнна было б апрацаваць замкі і петлі дзвярэй, капота, багажніка сіліконавай змазкай. Трэба звярнуць увагу на стан запаскі, дамкрата, буксіровачнага троса і знака аварыйнага прыпынку. Калі ёсць сумненні ў надзейнасці акумулятара, лепш змяніць яго да надыходу маразоў. Калі своечасова не памяняць паліўны фільтр (асабліва дызель), то першы ж істотны мароз стане прычынай адмовы рухавіка ў дарозе.

Памятайце, што летняя гума пры мінусавой тэмпературы неэфектыўная, аўтамабіль можа паводзіць сябе непрадказальна. У галалёд тармазны шлях павялічваецца ў некалькі разоў. Перыядычна правярайце спраўнасць тармазной сістэмы і рулявога кіравання. Выбірайце карэктную хуткасць руху і правільную дыстанцыю. Зношаны пратэктар шын пакідае вам мала шанцаў на зімовай дарозе.

Аддзел ДАІ РАУС

 

ЦІ ПАД НАГЛЯДАМ ВАШ ДАЧНЫ ДОМ?

Па-ранейшаму праблемай застаецца папярэджанне крадзяжоў у садовых таварыствах. Аналіз аператыўнай абстаноўкі, якая склалася на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна за студзень – верасень, сведчыць аб тым, што колькасць такіх злачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася ўдвая – з 7 да 14 фактаў. Падазроныя ўстаноўлены па 13 крадзяжах. Серыя такіх злачынстваў учынена адной асобай на тэрыторыі Рубяжэвіцкага сельсавета.

У асноўным з дачных дамоў выкрадаюцца адзенне, абутак, электраабсталяванне, слясарныя і будаўнічыя матэрыялы, веласіпеды, прадукты харчавання.

Асабліва трывожнай з’яўляецца сітуацыя ў асенні, зімовы і веснавы перыяды, калі грамадзяне працяглы час не наведваюць свае дачы і маёмасць, што ў іх знаходзіцца, і яны становяцца лёгкай здабычай для злачынцаў. Аб учыненым злачынстве, як правіла, паведамляецца пасля працяглага перыяду, што часам вылічваецца месяцамі. У выніку губляецца магчымасць аператыўнага раскрыцця злачынстваў.

Прыцягвае зладзеяў слабая тэхнічная ўмацаванасць дачных дамоў у садовых таварыствах, адсутнасць вартавой аховы, вулічнага асвятлення ў кааператывах, а часам і агароджы, што з’яўляецца ўмовамі ўчынення крадзяжоў.

Стаўбцоўскі РАУС праводзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні крадзяжоў у садовых таварыствах. Тым не менш, сіламі праваахоўных органаў такую праблему вырашыць немагчыма. У сувязі з гэтым чарговы раз хочацца звярнуцца да членаў садовых таварыстваў: не варта легкадумна меркаваць, што маёмасць на дачы застанецца ў захаванасці. Для гэтага трэба прыняць усе меры. Найбольш эфектыўным для захавання маёмасці з’яўляецца абсталяванне дач і дамоў ахоўнай сігналізацыяй з вывадам сігнала трывогі на пульт Стаўбцоўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Калі такой магчымасці няма, то неабходна памятаць наступнае. Не пакідаць на дачы, у недабудаваным доме каштоўныя рэчы, бытавую тэхніку, электраінструменты і т. п. Забярыце іх з сабой ці пакіньце на захоўванне добрым знаёмым, якія пастаянна пражываюць у населеным пункце, дзе размешчаны ваша дача ці дом. Максімальна абцяжарце доступ іншым. Устанавіце моцныя дзверы, абсталюйце іх складанымі замкамі, на вокны пастаўце рашоткі. Папрасіце суседзяў пастаянна назіраць за вашым домам і адразу паведамляць аб здарэннях.

Па пытанні абсталявання сродкамі ахоўнай сігналізацыі кватэр, дамоў, гаражоў вы можаце звярнуцца ў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі Стаўбцоўскага РАУС па тэл. 5-14-84.

С. ПАЛЬЧЫК, намеснік начальніка ААПП РАУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *