Узровень «Праменя» – па нарастаючай

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Падпісная кампанія на 2018 год у аддзяленні паштовай сувязі ў Шашках вылучаецца актыўнасцю і адданасцю раённай газеце.

Сярод розных газет і часопісаў, якія выпускаюцца ў нашай рэспубліцы і на прасторах СНД, «Прамень» – асабліва блізкі. Падпіску на яго афармляюць, як правіла, дзве сотні і больш вяскоўцаў, прычым, як заўважае начальнік аддзялення з амаль трыццацігадовым паштовым стажам Тамара Дударэвіч, гэты працэс пастаянна ідзе з плюсам, па нарастаючай – папулярнасць раённай газеты трымаецца на вышыні.

У Шашках і іх ваколіцах заўсёды актыўныя падпісчыкі – настаўнікі мясцовай школы, работнікі Шашкоўскага сельвыканкама, торфабрыкетнага завода «Нёман», ААТ «Шашкі». Сярод першых падпісчыкаў – і калектыў аддзялення паштовай сувязі. Не адстаюць ад іх і вяскоўцы, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Так, нельга ўявіць без стосу газет і часопісаў дамы Рымы Бабіч, Зоі Рослік, сям’і Алы і Аляксандра Зубцоў, Фёдара Дзям’янкі. Большасць вяскоўцаў выпісвае газеты самым зручным спосабам – праз паштальёна дома, але некаторыя, хто жыве недалёка, – любяць прыйсці ў аддзяленне.

Некалькі месяцаў таму ў калектыў шашкоўскіх паштавікоў улілася малады паштальён Алёна Амарава. Ёй дастаўся ўвесь аграгарадок Шашкі – якраз той участак, які раней абслугоўвала Вольга Сай. Вольга Іванаўна пераведзена на пасаду аператара аддзялення. Вакансія ўтварылася ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак Святланы Ермаловіч. Унікнуць у работу маладому паштальёну дапамагае яе вопытная калега Ірына Галабурда, паштальён з больш чым 30-гадовым стажам, якая абслугоўвае жыхароў Старыны і Ругайца. Ірына Францаўна – старажыл аддзялення, асоба з багатым творчым патэнцыялам, прыгожы голас якой гучыць у песнях са сцэны мясцовага Дома культуры.

Хутка Новы год, таму жыхары аграгарадка часцей звычайнага завітваюць на пошту. Перадсвяточныя клопаты звязаны з такімі паслугамі, як заказ Дзеду Марозу падарункаў і віншаванняў, набыццё віншавальных паштовак, навагодніх цацак і ўпрыгажэнняў на ёлку. Запатрабаваная аплата крэдытных, камунальных і іншых паслуг. Устаноўленыя тэрміналы дазваляюць здымаць грошы па банкаўскіх картках Беларусбанка і Аграпрамбанка. У сувязі з развіццём інтэрнэт-гандлю ў аддзяленні шмат атрымальнікаў пасылак. Вялікі попыт на тавары народнага спажывання, якія прапануе аддзяленне. Сярэднямесячны тавараабарот тут складае не менш за чатыры тысячы рублёў.

Пры прадастаўленні сучасных паслуг паштавікі асвойваюць новыя камп’ютарныя праграмы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *