Дом – з разлікам на субсідыю

Нумары Соцыум

0912e

Газета ўжо паведамляла, што з 7-га жніўня 2017 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў». У адпаведнасці з ім, пры пабудове ўласнага дома тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, могуць атрымаць дапамогу ў выглядзе адраснай жыллёвай субсідыі. Для яе афармлення трэба звярнуцца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама (кантактны тэлефон – 7-75-04).

У нашым раёне патэнцыяльнымі карыстальнікамі дзяржаўнай падтрымкі, якую дэкларыруе Указ № 240, могуць быць на даны момант 365 грамадзян. Менавіта столькі, паводле апошніх даных, выдзелена жыхарам раёна зямельных участкаў для будаўніцтва індывідуальнага жылога дома.

На найбольш важныя моманты ў рэалізацыі Указа № 240 звяртае ўвагу начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Любоў ЖЫБУЛЬ:

– Адрасныя субсідыі на жыллё прызначаны як для аплаты часткі працэнтаў па крэдыце, так і для аплаты часткі працэнтаў і, адначасова, пагашэння асноўнага доўгу па крэдыце. І першая, і другая формы бюджэтнай кампенсацыі выдаюцца напрамую грамадзяніну (а не банку), які знаходзіцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

– Зразумела, што Указам прадугледжаны кампенсацыі двух відаў і менавіта для тых, хто стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Як вызначаюцца адрасаты аднаго і другога фармату субсідыі?

– Дакументам канкрэтна прапісаны гэтыя катэгорыі грамадзян.

Так, субсідыя, прызначаная на пагашэнне працэнтаў, прадугледжана для льготнай катэгорыі грамадзян, якія пералічаны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 13. На субсідыю «два ў адным» – пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце з сумеснай аплатай часткі працэнтаў – маюць права шматдзетныя сем’і з трыма і больш непаўналетнімі дзецьмі, маладыя сем’і з ліку малазабяспечаных пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) першага і (або) другога дзіцяці, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама грамадзяне, якія з’яўляюцца наймальнікамі жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, і яно было прадастаўлена ім як дзецям-сіротам і дзецям, што засталіся без апекі бацькоў.

– Любоў Міхайлаўна, гэтым пералікам вы ўжо выклікалі цікавасць да субсідыі ў многіх жыхароў раёна, якія стаяць на ўліку і мараць пра хутчэйшае паляпшэнне сваіх жыллёвых умоў. Важна даць уяўленне, як закон дазваляе распарадзіцца субсідыяй?

– Ва Указе агаворана, на што выдаецца субсідыя. Гэта – будаўніцтва жылля ў эканамічных шматкватэрных і блакіраваных жылых дамах, будаўніцтва ці рэканструкцыя аднакватэрных жылых дамоў, рэканструкцыя жылых памяшканняў.

– Ці ёсць такія катэгорыі грамадзян, для каго памер субсідыі эквівалентны асноўнаму доўгу па крэдыце?

– Памер субсідыі ў першую чаргу залежыць ад віду субсідыі і ад таго, да якой катэгорыі адносіцца чалавек, які на яе прэтэндуе.

Да прыкладу, памер субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу (толькі маладым, шматдзетным сем’ям і асобам з ліку дзяцей-сірот) складзе 95 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу па крэдыце пры наяўнасці трох непаўналетніх дзяцей і ўсе 100 працэнтаў, калі ў сям’і чацвёра і больш непаўналетніх дзяцей. Маладым сем’ям пры нараджэнні першага дзіцяці кампенсуецца 10 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу па крэдыце, пры нараджэнні другога дзіцяці – 20 працэнтаў. Субсідыя для асоб з ліку дзяцей-сірот складае 35 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу па крэдыце.

Памер субсідыі на аплату часткі працэнтаў па крэдыце складзе для шматдзетнай сям’і з трыма непаўналетнімі дзецьмі 13,5 працэнта (стаўка рэфінансавання, якая павялічана на два працэнты, але не больш за працэнтную стаўку па крэдыце, устаноўленай крэдытным дагаворам). Аналагічны памер субсідыі будзе для шматдзетных сем’яў, дзе не менш за трое дзяцей ва ўзросце да 23 гадоў, а таксама для дзяцей-сірот. Памер субсідыі для сям’і з чатырма і больш дзецьмі – 14,5 працэнта, для іншых грамадзян, якія трапляюць пад Указ, – 9,5 працэнта.    

Памер субсідыі можа мяняцца ў выпадку, калі адбываецца змяненне складу сям’і.

– Патлумачце, які механізм выдачы субсідыі?

– Яна выдаецца строга пры падыходзе чаргі тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і адносіцца да катэгорыі малазабяспечаных. У такім выпадку грамадзянін звяртаецца з заявай аб прадастаўленні яму субсідыі ў райвыканкам, менавіта ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля Зянько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *