Перагаворы на саміце АДКБ у Мінску праходзілі ў адкрытым і прынцыповым ключы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«Гэта сапраўды была адкрытая і прынцыповая размова самых блізкіх на гэтым свеце дзяржаў. Больш блізкіх і родных, чым тыя, хто сядзяць за гэтым сталом, на жаль, у нас няма. А, можа, і на шчасце», – заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«У вузкім складзе ў канструктыўным, даверлівым, адкрытым ключы мы абмеркавалі тэндэнцыі развіцця міжнароднай абстаноўкі і яе ўплыў на сітуацыю ў зоне адказнасці нашай арганізацыі. Мы абмяняліся думкамі аб эфектыўнасці мер, што прымаюцца для забеспячэння калектыўнай бяспекі», – расказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён з задавальненнем адзначыў агульнасць поглядаў бакоў адносна сучасных пагроз, з якімі сутыкаюцца дзяржавы – члены АДКБ, эфектыўнасці выбранай стратэгіі па іх мінімізацыі.
«Нашымі сумеснымі намаганнямі вялася і вядзецца планамерная работа, накіраваная на павышэнне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне кола яе прыхільнікаў, развіваюцца найбольш важныя формы знешнепалітычнай каардынацыі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у фармаце арганізацыі ўдалося дасягнуць канцэптуальнага замацавання адзіных падыходаў да забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, прывесці ў адпаведнасць з перадавымі тэхнічнымі патрабаваннямі базавыя элементы сістэмы крызіснага рэагавання. Канкрэтныя захады зроблены на шляху фарміравання ўмоў для выкарыстання міратворчага патэнцыялу.
Акрамя таго, падрыхтавана аснова нарматыўнага афармлення партнёрства ў фармаце АДКБ з міжнароднымі арганізацыямі і трэцімі краінамі.
«У цэлым у юбілейны для арганізацыі 2017 год зроблена нямала. Упэўнены, што далейшыя сумесныя дзеянні па ўмацаванні АДКБ захаваюць устойлівы, паступальны і дынамічны характар. Неабходна, каб гэтая работа знаходзілася ў полі зроку грамадскасці як нашых, так і замежных дзяржаў», – падкрэсліў беларускі лідар.
Беларускі бок разлічвае, што з пераходам старшынства ў АДКБ да Казахстана ўсе раней вылучаныя ініцыятывы будуць дапаўняцца і атрымаюць творчае развіццё.
БелТА