У сельгаскааператывах раёна

Нумары Сельская гаспадарка

2911c

У маладога жывёлавода Ганны Сергіевіч, якая працуе на жывёлагадоўчай ферме «Мархачоўшчына № 1» ААТ «Вішнявецкі-агра», самыя высокія сярод калег сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў на адкорме і складаюць каля 820 грамаў. Ганна Мікалаеўна шчыруе ў гэтым вытворчым падраздзяленні параўнальна нядаўна – на працягу двух гадоў, але хутка асвоілася і дабіваецца добрых вынікаў. Яна корміць і даглядае звыш 200 бычкоў. Работа нялёгкая, але жанчына спраўляецца і паказвае прыклад у рабоце іншым працаўнікам. Дзякуючы і яе старанню ў таварыстве сёлета ў паўтара раза павялічыліся валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы.

 

НАПЕРАДЗЕ ВІШНЯЎЧАНЕ

За дзесяць месяцаў бягучага года з сельгаспрадпрыемстваў раёна адгружана на малочныя заводы 65298,5 тоны малака ў заліковай вазе. ААТ «Агранёманскі» паставіў перапрацоўшчыкам 7483 тоны, ААТ «Вішнявецкі-агра» – 6491 тону. Сярод буйных пастаўшчыкоў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Каганец», «Вялікі Двор» і ТАА «СЖК «Налібакі», кожнае таварыства адгрузіла звыш 6300 тон. Якасць малака застаецца практычна на ўзроўні. На заводах гатункам «экстра» залічана з пачатку года 63,2 працэнта, у кастрычніку на 6,6 працэнта больш. Найбольш сыравіны найвышэйшым гатункам паступіла з ААТ «Вішнявецкі-агра», «Вялікі Двор», «Каганец», «Агранёманскі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Вышэйшым гатункам гаспадаркамі прададзена 33,7 працэнта. Лепшая тлустасць малака ў вішняўчан і шашкоўцаў – 3,86 працэнта, а ўвогуле па раёне яна складае 3,75 працэнта.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІЎ КАСТРЫЧНІКУ

На малочнатаварных фермах раёна за кастрычнік надоена 7471,7 тоны малака, што склала 110 працэнтаў да адпаведнага перыяду летась. Ад кожнай каровы ў сярэднім атрымана 447 кілаграмаў малака, плюс 33 кілаграмы да мінулагодняга выніку. Паказчыкі дасягнуты амаль такія ж, як і ў верасні. Нарошчваюць вытворчасць жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі», якія атрымалі 701 кілаграм ад каровы і прыбавілі 27 кілаграмаў адносна мінулага месяца. На другім месцы працаўнікі малочнага цэха ААТ «Вялікі Двор» – надаілі ад каровы 612 кілаграмаў. Трымаюць высокі ўзровень работнікі ААТ «Каганец». Прыбаўляюць жывёлаводы ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Дзераўное» і «Шашкі». Папярэднія падлікі сведчаць, што жывёлаводы раёна ўшчыльную набліжаюцца да гадавога 5,5-тысячнага рубяжу па надоях малака ад каровы. У мясных справах сітуацыя застаецца стабільнай.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *