Арыгінальныя ідэі сямейнага конкурсу

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

0912c

Упершыню ў Стаўбцоўскім аб’яднанні камунальных службаў прайшоў конкурс «Свята восені», арганізаваны па ініцыятыве прафсаюзнага камітэта прадпрыемства. Прыняць удзел у ім знайшлося нямала жадаючых. Калі ўсе прынеслі з дому свае дэкаратыўныя вырабы і кулінарныя стравы, прыйшлося шукаць для выстаўкі дадатковы стол.

Кожная прадстаўленая работа адрозніваецца творчай выдумкай, увасобленай з дапамогай дароў восені і звычайных спадручных матэрыялаў, а таксама імкненнем здзівіць, і таму вартая асобнай увагі.

Так, эколаг прадпрыемства Таццяна Жылінская прысвяціла восені адмысловае пано, якое вырабіла са скуры і гіпсу. Прыгожую асеннюю кампазіцыю з яблыкаў і вінаграду, вырашчаных ва ўласным садзе, прапанавала спецыяліст аддзела кадраў Вольга Кужаль. Намеснік галоўнага бухгалтара Алена Цярлецкая з мастацкім густам напоўніла карзіну рознымі фруктамі, ягадамі і… колерамі восені.  

Начальнік участка кацельнай гаспадаркі Таццяна Ермаковіч выпекла торт у выглядзе вожыка і ўпрыгожыла яго садавіной. Розных лясных звяркоў навыразала з гарбуза і кабачкоў начальнік участка грамадзянскага абслугоўвання насельніцтва Рэгіна Лянцэвіч. Адметна, што дапамагалі ёй падчас творчага працэсу ўнукі –Назар і Вікторыя. Сваю лясную фантазію стварыла бухгалтар-касір Алена Раманейка разам з сынам Кірылам. У сакратара прыёмнай Ірыны Янскай і яе сына Цімафея атрымаліся дзіўныя ружы з… кляновага лісця.

Пад лісточкамі і сасновымі галінкамі на падносе схаваўся далікатэс – апетытная піца. Выпекла яе бухгалтар Ларыса Варанкова, а яе муж, начальнік участка Валерый Красоўскі, назбіраў грыбоў і, такім чынам, забяспечыў страве лясны водар.

Адразу тры вырабы прадставіла на конкурс бухгалтар Марына Капейчанка. Тут ёсць ядомае і неядомае, а найбольш арыгінальная ідэя звязана з гарбузовай лодачкай, у якой плывуць цыбулінкі-чыпалінкі. Падказалі яе бабулі ўнукі – Ілля, Анастасія і Аляксей. Дзве работы – ад загадчыка лабараторыі і старшыні прафкама Веры Друзь. Іх яна стварала таксама не адна, а разам з унукам Данілам. Сімвалічна выглядае рабінавае дрэва, якое ўвасабляе сабою прадпрыемства, на якім яны працуюць.  

– У кожнай рабоце – столькі фантазіі, творчасці! Такое свята восені прайшло на нашым прадпрыемстве ўпершыню. Ініцыятыву вылучыў прафсаюзны камітэт, а дырэктар падтрымаў яе, – падкрэслівае Вера Друзь. – Мы ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся і прыняў удзел у конкурсе. З боку прафкама рыхтуем сюрпрызы для творчых гаспадынь. У гэтым конкурсе ўсе ўдзельнікі – пераможцы.

Раніца ў АКС у дзень конкурсу запомніцца надоўга. Здаецца, яна была звычайнай, рабочай, але выклікала столькі станоўчых эмоцый, усмешак, падарыла ўсім добры настрой.      

– Дары восені самі просяцца ў рот, таму разам будзем адзначаць свята восені, што паслужыць згуртаванню калектыву і дасць магчымасць абмеркаваць новы конкурс, які плануем правесці да Новага года, – адзначыла Вера Друзь.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *