Да Дня юрыста. Рашэнне ў імя закона

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

0212c

Са жніўня 2016 года суд раёна ўзначальвае Людміла Шуцько. У яе працоўнай біяграфіі ёсць фактычна ўсе юрыдычныя прыступкі: юрыст прадпрыемства, сакратар сельскага Савета, дзяржаўны натарыус і, у апошнія гады, – суддзя раёна. Увесь шлях – на Стаўбцоўшчыне. Побач з Людмілай Георгіеўнай працуе ў судзе раёна з 2011 года суддзя Андрэй Крываў. У 2016 годзе ўліліся ў калектыў маладыя суддзі – Ірына Аляхновіч і Вікторыя Суднік.

– Да суддзяў у грамадстве заўсёды павышаная ўвага. Наколькі вядома, усе суддзі раёна, акрамя вас, – немясцовыя. Пазнаёмце з імі, калі ласка, – звяртаемся да старшыні суда раёна Людмілы Шуцько.

– У наш час быць мясцовым або немясцовым – не так важна ў рабоце суддзі. Пры разглядзе спраў важна забяспечыць аб’ектыўны падыход і кіравацца ўнутраным перакананнем. Усе суддзі раёна – людзі вопытныя, з адпаведнай кваліфікацыяй і асобаснымі якасцямі. Да прызначэння на пасаду суддзі Стаўбцоўскага раёна Андрэй Крываў працаваў следчым пракуратуры Мінскай вобласці, Ірына Аляхновіч – вядучым спецыялістам суда Крупскага раёна, Вікторыя Суднік – намеснікам начальніка аддзела прымусовага выканання ў Заводскім раёне г. Мінска. Да слова, мы праводзім маніторынг сярод юрыстаў, якія працуюць у раёне, каб стварыць рэзерв кадраў суддзяў. Але, на жаль, выбар пакуль невялікі…

Калектыў суда сфарміраваны. Ён малады (сярэдні ўзрост каля 30 гадоў) і ініцыятыўны, працуе па прынцыпе ўзаемазамяняльнасці. Многія «выраслі» ў калектыве, як, да прыкладу, загадчыца канцылярыі Кацярына Курыла. Сярод старажылаў – сакратар суда Марына Сухаверх, вядучы спецыяліст Святлана Гаргіна, архіварыус Святлана Жылінская, вядучы інжынер-праграміст Андрэй Ярашэўскі.      

– Людміла Георгіеўна, якія асаблівасці разглядаемых спраў? Якія сучасныя патрабаванні да суддзі?

– Праведзеная з 1-га студзеня 2014 года рэформа значна разгрузіла суды. Змяншаецца і злачыннасць, колькасць крымінальных спраў. За месяц на суддзю раёна прыходзіцца дзесьці 63 справы, прыкладна столькі, колькі складае сярэднеабласная нагрузка. Затое спецыфіка спраў – іншая. Яны адрозніваюцца складанасцю, многімі тамамі і эпізодамі, звязаны з эканамічнымі, службовымі злачынствамі і т. п.

Любую справу (крымінальную, грамадзянскую) суддзя прапускае праз сябе. А інакш які сэнс працаваць? Безумоўна, у нашай рабоце патрэбны глыбокія веды заканадаўства, уменне аналізаваць і прымаць рашэнні. З вопытам ужо на першапачатковай стадыі знаёмства з іскам бачыш «падводныя камяні» і можаш прадбачыць, чым ён закончыцца. У адпраўленні правасуддзя найбольш важныя такія крытэрыі, як аператыўнасць, якасць. Сваіх калегаў вучу не спяшацца і прымушаць абодва бакі працаваць і збіраць дакументы, каб суддзя мог прыняць максімальна аб’ектыўнае рашэнне. Зразумела, рабочы дзень трэба пачынаць са знаёмства з электроннымі прававымі базамі «Кансультант» і «Эталон», якія абнаўляюцца ў рэжыме анлайн.  

– Вы, як вядома, таксама вучыцеся, якраз знаходзіцеся на сесіі.

– Вучуся як кіраўнік па спецыяльнасці «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Займаюся на другім, апошнім, курсе. Перажываю, што на перыяд сесій трэба адлучацца, а гэта цягне рост нагрузкі на іншых суддзяў. Ды і год хутка завяршаецца – неабходна больш увагі ўдзяліць справаздачнасці.

– У суд грамадзяне ідуць за справядлівасцю, праўдай. Якія праблемы часцей за ўсё прыводзяць іх у апошнюю інстанцыю?

– Справы бываюць самыя розныя. Гэта вырашэнне зямельных пытанняў, прызнанне здзелак несапраўднымі, устанаўленне сваяцкіх адносін і т. п. Апошнім часам узрасла колькасць працоўных спрэчак. У асноўным усе гэтыя іскі поўнасцю або часткова суд задавальняе, і гэта сведчыць пра парушэнне наймальнікам правоў работнікаў, невыкананне ім працоўнага заканадаўства.    

Супрацоўнікамі суда штодзённа, а таксама кожную другую суботу месяца (з 09.00 да 13.00), арганізаваны прыём грамадзян. Азнаёміцца з гэтымі графікамі можна ў судзе на стэндзе, на сайце райвыканкама. Аднак часта людзі памылкова лічаць, што ў судзе можна атрымаць юрыдычную кансультацыю. Адпраўляем іх да адвакатаў, а яны не разумеюць, крыўдзяцца… Зыходзячы з функцый і задач суда, суддзі не маюць права кансультаваць, уступаць у непрацэсуальныя зносіны. А ўвогуле мы сустракаемся і праводзім прававую асвету сярод грамадзян падчас выязных пасяджэнняў суда, лекцый у працоўных і вучнёўскіх калектывах. Тлумачым у тым ліку і тое, што нельга ігнараваць павесткі суда і не з’яўляцца па выкліку ў суд – за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

– Вашы пажаданні работнікам суда, калегам.

– Напярэдадні прафесійнага свята юрыстаў віншую калектыў суда, калег-юрыстаў з устаноў і прадпрыемстваў раёна. Жадаю ўсім моцнага здароўя, радаснага настрою, поспехаў!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: суддзі раёна: Андрэй Крываў, Людміла Шуцько (старшыня суда), Ірына Аляхновіч, Вікторыя Суднік; у канцылярыі суда: за сталом – Кацярына Курыла (загадчыца), злева направа – Святлана Гаргіна, Юлія Фянько, Марына Сухаверх, Таццяна Семянкевіч, Святлана Жылінская, Андрэй Ярашэўскі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *