Для дабрабыту людзей

Калонка дэпутата Нумары

1312

На прыём грамадзян да члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалая Радамана звярнуліся восем чалавек. Два пытанні насілі індывідуальны характар. Яны патрабуюць дэталёвага вывучэння і разгляду.

Жыхарка г. Стоўбцы М. звярнулася да Мікалая Вячаслававіча з вельмі набалелым і хвалюючым для яе пытаннем. Жанчына пражывае адна, сваякоў ці блізкіх людзей у яе няма. Паводле Указа Прэзідэнта № 75 карыстаецца льготным крэдытам на капітальны рамонт дома. Жанчына мае чэкі «Жыллё» і хацела б іх праіндэксаваць. Што ёй рабіць з гэтымі чэкамі, куды звярнуцца?

–             На жаль, дапамагчы вам у гэтым пытанні мы не можам. Чэкі «Жыллё» індэксуюцца пры іх выкарыстанні грамадзянамі і членамі іх сем’яў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, для аплаты паявога ўзносу ў жыллёвым ці жыллёва-будаўнічым кааператыве, фінансавання індывідуальнага ці калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыі жылых дамоў, долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве, пакупкі жылля, а таксама для пагашэння запазычанасці па крэдытах банка (уключаючы выплату працэнтаў за карыстанне імі) і пазыках юрыдычных асоб, ужытых і выкарыстаных на ўказаныя мэты (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15.11.2006, № 1529 «Аб мерах па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 2006 г. № 13»), – растлумачыў Мікалай Радаман.

Грамадзяніна Я. з вуліцы Мічурына г. Стоўбцы хвалюе пытанне работы АКС: рамонт лазні ў г. Стоўбцы, грэйдзіраванне вул. Мічурына, адкрытыя водакалодзежы па вул. Гайдука.

Мікалай Радаман даручыў на працягу трох дзён прагрэйдзіраваць вуліцу і ўстанавіць накрыўкі на водакалодзежы на працягу двух дзён. Наконт рамонту лазні дырэктар АКС Д. Мурын растлумачыў: «Лазня рамантуецца тры тыдні. На наступныя выхадныя (16-17 снежня) лазня будзе працаваць». Што ж, будзем чакаць «лёгкай пары».

Наконт звароту да члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытанні ўключэння лазняў у сацыяльна значныя аб’екты, якія датуюцца з бюджэту, Мікалай Радаман паведаміў, што ён напісаў пісьмо ў Савет Рэспублікі. Цяпер зварот знаходзіцца ў Савеце Міністраў і будзе разгледжаны на сесіях да канца бягучага года.

Грамадзянін Д. з вёскі Старына Стаўбцоўскага раёна цікавіўся, ці можа ён карыстацца вадзіцельскім пасведчаннем Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі. Таксама падымаў пытанні грэйдзіравання і асвятлення вуліц Лугавой і Школьнай у в. Старына, адкрыцця аўтобуснага маршрута Стоўбцы – Старына (ці праездам праз Старыну) у абедзенны час.

Старшыня савета ветэранаў Старасвержанскага сельсавета У. І. Шчарбацэвіч прыехаў на прыём да Мікалая Вячаслававіча са словамі падзякі за станоўчае вырашэнне пытання аб выдзяленні ААТ «Агранёманскі» збожжа ветэранам вайны і працы.

Падводзячы вынікі працы, Мікалай Вячаслававіч рэзюмаваў: «Да мяне як члена Савета Рэспублікі на прыём прыйшлі грамадзяне па пытаннях работы ЖКГ, але гэтыя пытанні павінны хутка вырашыцца, бо з такімі праблемамі, як грэйдзіраванне, прывядзенне ў належны стан калодзежаў, патрэбна звяртацца ў мясцовыя адміністрацыйныя органы кіравання. Ёсць пытанні і вельмі важныя, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і вырашэння на ўзроўні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Радуе, што мясцовая адміністрацыя прыслухоўваецца да маіх заўваг і пажаданняў і што мы сёння ў тандэме працуем для дабрабыту людзей».

P. S. У той жа дзень, калі праходзіў прыём грамадзян, работнікі Стаўбцоўскага АКС прагрэйдзіравалі вул. Мічурына і закрылі водакалодзеж па вул. Гайдука ў Стоўбцах.

Усе пытанні, што падымаліся падчас прыёму грамадзян, узяты на кантроль і будуць разгледжаны ў межах заканадаўства.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *