Шасцёра дзяцей з адной сям’і

Нумары Увага - дзецям

На адным з апошніх пасяджэнняў раённай камісіі па справах непаўналетніх прынята рашэнне аб вынясенні заключнай ацэнкі аб мэтазгоднасці вяртання ў шматдзетную сям’ю дзяцей, якія згодна з Дэкрэтам № 18 былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Выпадак рэдкі, таму што размова ішла не пра стандартную шматдзетную сям’ю з траіма дзецьмі, а пра сям’ю з шасцярыма непаўналетнімі. Пяцёра з іх цяпер знаходзяцца ў прытулку, а самае меншае, якому ў кастрычніку споўнілася два гады, – у прыёмнай сям’і.

З часу адабрання дзяцей, 12 ліпеня 2017 года, у гэтай сям’і шмат што змянілася. У кватэры бацькі сваімі сіламі зрабілі касметычны рамонт. Нарэшце набылі пасцельную бялізну, цацкі, развіваючыя гульні ў адпаведнасці з узростам сваіх дзяцей. І ў плане іх бяспекі няма прычын для хвалявання: спраўныя электраправодка і газавы кацёл, у рабочым стане аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Абое бацькоў працуюць, і іх станоўча характарызуюць наймальнікі – агракамбінат «Колас» і цэнтральная раённая бальніца. Праўда, матулі пры вяртанні дзяцей дадому трэба пакінуць працу санітаркі і стаць маці-«дэкрэтніцай».

Увесь час над выкананнем плана рэабілітацыі зацікаўлена працуе з сям’ёю Вішнявецкая школа, падкрэслівае намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.  

Бацькі і самі праяўляюць зацікаўленасць у тым, каб вярнуць дзяцей у сям’ю. Яны часта наведваюць іх у прытулку, прыёмнай сям’і. Як і належыць абавязаным асобам, кампенсуюць выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей. Дарэчы, некаторыя наймальнікі, як, напрыклад, ААТ «Агранёманскі», прадастаўляюць абавязаным асобам магчымасць для падпрацоўкі, каб яны маглі і выдаткі кампенсаваць, і рамонт у доме мелі за што праводзіць. Зацікаўленай работай з абавязанымі вылучаецца і Стаўбцоўскае АКС.

Хутчэй за ўсё, з улікам усіх абставін, якія абавязкова будуць вывучаны суб’ектамі прафілактыкі і раённай камісіяй па справах непаўналетніх, шасцёра дзяцей неўзабаве вернуцца дадому. Гэта сапраўды жаданая для ўсіх падзея. Аднак, на жаль, далёка не ва ўсіх сем’ях, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным і яны змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне, такі шчаслівы фінал. У бягучым годзе на Стаўбцоўшчыне восем бацькоў, у якіх былі адабраны дзеці, пазбаўлены судом бацькоўскіх правоў. У выніку, яшчэ дзесяць дзяцей папоўнілі лік сірот пры жывых бацьках. Вернуты ж пасля адабрання ў свае біялагічныя сем’і толькі восем дзяцей. Трывожыць і насцярожвае і іншая статыстыка: паводле апошніх даных, у раёне становішча 193 дзяцей у 103 сем’ях прызнана сацыяльна небяспечным.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *