Вытворчасць малака і мяса

Нумары Сельская гаспадарка

2911b

Таццяна Трацэнка ў ліку шасці шчырых рупліўцаў, якія прызнаны сёлета лепшымі па прафесіі ў сваёй гаспадарцы і напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – прэміраваны кіраўніцтвам таварыства за шматгадовую, сумленную і плённую працу. Таццяна Віктараўна дасканала ведае сваю работу і пастаянна ў перадавіках. Працуе яна ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа » і больш за чвэрць стагоддзя рупіцца ў жывёлагадоўчай галіне, прычым увесь гэты час цялятніцай на МТФ «Шахноўшчына». Любіць і шкадуе сваіх маленькіх гадаванцаў, забяспечваючы высокія прывагі. Жанчына добра ведае і прафесію даяркі, з якой пачыналася яе працоўная біяграфія.

 

НА ВЫСОКАЙ ПАЗІЦЫІ

Падведзены вынікі работы жывёлаводаў краіны за тры кварталы бягучага года. Па вытворчасці малака і мяса Стаўбцоўскі раён замацаваўся на высокай пазіцыі і займае 25 месца сярод 118 раёнаў. Лідарства ўтрымлівае Нясвіжскі раён, у аўтсайдарах – Ушацкі. Па таварнасці малака нашы жывёлаводы на адзінаццатай прыступцы ў вобласці і на 43-й у рэспубліцы з вынікам 90,1 працэнта. Лепшы паказчык, 92,4 працэнта, у працаўнікоў малочных цэхаў Пінскага і Магілёўскага раёнаў, а самы нізкі, 83,3 працэнта, у Чэрыкаўскім і Ушацкім раёнах.

 

ПАКАРЫЦЬ ДЗЕСЯЦІТЫСЯЧНУЮ ВЯРШЫНЮ

Плён старання жывёлаводаў малочнатаварных фермаў сведчыць, што дзясятка лідараў хоць і не змянілася, але адбыліся некаторыя перастаноўкі. На першае месца перамясціўся калектыў МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі», з надоем у сярэднім ад кожнай каровы 7415 кілаграмаў малака. Працаўнікі МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства на другім месцы з паказчыкам 7411 кілаграмаў. Трэцяя і чацвёртая прыступкі па-ранейшаму застаюцца за налібаччанамі – працаўнікамі малочных цэхаў МТФ Церабейнае» і Целяхі», на рахунках якіх 7357 і 7209 кілаграмаў. На пятую пазіцыю перамясціўся калектыў МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» з вынікам 6823 кілаграмы. Жывёлаводы МТФ Пруды» знізілі рэйтынг і займаюць шостае месца, надаілі 6771 кілаграм. На восьмым месцы – МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі», дзе атрымана ад каровы 6105 кілаграмаў. На сёмай, дзявятай і дзясятай прыступках МТФ «Засулле», «Ячонка» і «Зарэчча» ААТ «Каганец» з вынікамі 6645, 5962 і 5830 кілаграмаў.

Сярод аператараў машыннага даення вызначылася пяцёрка лідараў. Лепшыя паказчыкі маюць налібацкія прафесіяналы. Наталля Банадысева, якая надаіла ад каровы 8394 кілаграмы, упэўнена набліжаецца да дзесяцітысячнага рубяжу. Іна Трубіш, Ганна Саланкевіч, Святлана Рынкевіч і Алена Гаптар з паказчыкамі 7583, 7542, 7462 і 7449 кілаграмаў павінны перакрыць дзевяцітысячны.

 

БОЛЬШ ЗА ТОНУ

Ладзяцца справы ў жывёлаводаў ААТ «Дзераўное», дзе сёлета істотна павялічыліся паказчыкі па вытворчасці малака і мяса. Вылучаецца стараннасцю аператар машыннага даення Ірына Рудовіч з МТФ «Лубень», у якой з пачатку года самы высокі надой у таварыстве – ад кожнай каровы сваёй групы яна атрымала 5424 кілаграмы малака, прыбаўка да мінулагодняга выніку склала 1186 кілаграмаў. Яе каляжанка Таццяна Сарокіна з МТК «Ніўнае» таксама перасягнула пяцітысячны рубеж і мае яшчэ вышэйшы плюс – 1239 кілаграмаў. Па-ранейшаму ў перадавіках жывёлавод Сцяпан Скурат з Лубянёўскай фермы, бычкі на адкорме ў яго групе прыбываюць штодзень каля 920 грамаў. Стараюцца цялятніцы Таццяна Чарнец (МТФ «Заброддзе») і Галіна Рымашэўская (МТФ «Цэнтр-Ніўнае») з паказчыкамі 756 і 718 грамаў.

 

З ДАІЛЬНАЙ ЗАЛАЙ

У ААТ «Шашкі» з пачатку года ўжо дасягнута 500-кілаграмовая прыбаўка па надоях малака ад каровы ў адносінах да папярэдняга года. Жывёлаводы паступова павялічваюць вынікі работы і сёлета выходзяць на паказчык 3700 кілаграмаў. У будучым годзе ім цалкам па сіле перакрыць чатырохтысячны рубеж і рухацца да больш высокіх вяршынь. Тым больш, што кіраўніцтвам таварыства прыкладаюцца намаганні для паляпшэння ўмоў утрымання жывёлы і працы людзей шляхам укаранення сучасных тэхналогій. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва на МТФ «Шашкі» ў наступным годзе новага «клюшачніка» для дойнага статка і дзвюх сянажна-сіласных траншэй. У бліжэйшай перспектыве ўзвесці тут яшчэ адно жывёлагадоўчае памяшканне з устаноўкай даільнай залы.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *