Дзіцячае харчаванне. Смачна есці!

Адукацыя Нумары Увага - дзецям

0612

З 1 снежня грашовыя нормы расходаў на харчаванне школьнікаў і дашкольнікаў павялічыліся на 10 працэнтаў. Бацькі чакаюць, што падаражанне харчавання ў дзіцячых садах і школах будзе скіравана на забеспячэнне разнастайнага дзіцячага рацыёну.

Кожны з нас памятае свае школьныя гады, як кружыў галаву пах, што даносіўся са сталовай, і як любілі ўсе перапынак, прызначаны для абеду.

Арганізацыі харчавання дзяцей надаецца вялікая ўвага ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Тэхнолаг па харчаванні Алена Прыхожка гэта пацвярджае:

–             Штомесячна з удзелам кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна заслухоўваецца пытанне арганізацыі гарачага харчавання вучняў і дашкольнікаў. Такая пільная ўвага да гэтых пытанняў апраўдана. Гарачае харчаванне дзяцей з’яўляецца адной з важных умоў падтрымання іх здароўя і здольнасці да эфектыўнага навучання. Улічваючы тое, што дзеці праводзяць у школе большую частку свайго часу, і бацькі, і педагогі занепакоены тым, каб дзеці былі накормленыя, прычым паўнацэннымі і збалансаванымі абедамі. Забяспечыць такі ўзровень дзіцячага харчавання і заклікана наша служба.

Менавіта школьны ўзрост з’яўляецца тым перыядам, калі адбываецца асноўнае развіццё дзіцяці і фарміруецца лад жыцця, уключаючы культуру харчавання і набыццё навыкаў здаровага ладу жыцця. Трэба адзначыць, што школьнае харчаванне рэгламентуецца санітарнымі нормамі і правіламі, пастаянна ажыццяўляюцца маніторынгі арганізацыі харчавання ў навучальных установах. Два разы на год праводзіцца анкетаванне вучняў і бацькоў. Неабходна адзначыць, што кожны год ажыццяўляюцца праграмы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школьных сталовых і харчблокаў дашкольных устаноў. Устанаўліваецца сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, што аблягчае працу работнікаў сталовых, забяспечвае належны санітарны парадак і павышае магчымасці для прыгатавання якасных страў. Узорам сучаснага аснашчэння сталовай з’яўляецца новы дзіцячы сад № 8. У харчблоку самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне з параканвекцыйнай печчу. Ёсць нават ліфт для падачы страў на другі і трэці паверхі. Наогул, у пяці ўстановах адукацыі раёна ўстаноўлены ўжо параканвекцыйныя печы. Нельга ўпусціць той момант, што ва ўстановах адукацыі стараюцца зрабіць таннейшымі кошт школьных абедаў і харчавання дашкольнікаў, нарыхтоўваючы гародніну і садавіну са сваіх агародаў і скарыстоўваючы спонсарскую падтрымку падшэфных арганізацый. Яна закладваецца ў свежым выглядзе і праводзіцца яе закваска, засолка, замарозка.

– Алена Уладзіміраўна, а колькі наогул каштуе школьны абед?

–             Для дзяцей 6-10 гадоў абед каштуе 1 рубель 21 капейку,11-13 гадоў – 1 рубель 38 капеек, 14-17 гадоў – 1 рубель 46 капеек. Кошт аднадзённага харчавання ў ясельных групах складае 2 рублі 6 капеек, у садаўскіх – 2 рублі 61 капейку. У дашкольных установах арганізавана трохразовае харчаванне: сняданак, абед, падвячорак, а ў санаторных групах – яшчэ і вячэра. У санаторных групах кошт абеду ў яслях 3 рублі 7 капеек, у садзе – 3 рублі 87 капеек. Дзецям са шматдзетных сем’яў у дзіцячых садах плата за харчаванне зніжана на 50 працэнтаў, а ў школах дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў наогул харчуюцца бясплатна два разы на дзень. Такія льготы ў нашым раёне прадастаўлены 998 вучням. Ахоп гарачым харчаваннем ва ўстановах адукацыі нашага раёна складае 97 працэнтаў.

Бацькі старэйшых школьнікаў гарадскіх школ маюць магчымасць аплачваць школьнае харчаванне праз АРІП да 25 чысла кожнага месяца. Калі дзіця захварэла ці па іншай прычыне не наведвала заняткі, то робіцца пераразлік, і грошы на харчаванне могуць быць зрасходаваны ў наступным месяцы. У сярэдняй школе № 3 г. і гімназіі № 1 г. Стоўбцы, а таксама ў Дзераўнянскай сярэдняй школе працуюць буфеты райспажыўтаварыства. Закупка прадуктаў для школьных сталовых праводзіцца на электронных таргах. Выйграе тое прадпрыемства, якое аказваецца больш канкурэнтным па цэнах і якасці прадукцыі. Хутка пройдуць чарговыя таргі – будзем выбіраць пастаўшчыкоў на новы каляндарны год.

Святлана ЖЫБУЛЬ

З гонарам і радасцю паглядаюць стаўбчане на новы гарадскі сацыяльны аб’ект – дзіцячы сад № 8, што нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю. Па-дамашняму ўтульна тут дзетвары ў гульнявых, спальных пакоях. А ў сталовай Анастасія Зарубіна (на здымку) з паварамі прыгатуюць у адпаведнасці з рэцэптурай смачную, збалансаваную па вітамінах ежу.

Фота Васіля Зянько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *