ЗАГСам зарэгістраваны па раёне дзевяць шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі трое маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Максім Мацукевіч, Васіліса Капур і Карына Маркава.
Зямны шлях закончыўся для дзевяці жыхароў раёна.
У пажарную часць паступіла паведамленне аб загаранні гаража на вуліцы Мінскай у Стоўбцах. Памяшканне выгарала знутры, моцныя пашкоджанні атрымала маёмасць, што там захоўвалася. Устанаўліваюцца прычына пажару і сума нанесеных страт.
Міліцыяй зарэгістравана 95 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазроныя. З танцавальнай залы Дома культуры ў Аталезі невядомы выкраў рэчы трох асоб, чым нанёс пацярпелым страты на агульную суму 440 рублёў. У Сверынаве зламыснік тройчы выкрадаў грошы з дома састарэлай.
Пракуратурай раёна ў ходзе маніторынгу вынесена прадпісанне дырэктару ААТ «Агранёманскі» аб ухіленні парушэнняў працоўнага заканадаўства і прыняцці мер па рэгрэсным спагнанні страт. У выніку, пяць асоб прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці, з іх спагнаны страты, нанесеныя гаспадарцы.
Суд асудзіў да васьмі месяцаў пазбаўлення волі 42-гадовую жыхарку Куля, якая ўхілялася ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей. Аштрафаваны на 10 базавых велічынь 28-гадовы жыхар Літвы, які, будучы нецвярозым, ударыў чалавека. У Несцеравічах жыхар Мінска самавольна ўнёс змяненні ў зацверджаны будаўнічы праект дома, за што пакараны штрафам у памеры чатырох базавых велічынь.
ДАІ выявіла 184 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 11 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і двое п’яных вадзіцеляў (адзін з іх, трактарыст ААТ «Дзераўное», рухаўся на трактары МТЗ-920 па аўтадарозе Р54, паблізу Заброддзя, з 0,6 праміле ў крыві), 39 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана восем дарожных аварый. Ніхто не пацярпеў. На дарогах раёна працягваюцца прафілактычныя акцыі «Зімовыя шыны» і «Чыгуначны пераезд».
«Хуткая» атрымала 145 выклікаў, у тым ліку чатыры – да асоб з алкагольным ап’яненнем. Тры звароты ў экстранную службу прылічваюць да неабгрунтаваных.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ