У сельгаставарыствах

Нумары Сельская гаспадарка

САЛОДКІЯ ГЕКТАРЫ

Буракасеючымі гаспадаркамі раёна сёлета перавыкананы дзяржзаказ па пастаўках салодкіх каранёў на Гарадзейскі цукровы камбінат. Усяго да канца года перапрацоўшчыкам будзе рэалізавана звыш 143 тысяч тон сыравіны ў заліковай вазе. У раёне вырошваюць цукровыя буракі дзевяць сельгаспрадпрыемстваў. Пад гэтай прапашной культурай было занята тры тысячы гектараў. Ураджайнасць цукровых буракоў атрымана даволі высокая, у сярэднім кожны гектар аддзячыў 516,7 цэнтнера. Удалося вырасціць і сабраць высокі ўраджай дзякуючы шчырай працы аграрыяў, строгаму выкананню тэхналогіі вырошчвання цукровых буракоў. Паспрыяла буракаводам і надвор’е. Самая высокая ўраджайнасць, як і ў папярэднія гады, атрымана ў ААТ «Вялікі Двор», дзе накапана 650 цэнтнераў з гектара. Варта таксама адзначыць, што ў гэтай гаспадарцы з году ў год цукровыя буракі рэнтабельныя. Другі і трэці паказчыкі ў ААТ «Рубяжэвічы» і «Радзіма Якуба Коласа», адпаведна 589 і 584 цэнтнеры. Цукрыстасць каранёў вышэйшая за базісную і складае па раёне 16,8 працэнта, а ў ААТ «Вішнявецкі-агра» – амаль 17,2 працэнта.

 

У РЭЖЫМЕ РЭВЕРСА

Уборка кукурузы ў гаспадарках раёна сёлета затрымалася, і пасля працяглых асенніх дажджоў праходзіла ў складаных умовах – на некаторых участках камбайны не маглі праехаць. Таму ў СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» кукурузу на сілас на пераўвільготненых глебах убіралі з дапамогаю магутнага энерганасычанага трактара «Беларус-3522». Нестандартны выхад прапанавалі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. А іменна, была скарыстана магчымасць данай тэхнікі працаваць у рэжыме рэверса: трактар мае дадатковую рулявую калонку, дубліраванае кіраванне счапленнем, тармазамі, падачай паліва і спецыяльнае паваротнае сядзенне для работы «задам-наперад». Ад кормаўборачнага камбайна КПК-3000 ззаду трактара прычапілі паўнавясную жняярку, што дазволіла ўбраць кукурузу максімальна.

 

НА АДПАВЕДНАСЦЬ СТАНДАРТУ

У раслінаводчай галіне раёна апошнім часам надаецца вялікая ўвага насенняводству шматгадовых траў. Сельгаспрадпрыемствамі намалочана сёлета 147,2 тоны бабова-злакавых траў. Больш за іншых у ААТ «Агранёманскі» – амаль 50 тон. Няблага спрацавалі ў гэтым плане агранамічныя службы ААТ «Шашкі», «Вялікі Двор» і «Рубяжэвічы». На складах гаспадарак актыўна вялася яго ачыстка, і пасля дасушвання атрымана 86 тон насення, якое зараз даводзіцца да адпаведных кандыцый. У шэрагу сельгаставарыстваў гэтая тэхналагічная аперацыя выконваецца на ўласных спецыяльных машынах, іншыя карыстаюцца паслугамі, якія прадастаўляюць ТАА «Насенне траў», Уздзенскі райаграсэрвіс і іншыя. Гэтымі днямі насенне паступае на праверку на адпаведнасць патрабаванням пасяўнога стандарту ў раённую дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, якую, паводле слоў начальніка Таццяны Шапецька, да канца года плануецца завяршыць.

 

ВЫСАКАЯКАСНАЯ СЫРАВІНА

Для вызначэння якасных паказчыкаў малака на малаказаводах праводзіцца некалькі даследаванняў. Мікрабіялагічнае – на яго бактэрыльнае засейванне (рэдуктаза). Бярэцца проба на ўтрыманне ў сыравіне колькасці саматычных клетак. Сычужна-брадзільная робіцца на прыдатнасць малака для вырабу сыроў. Вельмі важны і такі фізіка-хімічны паказчык, як тэрмаўстойлівасць – прыдатнасць да высокатэрмічнай апрацоўкі. Для кожнага класа малака існуюць спецыяльна вызначаныя нарматыўныя паказчыкі, згодна з якімі сыравіна адносіцца да гатунку «экстра», вышэйшага або першага. І аплата за кожны адпаведная. Малако з палепшанымі, звышнарматыўнымі паказчыкамі, перапрацоўшчыкі называюць «суперэкстра» і плацяць за яго больш. Такое малако выкарыстоўваецца пераважна для вырабу дзіцячага харчавання. З нашага раёна на ААТ «Мінскі малочны завод № 1» пэўную колькасць такой высакаякаснай сыравіны пастаўляе ААТ «Каганец».

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *