Зварот да вытокаў

Нумары Соцыум

0912g

Прыезд у Мікалаеўшчыну сына і ўнучкі Якуба Коласа

Сёлета наша грамадскасць адзначае 135-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі – Якуба Коласа. У нашай установе адукацыі, якая носіць імя славутага сына беларускай зямлі Якуба Коласа, гэтай даце прысвечаны месячнік «Каласавіны», які ўключаны ў план педагагічнага праекта «Сучасныя падыходы да выхавання ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму і грамадзянскасці сродкамі вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны Якуба Коласа і яго землякоў».

Адным са знакавых мерапрыемстваў месячніка стала сустрэча з сынам і ўнучкай нашага земляка – Міхасём Міцкевічам і Марыяй Міцкевіч. Навучэнцы віталі гасцей аўтарскімі вершамі, прысвечанымі Якубу Коласу, падрыхтавалі інсцэніроўку, правялі завочнае падарожжа «Сцежкамі Коласа».

Мы папрасілі нашага госця падзяліцца сваімі ўспамінамі пра бацьку, а таксама расказаць пра сябе, сваю творчасць. Міхаіл Канстанцінавіч нагадаў малазнаёмыя старонкі з жыцця Якуба Коласа і падзяліўся думкамі аб ролі літаратурных твораў у жыцці чалавека. Амаль паўтары гадзіны гаварыў наш госць, прысутныя ў зале слухалі, стаіўшы дыханне: і пра дзяцінства пад бацькоўскім дахам, і пра станаўленне ў час юнацтва, і пра цяжкасці ваеннага ліхалецця, пра неадольную цягу да кнігі, яе ролю ў выбары прафесіі, пра сяброў, захапленні. Прысутныя лавілі кожнае слова, сказанае сынам песняра, знаёмыя Коласавы радкі, якія даўно ўспрымаюцца як нешта роднае, блізкае, дарагое, з вуснаў Міхася Міцкевіча гучалі па-новаму.

Ён нам быў цікавы і як доктар тэхнічных навук. У актыве Міхаіла Канстанцінавіча больш за 200 публікацый, вынаходніцтваў, патэнтаў. Ён мае шмат лаўрэацкіх узнагарод.

Актыўная жыццёвая пазіцыя прымушала ашчадна адносіцца да часу: агітатар, прафсаюзны актывіст, спартсмен, меў рэспубліканскія і саюзныя рэкорды ў першай Спартакіядзе народаў СССР (стэндавая стральба), стаў майстрам спорту, кіраваў рэспубліканскай спартыўнай секцыяй, сур’ёзна захапляўся фатаграфіяй (па шматлікіх фотаздымках, зробленых М. К. Міцкевічам, можна пісаць гісторыю яго сям’і). Таму надзвычай цікавай і захапляльнай стала для нас прэзентацыя выставы фотаздымкаў «Зварот да вытокаў». Нам, землякам Якуба Коласа, было вельмі цікава не толькі паслухаць пра тых асоб, што занатаваў фотааб’ектыў, але і паспрабаваць пазнаць іх, знайсці падабенства з сучаснымі нашчадкамі паэта.

Што паэтычны, літаратурны дар спадарожнічае Міхаілу Канстанцінавічу па жыцці, мы ўпэўніліся падчас сустрэчы. Шаноўны госць чытаў уласныя эпіграмы, бацькавы вершы.

Гаворачы пра сучасную Беларусь, Міхаіл Канстанцінавіч зазначыў, што людзі, якія галубяць сваю мову, не павінны знікаць. Патрэбна шанаваць сваю гісторыю, заставацца беларусам заўсёды, каб не страціць сваёй нацыянальнай самасвядомасці.

Марыя Міцкевіч расказала прасутным пра тое, што творы яе славутага дзеда вядомы ва ўсім свеце, яны перакладзены на рускую, польскую, англійскую мовы. Марыя Міхайлаўна шмат робіць для ўшанавання памяці Якуба Коласа, нягледзячы на тое, што не вельмі добра яго памятае: ёй было пяць гадоў, калі Якуба Коласа не стала. Не прамінула госця згадаць яшчэ пра аднаго славутага родзіча – Язэпа Лёсіка, бо менавіта дзень нашай сустрэчы супаў з днём яго нараджэння. Гэта родны дзядзька Якуба Коласа – беларускі пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог, нацыянальны і палітычны дзеяч, акадэмік Акадэміі навук БССР.

Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. Сустрэча была насычана змястоўнай гутаркай, вясёлымі жартамі. Напрыканцы госці падаравалі ўстанове адукацыі зборнік вершаў Якуба Коласа і ўспамінаў пра паэта яго родных і блізкіх.

Госці нікому не адмовілі ў аўтографе і магчымасці сфатаграфавацца з імі.

Пасля сустрэчы Міхаіл Канстанцінавіч і Марыя Міхайлаўна прайшліся па кабінетах, наведалі школьны літаратурна-этнаграфічны музей «Спадчынны куток» (дарэчы, Міхаіл Канстанцінавіч прысутнічаў пры яго адкрыцці) і высока ацанілі тыя старанні, што прыкладаюць навучэнцы і педагогі, каб захаваць памяць пра іх славутага земляка і самабытнасць установы адукацыі.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ, педагог-арганізатар, Алена МАЛЯЎКА, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Мікалаеўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Якуба Коласа



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *