Да Дня інвалідаў. Сярод нас

Нумары Соцыум

0212b

ПРА ЖАНОЧАЕ ШЧАСЦЕІ ЎЛАСНЫ ДОМ

У размове з Палінай Таскаевай (Мязенінай) высветлілася запаветнае жаданне гэтай маладой жанчыны. «Якая мая мара? – перапытвае Паліна ў свае 20 з «хвосцікам». – Самая банальная – хадзіць. Яшчэ хачу хутчэй пераехаць у свой дом».  

З дзяцінства Паліна перасоўваецца на інваліднай калясцы, жыве ў стандартнай двухпакаёўцы з бабуляй і дзядулем. Жывуць вельмі дружна, хораша. Па суседству з іх домам знаходзіцца парк «Дружба народаў», і яго адпачываючыя нярэдка маглі бачыць у цёплую пару года, як дзядуля выязджае з унучкай на прагулку.

Міхаілу Іванавічу ў сакавіку наступнага года будзе 80, яго жонка Таіса Фамінічна сёлета адзначыла 80-гадовы юбілей. Нягледзячы на немаладыя гады, Міхаіл Іванавіч застаецца ўсмешлівым, клапатлівым, інтэлігентным чалавекам… Разам з матуляй Паліны ён вазіў унучку на сесіі ва ўніверсітэт у Вільнюс, куды яна паступіла пасля заканчэння школы. Школу, дарэчы, Паліна закончыла з залатым медалём. У гэтым годзе скончыла б не менш паспяхова і ўніверсітэт, але пасля двух курсаў прыйшлося пакінуць вучобу. З-за працяглага сядзення за ноўтбукам пачала балець спіна.

– Хацела б давучыцца, атрымаць дыплом, – слушна разважае Паліна. – Мне падабаліся выкладчыкі, сістэма навучання, прыстасаваная ў тым ліку і пад мяне. Сярод студэнтаў былі яшчэ дзве дзяўчыны-калясачніцы. Урачы прапануюць аперацыю. Аднак гарантый ніхто не дае. Аперацыя можа дапамагчы, а можа і стварыць дыскамфорт, зменшыць рухомасць. А куды ўжо менш! – эмацыйна ўскліквае Паліна.

Так і жыве, па-філасофску аддаўшы перавагу здароўю. А пра дзядулю з бабуляй, матулю гаворыць: «Гэта мае анёлы-ахоўнікі». Ад такіх прызнанняў лягчэй жыць кожнаму з іх. Алена Міхайлаўна, матуля Паліны, дзякуючы магутнай падтрымцы з боку блізкіх мае магчымасць больш аддаць сябе матэрыяльнаму забеспячэнню сям’і. З думкай пра будучае дачкі яна ўзяла зямельны ўчастак і аформіла льготны банкаўскі крэдыт – для будаўніцтва дома.

Уласны дом пакуль будуецца ў новым мікрараёне Паўночны-2. Цяпер у доме вядуцца аддзелачныя работы. Каб было танней, прымяняюць, так бы мовіць, гаспадарчы спосаб. Наймаюць работнікаў, за некаторыя работы бяруцца самі. Два гады таму Паліна выйшла замуж, таму ходзіць дапамагаць на будоўлю і яе муж Антон. Маладыя разам з домам будуюць і свае агульнасямейныя планы.    

– Дом для нас выпакутаваны, дарагі. Хутчэй за ўсё ў будучым годзе пераедзем і будзем даводзіць усё да канца», – перадае свае пачуцці яго будучая гаспадыня. У яе прызнанні гучыць вялікая надзея на тое, што пры аздабленні дома ўдасца рэалізаваць уласны дызайнерскі падыход. Ужо сёння яна вядзе пошук у інтэрнэт-магазінах неабходнай мэблі. Кухня ж для яе спатрэбіцца нестандартная, на заказ.

– Паліна, вы шмат часу праводзіце за камп’ютарам. А спрабавалі знайсці работу на ўдаленні для душы і заробку?

– Спрабавала, але гэта не ўвянчалася поспехам. Праз інтэрнэт знайшла сваю палавінку. Антон – з Расіі, з Новасібірскай вобласці. Пераехаў жыць у Стоўбцы. Стараюся сама сябе развіваць. Са школы палюбіла графічны малюнак, але ў партрэтах я ўжо засядзелася. Адносна нядаўна купілі графічны планшэт, які падключаецца да камп’ютара. Асвойваю яго, таксама займаюся хатнімі справамі – прыгатаваннем ежы, уборкай.

– Сямейнае жыццё, напэўна, дабавіла клопатаў?

– Хутчэй – наадварот, бо мы іх дзелім папалам. У мужа пакуль не склалася з работай. На даны момант ён дапамагае мне, аформлены для ажыццяўлення догляду за мною. Робіць масаж для змяншэння боляў у спіне. Удваіх лягчэй, весялей. Цяпер не ўяўляю, як я без яго жыла. У нас шмат агульных інтарэсаў. Антона цікавіць маляванне. Спрабую яго гэтаму навучыць. Стварылі сваю сям’ю – бытавыя праблемы вырашаем самі, ні на кога не перакладваем. Усё ў нас даволі проста, будзённа, але з нашым разваротам часу на ўсё чамусьці не хапае…

– Як адзначылі другую гадавіну вяселля?

– Вяселля мы не рабілі. На той момант здымалі кватэру ў Мінску, у Антона не было работы… 14 кастрычніка 2015 года проста распісаліся ў ЗАГСе. Дома нагатавалі «вкусняшек» і так павіншавалі адно аднаго. Наша сямейная страва – гэта смажаная бульба. Калі хапае грошай і часу, практыкуем што-небудзь з кухняў розных краін. Самае смачнае, што ў нас атрымалася, – венгерскі пастушыны суп. У ім шмат гародніны, мяса двух відаў. Пірагі пячом. Спадзяюся на мужа, які будзе ў нашым доме сапраўдным гаспадаром.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Пасляслоўе

Пасля знаёмства з Палінай Таскаевай я звязалася са старшынёй Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Нінай Ганісеўскай.

– Паліна і яе сям’я з’яўляюцца членамі нашай арганізацыі. Яна сябруе з маёй дачкой Ганнай. Ведаю яе з дзяцінства, – заўважае Ніна Ганісеўская. – У Паліны вялікі інтэлектуальны патэнцыял. Хацелася б, каб ён быў спаўна выкарыстаны дзеля сацыялізацыі ў грамадства. У яе ёсць творчыя здольнасці і перспектыва праявіць сябе, нечага дасягнуць і ў цэлым стаць героем паспяховай гісторыі. Яе акружае працавітая сям’я, якая ва ўсім аказвае падтрымку. Добра тое, што яны будуюць дом, які, у адрозненне ад кватэры, можна ў поўнай меры прыстасаваць для жыцця чалавека з абмежаванымі магчымасцямі.    

 

УСЛЫХ. КОЖНАМУ ВЕТЭРАНУ – ПРЫГОЖАЕ ЖЫЦЦЁ

Нядаўна ў рэспубліцы прайшла нарада з удзелам Прэзідэнта краіны, на якой абмяркоўвалася работа банкаў у сучасных эканамічных умовах. Размова, як заўсёды, была злабадзённай і прынцыповай. Найбольшы эмацыянальны водгук выклікалі высокія заробкі асобных работнікаў банкаўскай сферы. Сапраўды, у банкаў няма сваіх грошай, але ёсць грошы ўкладчыкаў, суб’ектаў гаспадарання, – з імі яны працуюць і зарабляюць свае даходы.

На гэтай хвалі размова пра грошы банкіраў не спыняецца і сёння. Па крайняй меры, у Стоўбцах. Пацвярджэнне таму – зварот у рэдакцыю газеты «работнікаў і пенсіянераў нябанкаўскай сферы», ад імя якіх падпісаўся В. Ч. Гайдукевіч. Ці рэальны гэта чалавек, мы не ведаем, таму што няма зваротнага адрасу на канверце, не пазначаны кантактны нумар тэлефона.

В. Ч. Гайдукевіч піша: «Прачытаў у газеце за 4 лістапада артыкул «На картку ветэрана – ад банка». Аказваецца, пенсіянерам філіяла Белаграпрамбанка ў год даплачваюць да пенсіі амаль 500 долараў ЗША. Абурэнню няма межаў. Гэтая даплата, а тут яшчэ не ўсё агучана, – не заслуга банка, а заслуга кліентаў гэтага банка. Кліенты банка ўтрымліваюць не толькі пенсіянераў, але і ўвесь штат банка… Усе паслугі ў гэтым банку платныя, работнікі банка сядзяць і кнопкі на клавіятуры націскаюць і атрымліваюць за гэта вялікі заробак і дывідэнды па акцыях… Прыгожа жывуць! Іншыя арганізацыі не маюць магчымасці павялічыць зарплату сваім работнікам, а даходы работнікаў і пенсіянераў банка растуць як манна нябесная…»

І гэтак далей, і таму падобнае. Напэўна, варта спыніцца. Што толку з агульных абуральных фразаў, якія не нясуць канкрэтных фактаў, а толькі маніпулююць эмоцыямі?.. Некарэктнасць асобных выразаў увогуле пакінем на сумленні аўтара пісьма. Працу работнікаў банка ў тых жа касавых акенцах вы можаце дакладна ўявіць самі. Як журналіст я не магу адказваць за даходы банкіраў ці работнікаў іншых сфераў, аднак разумею, пра што сапраўды варта сказаць услых.

Мара кожнага пенсіянера – мець банкаўскую картку, якая б рэгулярна ці хоць бы перыядычна папаўнялася за кошт прадпрыемства або арганізацыі, адкуль ён выйшаў на заслужаны адпачынак. Раней на старонках нашай газеты была інфармацыя аб тым, што штомесячную матэрыяльную падтрымку атрымліваюць ад свайго галаўнога прадпрыемства былыя работнікі электрасетак. Дзякуй Богу, адмоўнай грамадскай рэакцыі на гэтае паведамленне не паступіла. Адпрацавалі людзі ў гэтай няпростай прафесіі – няхай пакарыстаюцца пэўным бонусам у старасці. Магчыма, падобныя прыклады ёсць і на іншых прадпрыемствах. Ніхто іх не засакрэчвае: наадварот, гэта знак таго, што прадпрыемства працуе стабільна, прыбыткова і пры гэтым не кідае сваіх былых работнікаў, нясе за іх сацыяльную адказнасць.  

Чым больш будзе ў нас прадпрыемстваў і арганізацый з такімі фінансавымі магчымасцямі, тым лепш для ўсіх. У першую чаргу гэта напрамую звязана з эфектыўнасцю вытворчай дзейнасці, аказаннем канкурэнтаздольных паслуг. Гэты працэс не стаіць на месцы. Калі прадукцыя ці паслугі запатрабаваныя, мы самі пацвярджаем гэта ўласным рублём і такім чынам даём магчымасць развівацца вытворцу ці той жа ўстанове. Як можна казаць, што ў такім выпадку нехта жыве за кошт іншага і нажываецца? І няма нічога дзіўнага, што частка заробленага прыбытку, як тое прадугледжвае калектыўны дагавор, накіроўваецца на матэрыяльную падтрымку работнікаў і ветэранаў працы.

Сярод відаў падтрымкі – ад аднаразовых грашовых выплат у сувязі з асабістым юбілеем, прафесійным святам, набыццём гародніны да разгалінаванай сістэмы бонусаў. Вось і інфармацыя аб выплатах пенсіянерам банка з’явілася на старонках газеты не выпадкова, а акурат з нагоды віншавання адной з былых работніц з яе 90-гадовым юбілеем. Жанчына ўсё жыццё адпрацавала касірам за невысокі заробак, а сёння, атрымліваючы ад банка такую ўвагу і павагу, з удзячнасцю прызналася: «Я такая шчаслівая, што засталася вернай банкаўскай прафесіі…» Выходзіць, «абурэнне без межаў» выглядае, мякка кажучы, не зусім справядліва, аднабакова.      

Апошнім часам на Стаўбцоўшчыне назіраецца станоўчая тэндэнцыя: на прадпрыемствах і ў арганізацыях расце колькасць ветэранскіх арганізацый. Гэта азначае, што не павінна быць «забытых» ветэранаў працы. Кожны з іх – у якой бы сферы ні працаваў – заслужыў быць падтрыманым, пачутым. Пра гэта, дарэчы, і пякуцца перад дырэкцыяй прадпрыемства ці ўстановы кіраўніцтва ветэранскай арганізацыі, раённы савет ветэранаў.

Калі глядзець шырэй, то прыемна зрабіць і яшчэ адну выснову: нашы чытачы ўважліва чытаюць газету, давяраюць нам думку народа. Дзякуй ім за гэта.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *