Штодзень у Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій паступаюць заяўкі навагодняга характару.
На першым месцы – наведванне святочных прадстаўленняў і ёлак у Палацы Рэспублікі, цырку, Тэатры юнага гледача, Палацы культуры прафсаюзаў, галоўнай рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы і т. п. Не застаюцца без увагі і прапановы аграсядзібаў, у прыватнасці аграсядзібы «Вясёлая хата» ў Капыльскім раёне.
– Новы год павінен быць актыўным, – мяркуе дырэктар бюро Леаніда Высоцкая. – Навагоднія заяўкі пачалі паступаць сёлета рана, яшчэ на пачатку лістапада. Актыўнасць традыцыйна праяўляюць школы. Да іх далучаюцца і працоўныя калектывы, сярод якіх варта назваць у першую чаргу цэнтральную раённую бальніцу і Стаўбцоўскі лясгас. Да новага года яны плануюць пабываць сем’ямі ў цырку, на спектаклі. Навагоднія праграмы пачынаюцца з 1-га снежня і будуць працягвацца да 15-га студзеня. Усім жадаючым ёсць што прапанаваць. Будзем задзейнічаць аўтапарк № 17 і іншых перавозчыкаў.
Дапамогу ў ажыццяўленні навагодніх заявак Леанідзе Высоцкай аказвае малады спецыяліст па турызме Паліна Сікорская. Паліна закончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Турызм і прыродакарыстанне» і з 1-га жніўня 2017 года атрымала размеркаванне ў Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій.
На працягу года бюро працуе стабільна. Пад знакам 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа было арганізавана шмат экскурсій у музейныя філіялы песняра ў нас, на Стаўбцоўшчыне (экскурсіі суправаджаліся пачастункам на турбазе «Высокі бераг», якую калісьці заснаваў Якуб Колас), а таксама ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску. Нязменным попытам карыстаецца таксама музей навук «Квантум».
Таццяна ПЯТКЕВІЧ