Мастацкае прывітанне гасцям «Еўрагульняў-2019» і ад юных стаўбчан

Адукацыя Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

0912d

Гэтыя сімпатычныя персанажы – мастацкае ўвасабленне творчых задум вучняў, якія займаюцца ў народнай студыі выяўленчага мастацтва «Вясёлка» Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Юныя мастакі падтрымалі прапанову аб удзеле ў рэспубліканскім конкурсе па стварэнні талісмана Еўрапейскіх спартыўных гульняў, якія пройдуць у 2019 годзе ў сталіцы Беларусі Мінску. Нагадаем, што талісман, як адзначана ў палажэнні аб конкурсе, павінен адпавядаць слоганам «Яркі год, яркі ты», «Час яскравых перамог». І ўвасабляецца ідэя ў эскізах, малюнках, якія дасылаюцца на адрасы арганізатараў конкурсу, пазначаныя ў інтэрнэце.

Разам з вядомымі, прафесійнымі мастакамі ўдзел у конкурсе прымаюць навучэнцы школ і ўстаноў з мастацкім ухілам. Вельмі прыемна, што сваё бачанне вобразаў талісмана праявілі і юныя стаўбчане, удзельнікі мастацкай студыі пад кіраўніцтвам Т. В. Несцярук.

Тэматыка прапанавана наступная – героі мультфільмаў ці вобразы сапраўдных спартсменаў з іх марай аб перамогах у спаборніцтвах. І дзеці пастараліся, праявілі свае здатнасці.

Вось сімпатычнае «Лісяня» – рознабаковая спартсменка, як бачыць яе Паліна Стаднік. «Цяжкавагавік Андрэй», як лічыць Ульяна Гамза, яшчэ здольны да пакарэння рэкордаў. І яшчэ лісяня, якое таксама можа здзівіць спартыўнымі дасягненнямі. Гэта пацвярджае малюнкам Марта Чарняўская. Для сваёй гімнасткі Хрысціна Плотнікава падабрала назву «Маладая змена».

Цікавыя тэмы, задумы – няхай яны ўвасабляюцца ў творчых знаходках юных мастакоў. Вядома, кожны ўдзельнік марыць аб перамозе ў такім прэстыжным конкурсе. Ёсць тут і заманлівыя прызы. Аўтар найлепшага эскіза атрымае пакет білетаў на самыя відовішчныя мерапрыемствы спаборніцтваў. У якасці прызоў будуць выдзелены камплекты экіпіроўкі спартсменаў нацыянальнай зборнай Беларусі.

Зразумела, патрабаванні да стваральнікаў эскізаў вельмі высокія. Найлепшыя работы ўвасобяцца ў эмблемы, значкі, сувеніры для ўдзельнікаў і гасцей Еўрагульняў. Аднак жа, нездарма будучыя Еўрагульні называюць Алімпіядаю, а дэвіз Алімпійскіх гульняў наступны: важная не толькі перамога, а і ўдзел у дзеі, якая на слыху ва ўсёй краіны.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *