Азбука клопату

Нумары Соцыум

У Беларусі стартавала кампанія па комплекснай падрыхтоўцы спецыялістаў, якія ажыццяўляюць догляд пажылых і цяжкахворых людзей. Першымі слухачамі праграмы сталі супрацоўнікі рэгіянальных тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у тым ліку і са Стоўбцаў.

– У нас была магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі методыкамі ў вобласці догляду людзей розных узростаў з асаблівасцямі – цяжкахворых, з інваліднасцю, – падзяліўся загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Есіс. – У ходзе кампаніі былі дадзены веды не толькі аб доглядзе, аказанні даўрачэбнай дапамогі і рабоце са спецыялізаваным абсталяваннем, а і аб этыцы і псіхалогіі пабудовы паспяховых камунікацый з асаблівым чалавекам і яго блізкімі. Праграму выкладаюць эксперты-спецыялісты з багатым практычным вопытам: псіхолагі, фізічныя терапеўты, спецыялісты па рэабілітацыі і геранталогіі, неўролагі. Арганізатараў праграмы мы плануем запрасіць у бліжэйшы час для правядзення навучальнага семінара ў Стоўбцах.

Навучанне першых слухачоў праходзіла на базе Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра ў г. Мінску. Арганізацыя кампаніі стала магчымай дзякуючы малому гранту праекта «Польская дапамога». Ініцыятарамі выступілі сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Цэнтр актыўнага даўгалецця» і новы праект «Школа прафесійнага догляду «Азбука клопату».

– На цяперашні час сусветная і беларуская статыстыкі адзначаюць старэнне насельніцтва, а таксама рост колькасці захворванняў, якія патрабуюць працяглай рэабілітацыі. Як следства, многія людзі маюць патрэбу ў штодзённым доглядзе. Аднак навучанне патранажнаму догляду ў рэспубліцы часта носіць лекцыйны, фармальны або стыхійны характар. Наша кампанія накіравана на тое, каб даць не абстрактныя веды, а прафесійныя інструменты навічкам-спецыялістам па доглядзе, павысіць кваліфікацыю ўжо працуючых спецыялістаў. Першыя трэнінгі мы праводзім для супрацоўнікаў рэгіянальных тэрытарыяльных цэнтраў на бязвыплатнай для іх аснове, каб пашырыць магчымасці ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі і камерцыйнымі арганізацыямі і намеціць перспектывы для далейшага супрацоўніцтва, – адзначыла кіраўнік школы прафесійнага догляду «Азбука клопату» Алена Марыгероўская.

Удзельнікамі курсаў могуць стаць усе жадаючыя. Школа прафесійнага догляду «Азбука клопату» плануе навучаць спецыялістаў са сферы суправаджэння, людзей, якія жадаюць атрымаць новую спецыяльнасць, а таксама сваякоў цяжкахворых і пажылых людзей на платнай аснове.

Алена Марыгероўская падкрэслівае, што галоўныя мэты такой школы – павышэнне якасці паслуг па патранажным доглядзе, дапамога людзям у рэабілітацыі пасля цяжкіх хвароб і траўмаў, працяг і паляпшэнне якасці жыцця цяжкахворых людзей і з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнне «жывой» супольнасці прафесіяналаў, якія аказваюць догляд і фарміруюць культуру догляду людзей з асаблівасцямі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *