Першым разам – з першым класам

Нумары Спорт

З надыходам зімы цішэе і на палях футбольных. Прынамсі, у нашых шыротах, дзе снег ды мароз не дадуць разгарнуцца самаму папулярнаму спартыўнаму дзейству.

Падводзіцца рахунак футбольнаму сезону і ў Беларусі. На міжнароднай арэне нашы майстры скуранога мяча асаблівых прыемнасцяў не даставілі. У адборачным турнірны, дзе вызначаліся ўдзельнікі чэмпіянату свету, які пройдзе на футбольных арэнах Расіі ў наступным годзе, зборная Беларусі заняла апошняе месца ў сваёй групе, прапусціўшы наперад нават карлікавы Люксембург. І нязменны чэмпіён рэспублікі барысаўскі БАТЭ не надта выразна выступае ў Еўрапейскіх клубных турнірах. Ды і чарговы тытул пераможцы першынства Беларусі ў 2017 годзе дастаўся барысаўчанам сёлета нялёгка, толькі дзякуючы асечкам мінскага «Дынама» і салігорскага «Шахцёра». А пакідаюць вышэйшую лігу нацыянальнага чэмпіянату мазырская «Славія» і наваполацкі «Нафтан». Такім чынам, як падкрэслівае спартыўная прэса, у галоўным дывізіёне футбольнага першынства Беларусі ў наступным сезоне будуць выступаць 11 камандаў, якія прадстаўляюць Мінск і Мінскую вобласць, а астатнія пяць – абласныя цэнтры рэспублікі. Удакладнім, што вышэйшую лігу дапоўняць пераможцы турніру ў першай лізе – мінскі «Прамень» і ФК «Смалявічы-СТІ».

Балельшчыкі стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» добра памятаюць сустрэчы з гэтымі калектывамі, як і з іншымі сапернікамі па першай лізе нацыянальнага футбольнага першынства. Так, у нядаўнім, лістападаўскім, паядынку госці са Смалявіч адолелі нёманцаў з лікам 3:0. Прыгадаем, што і ў першым крузе нашы ўступілі гэтай камандзе з такім жа вынікам. 0:4 і 0:5 – зыход матчаў «Нёмана-Агра» з «Праменем».

І ўвогуле нуль забітых, тры і больш мячоў прапушчаных – рэальная статыстыка большасці з праведзеных стаўбчанамі матчаў у чэмпіянаце. Асабліва адчувальную «аплявуху» атрымалі нёманцы ад «Белшыны» – паражэнне з лікам 0:7 у Бабруйску і 2:10 на сваім полі. І як бачна з турнірнай табліцы, толькі крыху недацягнулі да рэкорда ў 100 прапушчаных мячоў.

Усё так дрэнна? Такі адназначны вывад рабіць было б несправядліва, тым больш у адносінах да дэбютантаў. Першая ліга – другі па сіле дывізіён беларускага футбола, над якім, сама назва гаворыць, ліга вышэйшая. А там запраўляюць не толькі добра вядомыя ў міжнародным футболе БАТЭ, мінскае «Дынама», «Шахцёр», а і «Гарадзея» з пасёлка, што ад Стоўбцаў праз два чыгуначныя прыпынкі, і «Іслач», якая прадстаўляе Мінскі раён, і «Слуцк», а яшчэ сталічны клуб з экзатычнай назвай і няпэўным фінансаваннем «Крумкачы» і г. д.

А мы што, горшыя? Цалкам рэалістычная думка валодала і адказнымі за справы футбольныя ў раёне, і самімі ігракамі, калі далі адказ на прапанову са сталіцы: «Згодны!» А канкрэтна, нагадаем, было так. Па выніках сезона 2016 года ў другой лізе «Нёман-Агра» заняў чацвёртае месца, прахадных жа ў першую лігу прыступак было тры. Пінская «Хваля» загадзя завалодала лідарскай пазіцыяй і датэрмінова атрымала пуцёўку ў першую лігу. ФК «Асіповічы», «Клецк» і «Нёман-Агра» з аднолькавай колькасцю ачкоў размясціліся далей у такім парадку, згодна з дадатковымі паказчыкамі. Каманда з Асіповічаў ахвотна скарыстала сваё права на павышэнне ў класе, кляччане, наступныя ў гэтай шарэнзе, адмовіліся. Тады прапанова паступіла стаўбчанам.

Гэтага не ведаў ужо Андрэй Мікалаевіч, светлай памяці. Выхаванцы футбольнага трэнера, калі ён шчыраваў яшчэ ў Стаўбцоўскай ДЮСШ, выдатна выступалі ў дзіцячых і юнацкіх турнірах. Сталі пераможцамі рэспубліканскага «Скуранога мяча». Яны саставілі касцяк каманды Стаўбцоўшчыны, якая двойчы заваёўвала тытул чэмпіёнаў вобласці. І вось удалы дэбют ў чэмпіянаце рэспублікі, у другой лізе, перспектывы пераходу ў лігу першую.

Поўны аптымізму, гаварыў аб выніках сезона 2016 года Андрэй Мікалаевіч. Ці ж можна было ўявіць, што гэтае яго інтэрв’ю, змешчанае ў мінулагоднім лістападаўскім нумары «Праменя», было апошнім?..

Сапраўдныя спартсмены – маладыя людзі ў асноўным дысцыплінаваныя, адказныя. Але ж падрыхтоўчы перыяд да новага сезона практычна без трэнерскага вока – справа рызыкоўная. Не так проста было прапанаваць і новага настаўніка: для кіраўніцтва камандай у рэспубліканскім спаборніцтве патрэбна трэнерская ліцэнзія. Нарэшце падабралі кандыдатуру, калектыў «Нёмана-Агра» ўзначаліў Леанід Лагун, вядомы па выступленнях у саставе чэмпіёна Беларусі барысаўскага БАТЭ, з пэўнай трэнерскай практыкай у камандах першай і другой лігаў нацыянальнага першынства. Падтрымку, дапамогу камандзе «Нёман-Агра» аказалі райвыканкам, гаспадаркі раёна.

Будзе нялёгка ў барацьбе з вопытнымі апанентамі – ведалі ўсе, аднак жа імкнуліся годна трымаць футбольную марку Стаўбцоўшчыны. Ах, якія выдатныя вясна і пачатак лета выпалі сёлета нашым балельшчыкам! Абноўлены, з прыгожымі радамі крэслаў на трыбунах, стадыён «Юнацтва». Хто крыху прыпазняўся да пачатку вызначанага календаром суботняга матча, маглі і не знайсці свабоднага месца на трыбуне. А якая шчырая падтрымка, апладысменты, дружнае «малайцы!» пасля ўдалых дзеянняў, тым больш забітага гола нашымі футбалістамі! Поўныя прыемных эмоцый, вярталіся гледачы з пераможных для «Нёмана-Агра» матчаў з камандамі Пінска, Смаргоні, Светлагорска. Дзякавалі за дастойную гульню і пасля здабытых нічыіх, нават паражэнняў, каля яны станавіліся вынікам усё ж самаадданых дзеянняў нёманцаў. Паездкі ў іншыя гарады былі, праўда, беспаспяховымі. Што ж, суцяшаліся думкай, што будзе яшчэ свята на нашай футбольнай вуліцы.

Першы круг каманда «Нёман-Агра» закончыла на перадапошнім месцы ў турнірнай табліцы. У пятнаццаці гульнях былі здабыты 12 ачкоў. Ці ж маглі ўявіць, што ў наступных пятнаццаці разжывуцца яшчэ толькі адным ачком, і задоўга да заканчэння турніру будзе вызначана канчатковае месца – апошняе. Перадапошнім стаў таксама дэбютант ФК «Асіповічы», які разам са стаўбчанамі пакідае першую лігу.

Што ж здарылася, чаму ж з сярэдзіны жніўня і амаль да канца лістапада ўдача мінала нашых футбалістаў? У пачатку сезона, калі нёманцы на чале з капітанам Арцёмам Сукалам рашуча стрымлівалі атакі сапернікаў, а наперадзе знаходзіў і рэалізоўваў свае шанцы ігрок з прыкметнай шавялюрай і сёмым нумарам на майцы – Аляксей Рудзянок, незадаволенасць балельшчыкаў была толькі ў тым, што трэнер выпускаў іншых нашых мясцовых хлопцаў – Даўбейку, Палешчука, Рубіна, Каракіна – толькі пад канец сустрэч на замену. І калі матч складваўся не зусім удала, здавалася, выйшлі б раней вядомыя ўсім стаўбчанам футбалісты, і вынік быў бы іншы. А выйшла так, што пакінулі ў сярэдзіне сезона прыезджыя ігракі разам з трэнерам каманду, і ўжо нават намёку на станоўчыя шанцы не стала. Чаму так здарылася, чаму паляцелі «залётныя птушкі», радавому балельшчыку не разабрацца, ёсць футбольны клуб з яго структурай. Аднак жа пацвердзілася: трэнер сабе не вораг і выпускаў на поле тых, хто быў больш гатовы.

Найбольш адчувальным стала расставанне са сваёй камандай (спадзяёмся, часовае) Аляксея Рудзянка. Хуткі, тэхнічны, напорысты, ён прыдасца любой камандзе. І, да прыкладу з іншай оперы, як папракаць артыстычнага талента, калі падмосткі сцэны мясцовага Дома культуры ён зменіць не на ўстанову культуры іншага райцэнтра, а на сталічны тэатр? Толькі б не згубіўся, радаваў талент. Вось як былы капітан стаўбцоўскага «Нёмана-Агра» Аляксандр Карніцкі стаў асноўным іграком футбольнай зборнай Беларусі. Але Рудзянок змяніў Стоўбцы на Смаргонь, чый клуб, як бачым, пакуль далёкі да вяршыні.

І ўвогуле, тэма легіянерская не такая і простая, каб меркаваць: давайце выпусцім на поле толькі сваіх, і яны ўсіх перамогуць. Іншая справа, каго паклікаць, каб ехаў не толькі за «прыстойным рублём», але і меў пэўную прыхільнасць і павагу да раёна, гонар якога ён абараняе. Усё ж на першым плане майстэрства. Вось у мінулым годзе, таксама ў сярэдзіне сезона, пераманілі ў Стоўбцы з Рагачова Сяргея Лагуціна. 20 галоў правёў за сезон нападаючы, большую частку менавіта выступаючы за «Нёман-Агра». Сёлета ж ён вынікова гуляе за ЮАС з Жыткавічаў. Дык вось каманда гэтага палескага горада, якая летась падчас выступлення ў другой лізе набрала за ўвесь сезон толькі адно ачко і якую нашы нёманцы грамілі двойчы – 6:1 і 6:0, цяпер упэўнена стала пераможцай у тым жа турніры. І дабілася права выступаць у першай лізе. Наўрад ці на жыткавіцкіх футбольных палях раптам узышло цэлае пакаленне талентаў, як і ў Гарадзеі, і іншых гарадах і пасёлках, чые рады жывяць пераважна мінчане.

Зразумела, і нашы стаўбцоўскія футбалісты могуць прыбавіць, але без дапамогі вопытных майстроў не абысціся. Калі, вядома, ставіць мэту ў будучым сезоне змагацца за вяртанне з другога ў першы, вышэйшы рангам футбольны клас. А імкнуцца да перамогі – сутнасць спорту, жаданне і спартсменаў, і тых, хто за іх «хварэе», – балельшчыкаў. А яны ў нас верныя сваёй камандзе.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *