Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны два скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Максім Каралёў, Аліса Клімовіч, Ксенія Макарэвіч, Дар’я Тышкевіч, Глеб Чэркашын, Софія Гладкова, Дзмітрый Аўласін і Максім Смоліч.

Зямны шлях закончыўся для васьмі жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі здарэнне ў кватэры па вуліцы Цэнтральнай, 19, у Стоўбцах, дзе з-за курэння ў пасцелі пачалі тлець пасцельныя рэчы.

Міліцыяй зарэгістравана 89 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазроныя. У кватэры па завулку Шпітальным у Стоўбцах нецвярозая грамадзянка падчас сваркі ўдарыла нажом свайго сужыцеля, які атрымаў небяспечныя траўмы. У Сцяцках зламыснік выкраў грошы з дома састарэлай.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратаколы ў адносінах да жыхара Цеснавой і мінчаніна, якія ва ўгоддзях Кульскога лясніцтва незаконна высеклі 22 і 24 дрэвы адпаведна. Ім неабходна кампенсаваць нанесеную шкоду ў памеры 387 і 955 рублёў. Кожнаму пагражае буйны штраф.

Пракуратурай раёна прадастаўлена інфармацыя аб уступленні ў законную сілу прыгавора суда ў адносінах да беспрацоўнага жыхара Мінска, які ажыццявіў незаконную высечку дрэў на тэрыторыі раёна з мэтай продажу і нанёс страты навакольнаму асяроддзю ў буйным памеры. Ён арыштаваны на тры месяцы.

Суд прыгаварыў да 10 месяцаў зняволення 59-гадовую жыхарку Мікалаеўшчыны, якая ўхілялася ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. За абразу аштрафаваны на 69 рублёў член садовага таварыства «Калібр».

ДАІ выявіла 174 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў і дзевяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 34 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана восем ДТЗ. 3-га снежня каля 04.10 на аўтадарозе Стоўбцы–Івацэвічы–Кобрын, паблізу Вечатарова, адбылося ДТЗ, у выніку якога пацярпеў жыхар Старога Свержаня, 1979 года нараджэння. Ён шпіталізаваны ў бальніцу.

«Хуткая» выязджала 216 разоў, у тым ліку сем выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *