Налібакі – за тытул «Здаровы пасёлак»

Нумары Соцыум

2911a

Раённы выканаўчы камітэт сваім рашэннем замацаваў ініцыятыву старшыні Налібацкага сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча заявіць аб удзеле Налібак у Еўрапейскім праекце «Здаровы пасёлак». Мы просім Аляксандра Іванавіча падрабязней расказаць аб гэтым.

–             З 2010 года дзейнічае Еўрапейская праграма «Здаровы гарадок – здаровы пасёлак», – расказвае Аляксандр Іванавіч. – Беларусь таксама ўдзельнічае ў гэтай праграме з 2012 года. Вясною бягучага года ў Мінску праводзіўся сімпозіум, арганізаваны еўрапеўскім рухам «Здаровы гарадок», дзе ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, Расіі і іншых краін Еўропы. Мінскую вобласць прадстаўляў Стаўбцоўскі раён – Налібацкі сельвыканкам. Нядаўна райвыканкамам сумесна з санэпідстанцыяй распрацаваны план мерапрыемстваў па развіцці на тэрыторыі аграгарадка Налібакі прафілактычнага праекта «Налібакі – здаровы пасёлак». Ён будзе рэалізоўвацца ў 2017–2020 гадах. Гэта добрая справа, накіраваная на аздараўленне нашай нацыі. Мы распрацавалі план удзелу ў гэтым конкурсе. Вядома, што здароўе чалавека ў вялікай ступені залежыць ад ладу жыцця, таму наш план накіраваны на матывацыю насельніцтва захоўваць і ўмацоўваць здароўе, прапаганду прэстыжу здаровага ладу жыцця, фарміраванне стэрэатыпаў паводзін на здаровае харчаванне, адмовы ад шкодных звычак, стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя пражывання. Надалі ўвагу здаровай ежы, здаровай экалогіі, праектам па зацвярджэнні здаровага ладу жыцця. У жыхароў нашага аграгарадка ёсць добры стымул для гэтага: сярэдняя працягласць жыцця на тэрыторыі сельсавета 75,4 года – самая высокая па раёне. Распрацоўваем зоны адпачынку з абсталяваннем спартыўнай пляцоўкі для самых маленькіх жыхароў Налібак. Зоны для адпачынку ўключаць арэлі, каруселі і іншыя збудаванні для малых. Зацвердзім зоны, свабодныя ад курэння. Вялікая ўвага нададзена падтрыманню адмысловай чысціні ў населеным пункце, азеляненню яго, добраўпарадкаванню. Паколькі на тэрыторыі Налібак працуе жывёлагадоўчы комплекс, асаблівую ўвагу надаём захаванню экалагічна чыстага асяроддзя, выносячы патрабаванні да захавання ўсіх тэхналагічных нормаў вядзення вытворчасці. Усе гэтыя намаганні накіраваны на тое, каб жыхары Налібак адчувалі сябе ў родным аграгарадку камфортна, утульна. Асобным раздзелам плана перспектыўнага развіцця Налібак з’яўляецца сумесная дзейнасць з праваслаўным свяшчэннікам айцом Сергіем Давыдзенкам і ганаровым ксяндзом канонікам Мар’янам Шэршанем па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення і ажыццяўленні сумесных праектаў да матывацыі мясцовых жыхароў весці здаровы лад жыцця.

Ужо шмат чаго зроблена па развіцці Налібак. Устаноўлена новая воданапорная вежа. Мы спілавалі ўсе старыя дрэвы, якія неслі небяспеку, знеслі практычна ўсе разбураныя пабудовы. Дарожныя службы добра папрацавалі на рамонце асфальтаванага пакрыцця вуліц Налібак. Праклалі шэсць кіламетраў асфальту па вуліцы Лепельскай у Налібаках і на дарозе Дзераўная–Кляцішча. Нямала зроблена, аднак шмат чаго патрэбна яшчэ зрабіць. У першую чаргу, гэта газіфікацыя аграгарадка Налібакі, бесперабойнае забеспячэнне вадою. У рамках Еўрапейскай праграмы мы распачынаем рэканструкцыю выяўленай у Налібаках адзінай у Беларусі старадаўняй яўрэйскай купелі. Прыступілі ўжо да вырабу праекта, чакаецца фінансаванне з Аўстраліі. Задача органаў мясцовай улады – аб’яднаць людзей, каб усе мы жылі дружна, у згодзе і з аддачай працавалі на карысць нашай Айчыны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *