Слова – медыкам

Медыцына Нумары

З ПРАВАМ НА ЗДАРОЎЕ

Да Сусветнага дня барацьбы са СНІД, які адзначаецца 1 снежня, у нашым раёне былі прыўрочаны інфармацыйна-асветніцкія акцыі, у арганізацыі якіх аб’ядналі свае сілы і старанні медыцынскія работнікі, педагогі, БРСМ. У большасці выпадкаў яны праводзіліся ў вучнёўскіх аўдыторыях, таму што актуальная прафілактыка гэтай інфекцыі веку сярод моладзі.

Сусветны дзень барацьбы са СНІД праводзіцца ва ўсім свеце. Прафілактычная кампанія ў гэтым годзе адбылася пад дэвізам «Маё здароўе, маё права». Яна закцэнтавала ўвагу на важных пытаннях права кожнага чалавека на здароўе і на тых цяжкасцях, з якімі сутыкаюцца людзі, закранутыя праблемай ВІЧ/СНІД. Права на здароўе ўключае ў сябе права кожнага чалавека на прафілактыку і лячэнне, права прымаць рашэнні аб сваім здароўі, а таксама права на паважлівыя і дастойныя адносіны.

На планеце жыве больш за 40 мільёнаў чалавек, інфіцыраваных ВІЧ. Па стане на 1 лістапада ў Рэспубліцы Беларусь пражывае больш за 16 тысяч чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам. У Мінскай вобласці зарэгістраваны 3650 выпадкаў, у Стаўбцоўскім раёне – 49.

За студзень – кастрычнік у раёне зарэгістравана сем новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, за аналагічны перыяд мінулага года – дзесяць. 63 працэнты ВІЧ-інфіцыраваных у раёне – ва ўзросце старэй за 30 гадоў. У 70 працэнтах асноўным шляхам перадачы ВІЧ з’яўляецца палавы. 43 працэнты інфіцыраваных – асобы без пэўнай дзейнасці.

Своечасова пачаўшы лячэнне і выконваючы ўказанні ўрачоў, людзі з ВІЧ могуць пражыць доўгае і паўнацэннае жыццё. Важным з’яўляецца своечасовае тэсціраванне для ранняй дыягностыкі ВІЧ. Прайці тэсціраванне на ВІЧ-інфекцыю, у тым ліку ананімнае, можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 164.

Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрапейскага тыдня тэсціравання, ініцыіраванага Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў Еўрапейскім рэгіёне.

Запрашаем усіх не быць раўнадушнымі і падтрымаць інфармацыйную кампанію.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

СЭРЦА БАІЦЦА ГРЫПУ

Самы грозны вірус прастуды – грып – не за гарамі. Пакінуты без увагі насмарк – і парушаная раўнавага ў арганізме спяшаецца паведаміць аб сабе абвастрэннем хранічных захворванняў. Асабліва пакутуюць сардэчнікі. Менавіта ў гэты перыяд узрастае колькасць людзей са скаргамі на болі ў вобласці сэрца, парушэнне рытму. Таму клопат аб сэрцы напярэдадні сезона вострых рэспіраторных захворванняў – жыццёвая неабходнасць.

Грып адносіцца да вірусных захворванняў. Статыстыка апавяшчае, што рызыка развіцця інфаркту міякарда пасля грыпу ўзрастае ў пяць разоў, інсульту – у тры разы.

Вірус грыпу ўплывае на згусанне крыві і стан сасудаў, па якіх яна працякае, шматразова павышаючы рызыку ўтварэння тромбаў і запалення мышачных клетак сасудзістай сценкі. Павышаючы вязкасць крыві і ўзмоцненую выпрацоўку фібрыну (бялку, які склейвае клеткі крыві), у спалучэнні з празмерным выкідам у кроў правакуючых запаленне рэчываў, вірус робіць сасудзістую сценку няздольнай супрацьстаяць агрэсіўным вірусам, бактэрыям, халестэрыну.

Ва ўмовах павышанай нагрузкі на сэрца і сасуды з’яўляюцца прыступы стэнакардыі, колючыя болі ў вобласці сэрца, перапады артэрыяльнага ціску. Пры цяжкім цячэнні захворвання можа паражацца сардэчная мышца, што праяўляецца жыцценебяспечным недахопам паветра і парушэннямі рытму.

Прафілактыка грыпу і яго шкоднага ўздзеяння на сардэчна-сасудзістую сістэму важней, чым наступнае лячэнне. Вакцынацыя значна зніжае верагоднасць заражэння вірусам, гарантуе абарону ад цяжкіх і ўскладненых формаў хваробы, якія прыводзяць да смяротнага зыходу.

Нясвоечасова зробленыя ці наогул праігнараваныя сардэчнікамі прышчэпкі могуць прывесці да цяжкіх вынікаў. Падумайце аб сваім сэрцы.

Ірына ЛУЦІК,урач-кардыёлаг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *