Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

1312a

Анатолій Дарашчук працуе аператарам па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Агранёманскі». Тры гады завіхаецца малады чалавек на МТФ «Дразды» і за гэты час набыў пэўны вопыт. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе цялят па групе, якую даглядае і корміць разам з каляжанкамі Любоўю Велясніцкай і Верай Халявінскай, складаюць звыш 700 грамаў. Анатолій Валер’евіч добрасумленны і адказны работнік, карыстаецца павагай у калектыве. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай жывёлавода. Яго фотаздымак занесены на Дошку гонару сельгаставарыства.

 

ГАЛШЦІНА-ФРЫЗСКАЯ ПАРОДА –САМАЯ ВЫСОКАЎДОЙНАЯ

У ААТ «Вялікі Двор» з пачатку года атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы 7364 кілаграмы малака, прыбаўка да адпаведнага перыяду летась склала 538 кілаграмаў. З улікам надою апошняга месяца велікадворскія жывёлаводы ўшчыльную набліжаюцца сёлета да васьмітысячнага рубяжу.

– Дабіцца высокага выніку нашым працаўнікам дазволіла належнае кармленне жывёлы, – расказвае галоўны заатэхнік таварыства Міхаіл Мікуліч. – Кармоў у нас нарыхтавана дастаткова, усе яны высакакласныя. Закупляем дабаўкі і прэміксы. Рацыёны строга збалансаваны па пажыўных рэчывах з прымяненнем камп’ютарнай праграмы «Карал». Кормім кароў згодна з іх прадукцыйнасцю. Прыгатаваныя кормасумесі раздаюцца з дапамогай кормараздатчыка чатыры-пяць разоў на дзень.

– Міхаіл Барысавіч, як вядома, дойны статак таварыства, да таго ж, мае высокі генетычны патэнцыял.

– Так. Мы стваралі дойны статак, праводзячы штучнае асемяненне, на працягу сарака гадоў. Каровы нашы галшціна-фрызскай пароды – самай папулярнай і высокаўдойнай ў свеце. Зазначу, аднак, што яны патрабуюць да сябе асаблівага падыходу: каб атрымаць высокі надой, іх трэба правільна карміць. У адваротным выпадку жывёла можа захварэць, і тады палову кароў прыйдзецца выбракаваць. Таму мы стараемся строга выконваць правілы кармлення. І жывёла аддзячвае высокімі надоямі. Трэцяя частка рагуляў дае пасля ацёлу штодзень ад 30 да 50 кілаграмаў малака кожная. Гадавы надой можа дасягаць дзесяці тысяч кілаграмаў. І такія каровы ў нас ёсць. Палепшыліся, што вельмі важна, і ўмовы ўтрымання жывёлы.

– Менавіта на малочнатаварнай ферме «Вялікі Двор», перадавой у раёне. А ці плануецца праводзіць рэканструкцыю пад сучасныя тэхналогіі на МТФ «Асіпаўшчына»?

– Так. За апошнія чатыры гады там пабудаваны тры новыя жывёлагадоўчыя памяшканні з беспрывязным утрыманнем жывёлы, у якіх створаны належны мікраклімат. Каровы ходзяць на прагулкі ў выгульныя двары, доступ да кармушак свабодны. Штодзень з кароўніка выдаляецца гной і завозіцца салома на падсцёл. Для выканання даных работ спецыяльна замацаваны два трактары. За кошт камфортных умоў маем прыбаўку малака да 16 працэнтаў. Вытворчасць малака ў гаспадарцы даволі высокая, будзем старацца і надалей павялічваць паказчык. Якасць прадукцыі таксама на ўзроўні. Аднак да стапрацэнтнай рэалізацыі на малаказавод сыравіны гатункам «экстра» крышку недацягваем, хоць і стараемся. Недабор складае каля трох працэнтаў ад агульнай колькасці адгружанага перапрацоўшчыкам малака. «Падводзіць» МТФ «Асіпаўшчына», дзе жывёлагадоўчыя памяшканні не прыстасаваныя для ўтрымання такіх высокаўдойных кароў – там цеснавата, некамфортна. Таму і надой меншы, і якасць малака ніжэйшая. З гэтай фермы дойны статак паступова будзе пераводзіцца на новую. Там узводзіцца яшчэ адзін «клюшачнік» пад утрыманне жывёлы па сучаснай тэхналогіі, дзе будуць вырошчвацца і раздойвацца цялушкі. Такім чынам, практычна ўсё малочнае пагалоўе будзе сканцэнтравана ў Вялікім Двары. Зараз на абедзвюх фермах налічваецца звыш тысячы кароў – аптымальная колькасць.

– Міхаіл Барысавіч, вядома, што ладзяцца справы і на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы. Вытворчасць ялавічыны ў гаспадарцы ўвогуле рэнтабельная. За кошт чаго такі паказчык дасягнуты?

– Комплексу дваццаць пяць гадоў, і ў згаданым вытворчым падраздзяленні дакладна адпрацавана тэхналогія, якая вытрымліваецца. Людзі працуюць сумленна. Работнікамі пастаянна дасягаюцца высокія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы: на адкорме яны складаюць 900 грамаў, на дарошчванні – 750 грамаў.

Рэнтабельнасць, а менавіта на комплексе яна складае 18 працэнтаў, дасягнута за кошт належнага кармлення жывёлы, прычым кармамі ўласнай вытворчасці. Яны недарагія, бо эфектыўна працуе наша агранамічная служба. У раслінаводстве вырошчваюцца высокія ўраджаі збожжавых, прапашных культур і траў. Пакупных кармоў мала – мінеральна-вітамінныя дабаўкі і шрот. Быкі здаюцца на мясакамбінат высокімі кандыцыямі, а значыць, і цана на мяса ялавічыны вышэйшая. Аптымізаваны штат жывёлаводаў. Хачу падкрэсліць, што тры тысячы галоў, якія ўтрымліваюцца ў жывёлагадоўчых памяшканнях на комплексе, корміць адзін механізатар – на кормараздатчыку працуе Міхаіл Жыжка. Варта адзначыць і Аляксандра Тарабэша, які забяспечвае кармленне ўсяго дойнага статка. Дарэчы, у нашым таварыстве і самы нізкі ў раёне сабекошт вытворчасці малака.

 

ДАПАМОЖА УГД-СКАНАР

Стаўбцоўскай раённай ветстанцыяй набыты за кошт раённага бюджэту УГД-сканар Boviscan. Гэты партатыўны ўльтрагукавы прыбор прызначаны для ранняга выяўлення цельнасці кароў і паэтапнага праследжвання цяжарнасці. З яго дапамогай можна таксама дыягнасціраваць развіццё паталогіі ў жывёлы, якую немагчыма выявіць іншым метадам, што дазваляе павысіць эфектыўнасць праведзенага лячэння. Даследуючы жывёлу сканарам, можна прагназаваць зыход хваробы задоўга да таго, як з’явяцца незваротныя перамены, і, такім чынам, своечасова правесці яе выбракоўку. Прыбор ужо прайшоў выпрабаванне на МТФ «Дразды» ААТ «Агранёманскі». Ветэрынарнымі ўрачамі ацэнены яго вартасці: прастата ў выкарыстанні, дакладнасць пастаноўкі дыягназу і эканомія рабочага часу падчас абследавання.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *