Да сядзібы Касцюшкі

Нумары Паездкі, экскурсіі

У дні, калі праходзіла святкаванне 135-гадовага юбілею Якуба Коласа, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс арганізаваў для наведвальнікаў клуба «Жывое слова» паездку на Брэстчыну, у знакамітыя Косава і Ружаны. Згодна з планам гэта была чарговая паездка ў рамках праекта «Пазнаем Беларусь», па сутнасці – традыцыя Коласавых землякоў.

У паездку на радзіму рэвалюцыянера і нацыянальнага героя некалькіх краін Тадэвуша Касцюшкі выправіліся нераўнадушныя да гісторыі роднага краю людзі. Дарога няблізкая – дзесьці 150 км у адзін бок, – аднак жадаючых знайшлося нямала. У іх, не зважаючы на ўзрост 70+, жыве сапраўдны вандроўны дух.

Была ў стаўбцоўскіх вандроўнікаў і асаблівая місія. Праз іх старшы навуковы супрацоўнік і загадчык філіялаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне Софія Міцкевіч перадала сядзібе-музею Тадэвуша Касцюшкі дыск «Шлях Коласа», буклет з дарчым надпісам. А яшчэ – буклет і вышытыя рэчы з італьянскага музея Джузэпэ Гарыбальдзі. Летам гэтага года Софіі Міцкевіч давялося праводзіць экскурсію для незвычайных турыстаў, сваіх італьянскіх калег, якія і звярнуліся з просьбай перадаць падарунак сядзібе-музею Тадэвуша Касцюшкі ў Косава. Як падкрэслівае Сяргей Есіс, усё перададзенае трапіла па адрасе і было з удзячнасцю прынята.

У Косаве нашы вандроўнікі наведалі Троіцкі касцёл (уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь), у якім 12 лютага 1746 года хрысцілі Тадэвуша Касцюшку. У старадаўнім храме захавалася тая самая купель і метрыка. Захавальніца касцёла Ганна расказала гісторыю святыні. Яе адметнасцю з’яўляецца і жыватворная ікона «Матерь Божья Милосердия», да якой была магчымасць дакрануцца і вуснамі, і сэрцам.  

Уразіў прыгажосцю палац Пуслоўскіх, ці так званы Косаўскі замак ХІХ стагоддзя – сімвал адраджэння малой радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Да яшчэ больш старажытных, пачатку ХVІІ стагоддзя, адносіцца Ружанскі замак, які належаў магутнаму роду Сапегаў. У Вялікую Айчынную вайну ён быў поўнасцю разбураны. З 2008 года тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы і гістарычныя раскопкі. Сёння ва ўязной браме знаходзіцца краязнаўчы музей.

– У Беларусі ёсць што паглядзець, чым ганарыцца. Нярэдка мы імкнёмся недзе далёка, але сваёй гісторыі не ведаем, – падвёў вынік Сяргей Есіс і выказаў удзячнасць за тое, што паўсюдна на маршруце іх чакалі і сустракалі, усюды экскурсіі для пажылых людзей былі бясплатныя.                                  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *