Да інклюзіўнага грамадства – разам

Нумары Соцыум

0912f

Амаль два дзесяцігоддзі Іосіф Чарняўскі працаваў у сельгаставарыстве «Рубяжэвічы» вадзіцелем, быў працоўным аўтарытэтам для сваіх таварышаў, праехаў на грузавіку па шматлікіх дарогах. Гэты звычны рытм парушыла выпадковасць. Атрымаўшы траўму, стаў інвалідам па зроку, і з любімай работай прыйшлося развітацца. Ды не скарыўся, не застаўся без занятку. Іосіф уладкаваўся мясцовым сацыяльным работнікам, дапамагае тым, хто трапіў у нялёгкія жыццёвыя абставіны.

Фота Васіля Зянько

 

СУМЕСНЫЯ КРОКІ

Сустрэча, якая прайшла ў раённым Цэнтры культуры напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў, сабрала разам органы мясцовай улады, грамадскія і партнёрскія арганізацыі, якія непасрэдна працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Асноўны пасыл яе – толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам прыйсці да інклюзіўнага грамадства.

Сёння на Стаўбцоўшчыне пражывае амаль тры тысячы людзей з інваліднасцю. Сярод іх – 127 дзяцей-інвалідаў, і колькасць іх расце (дзесяць гадоў таму было 111). Іх улікам, абследаваннем матэрыяльна-бытавога становішча займаецца ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». На яго базе дзесяць гадоў таму створана аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое дазваляе праводзіць рэабілітацыю, задавальняць патрэбы людзей з інваліднасцю ў эмацыянальна-асобасных кантактах. З пераездам аддзялення ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс да дзейнасці розных клубаў і гурткоў дабавіліся працоўныя майстэрні – швейная і па вырабе мыла, з дапамогай якіх ажыццяўляецца сацыялізацыя гэтых людзей.

Да слова, у фае Цэнтра культуры была прадстаўлена выстаўка вырабаў, зробленых рукамі людзей з інваліднасцю, і яна чарговы раз пакарыла ўсіх сваёй унікальнасцю, арыгінальным творчым бачаннем. Забягаючы наперад, скажу, што на сцэне выступалі член раённай арганізацыі інвалідаў Віктар Уліч, які прачытаў уласныя вершы, і фальклорны гурт «Яблынька» Стаўбцоўскага раённага цэнтра народнай творчасці. Узначальвае гурт старшыня пярвічнай арганізацыі інвалідаў Навасвержанскага сельсавета Ала Янская. Гурт паказаў прысутным народны абрад «Першы прысад дзіцяці», з якім, дарэчы, выступіў сёлета на «Славянскім базары ў Віцебску» і атрымаў дыплом І ступені. Як заўсёды, аздобілі сустрэчу народны хор ветэранаў «Журавы», артысты раённага Цэнтра культуры.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель адзначыў зацікаўленасць органаў мясцовай улады ў сацыяльнай абароне людзей з інваліднасцю і забеспячэнні іх доступу ў грамадскія месцы. У першую чаргу, гэта ўстановы сацыяльнай сферы, кропкі грамадскага харчавання і т. п. На адным з апошніх пасяджэнняў райвыканкама былі дэталёва прааналізаваны мерапрыемствы, якія дапамогуць у стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Сярод мерапрыемстваў дзяржаўнай сацыяльнай абароны варта назваць аздараўленне ў бягучым годзе адзінаццаці чалавек з інваліднасцю за сродкі дзяржаўнага заказу, ахоп надомным абслугоўваннем 150-ці грамадзян пажылога ўзросту І і ІІ груп інваліднасці, функцыянаванне 40 сацыяльных ложкаў, аказанне адраснай дапамогі розных відаў і т. п.

Сяргей Шэсцель асобна вылучыў ролю грамадскіх арганізацый у рабоце з людзьмі з інваліднасцю. За ініцыятыўную і плённую працу ён уручыў падзякі старшыні райвыканкама Ніне Ганісеўскай, старшыні Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», і Святлане Сікорскай, дырэктару ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі».

На сустрэчы было паказана слайд-шоу з жыцця Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі. На даны момант «пярвічка» бярэ ўдзел у праекце «Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў», ёю створаны дзве групы ў сацыяльных сетках. Ніна Ганісеўская зазначыла, што 31 сям’я, якая ўваходзіць у склад арганізацыі, мае магчымасць атрымаць псіхалагічную, матэрыяльную, сацыяльную і прававую падтрымку. З дапамогай дабрачынных акцый, майстар-класаў, навучальных семінараў, трэнінгаў, паездак і т. п. адбываецца ўцягванне сем’яў у жыццё грамадства.

Напрацоўкамі ў рабоце карэкцыйнага цэнтра падзялілася таксама Святлана Сікорская. Слова было дадзена загадчыку аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Наталлі Макавай, старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Аляксандру Клімашу, старшыні раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірыне Жаўняркевіч, прадстаўніку цэнтральнай раённай бальніцы Іне Кукота.      

Невялікую справаздачу аб рабоце раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, самай вялікай грамадскай арганізацыі ў раёне (налічвае каля 300 чалавек), зрабіла Зінаіда Катлашэўская. Дзейнасць яе будуецца ў адпаведнасці з апошнімі дакументамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і рашэннямі VІ з’езда Беларускага таварыства інвалідаў. Арганізацыяй падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з БРСМ, і на мінулым тыдні было арганізавана першае сумеснае мерапрыемства – круглы стол. Надзённая задача – папаўненне арганізацыі за кошт маладых членаў.

У словах усіх выступоўцаў гучала ўдзячнасць за сумесную работу райвыканкаму, тэрытарыяльнаму і карэкцыйнаму цэнтрам, спонсарам у асобе сельгаспрадпрыемстваў раёна і т. п., што яшчэ раз пацвярджае: у соцыуме важныя ўзаемадзеянне і ўзаемаразуменне.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *