Доўжыць век ветэрана вайны

Дзякуй, салдат! Нумары

Напярэдадні Дня інвалідаў да жыхара Новага Свержаня Анатоля Дзягеля, інваліда Вялікай Айчыннай вайны, завіталі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў. Ад гэтай сустрэчы засталіся ў Анатоля Андрэевіча самыя цёплыя ўражанні. Перапаўняе яго сэрца і ўдзячнасць работнікам Навасвержанскай амбулаторыі, якія заўсёды побач і даюць магчымасць шаноўнаму ветэрану доўжыць свой век.

Анатоль Дзягель з ахвотай адгукаецца на размову, сам любіць нешта ўспомніць і расказаць, распытаць пра жыццё-быццё. Яго жыццё было няпростым, са шматлікімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі. Рос у сялянскай сям’і ў Падзерычах. Нястача была, хадзілі ў лапцях і жылі надгаладзь, хоць і прыходзілася шмат працаваць на зямлі. Вялікай навукі не атрымаў, але і сёння помніць тыя вершы, якія завучваў на памяць у пачатковых класах польскай школы. Не выпадкова, напэўна, будучы прызваным у 1944-м у войска, ён выбраў службу ў польскай арміі. Зіму правялі ў лесе, у зямлянках, а пасля паступіла каманда фарсіраваць Нэйсу, Одэр. Мінамётчык Анатоль Дзягель не шкадаваў сябе ў баях, пра што сведчаць баявыя ўзнагароды на яго грудзях – ордэн Айчыннай вайны, ордэн «За баявыя заслугі». Атрымаў раненне ў руку, але, дзякуй Богу, і сам, і бацька яго вярнуліся з фронту жывымі. А два яго браты не вярнуліся. Старэйшы Віктар загнаў фашыстаў у Берлін і – 8 мая, перад самай Перамогай, – загінуў. Такое цяжка перажыць. Яно не забудзецца і да апошніх дзён…

Шмат што з перажытага круціцца сёння ў галаве Анатоля Андрэевіча, але і сярод гэтага рознага і нелітасцівага ў сваёй сутнасці не гасне ў ім вялікая сыноўняя любоў да самых родных людзей – матулі і таты, а яшчэ – спагада, чалавечнасць і іншыя каштоўнасці, якія спрадвеку цэняцца людзьмі.

У снежні мінулага года Анатоля Андрэевіча віншавалі з 90-гадовым юбілеем. З гэтай нагоды ў Навасвержанскім сельвыканкаме было арганізавана сапраўднае свята. Удзел у ім прынялі органы мясцовай улады, ветэранская арганізацыя, артысты Дома культуры. У ветэрана – сапраўды глыбокапаважаны ўзрост, і ён адчувае вялікую неабходнасць падзякаваць медыцынскаму персаналу. Спецыялісты Навасвержанскай амбулаторыі лечаць яго, даюць палёгку ад болю. Урач Рэгіна Шпіль падчас кожнага прыходу прапануе месца ў асобнай палаце для ветэранаў у цэнтральнай раённай бальніцы. Праўда, Анатоль Андрэевіч увесь час адмаўляецца, бо не прывык пакідаць свой дом. «Нідзе мне лепей, чым дома, не будзе», – сцвярджае ён. Калі што якое, набірае нумар амбулаторыі. Медыцынская сястра Аксана Бохан дала яму нумар і асабістага мабільнага тэлефона. У дамашніх умовах ёй прыходзіцца праводзіць і некаторыя медыцынскія маніпуляцыі.

«У мяне ёсць усё, – кажа ветэран, – абы здароўе не падводзіла». У яго хаце цёпла – грэе газавы кацёл. Чыста. Ветэран хоць і з кіёчкам, але па-ранейшаму абслугоўвае сябе сам. Сын ва ўсім яму дапамагае, забяспечвае прадуктамі. Ён чакае ў госці ўнука з сям’ёю. Дзядуля любіць слухаць радыё і, безумоўна, заўсёды рады суразмоўцу.

Пасля размовы Анатоль Дзягель запрашае на кухню і адкрывае халадзільнік, каб паказаць гасцінцы, якія прывезлі яму з ветэранскай арганізацыі. Апельсіны, сок і іншыя прысмакі. У ветэрана прыстойная пенсія, але нялішнім будзе і перададзены канверт з грашыма.

Галоўнае для ветэрана – увага і зносіны, напоўненыя павагай і сардэчнай цёплынёй.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *