Абслугоўванне

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

1312e

ТАКІ НАДЗЕЙНЫ ТЫЛ

Сярод шматлікіх рабочых месцаў аграпрамысловай вытворчасці вельмі важным застаецца ўчастак харчавання ўдзельнікаў сельскагаспадарчых кампаній. У ААТ «Дзераўное» падчас уборкі збожжавых паварам даводзілася рыхтаваць штодзень да ста абедаў, і рабочы дзень пачынаўся ў работнікаў сталовай не пазней, чым у камбайнераў.

Да позняй восені загадчыца сталовай Людміла Машлякевіч і повар Наталля Грыгарцэвіч, якіх вы бачыце на здымку, кармілі механізатараў смачнымі абедамі, аздобленымі апетытнай зелянінай, якую вырасцілі самі . У сельскай гаспадарцы адна кампанія змяняецца другой. Механізатары і іншыя ўдзельнікі сельскагаспадарчых работ па-ранейшаму могуць харчавацца ў сталовай.

Кіраўніцтва сельгаставарыства ўкладвае сродкі і ініцыятывы для развіцця сталовай, каб можна было працягваць аказанне тых, што прыжыліся, і новых паслуг з папаўненнем казны гаспадаркі. З гэтай мэтай закуплена новая мэбля, вялікі аб’ём работ зроблены па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Гэтыя новаўвядзенні радуюць працаўнікоў гаспадаркі, матывуюць да прыкладання сваіх старанняў і творчасці ў паўсядзённую працу.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ІНТЭРНЭТ

Кампанія «Белтэлекам» і яе структурнае падраздзяленне на тэрыторыі раёна, Стаўбцоўскі занальны вузел электрасувязі, прадастаўляюць абанентам інтэрнэт па сучасных тэхналогіях. Яго перавагі – стабільнасць і даступнасць, што ў прынцыпе і пацвярджаецца вялікай колькасцю карыстальнікаў.

У рэдакцыю звярнулася маркетолаг Анлим.бел – аднаго з правайдараў LTE-інтэрнэту ў Беларусі – Іна Рыкуніна і прапанавала пазнаёміць нашых чытачоў з новай тэхналогіяй падключэння дамашняга інтэрнэту, якая можа быць цікавай у першую чаргу жыхарам прыватных дамоў і офісаў, дзе інтэрнэт не вызначаецца высокімі хуткасцямі.

– Іна Аляксандраўна, што ўяўляе сабой новая тэхналогія, і як яна працуе?

– Гэтая тэхналогія поўнасцю бесправадная. Яна працуе прыкладна так, як і сігнал для мабільнага тэлефона: па ўсёй краіне стаяць вышкі – базавыя станцыі, з іх па паветры перадаецца сігнал на мадэмы, якія стаяць у карыстальнікаў LTE ў прыватных дамах. Сёння ў Беларусі працуюць тры LTE-правайдары: Анлим.бел, МТС і Life.

– Якая хуткасць LTE-інтэрнэту?

– На цяперашні момант яго хуткасць у Беларусі складае да 50 Мбіт/с. Такая хуткасць дазваляе глядзець анлайн-фільмы, падключыць IPTV, скачваць і загружаць вялікія аб’ёмы даных, кантактаваць у сацыяльных сетках і месенджарах. Падключэнне прадастаўляецца на базе 4G-сеткі, стварэннем якой у Беларусі займаецца кампанія BeCloud. Сёння сеткай пакрыты ўсе абласныя цэнтры, многія буйныя і сярэднія гарады і бліжэйшыя да іх рэгіёны. Сетка штогод пашыраецца, у яе дабаўляюцца новыя гарады і сельскія населеныя пункты.

У Стоўбцах ужо больш за год даступны LTE-інтэрнэт для дома, які вырашае праблему тых, у каго няма магчымасці падключыць іншы дамашні інтэрнэт. Гэта добрая падтрымка для ўжо дзеючых у горадзе інтэрнэт-аператараў: ім не трэба думаць, як максімальна хутка пакрыць усю тэрыторыю горада і раёна высокахуткасным інтэрнэтам. Усе неахопленыя тэрыторыі цяпер пакрые LTE-інтэрнэт.

– З дапамогай якога абсталявання падтрымліваецца LTE-інтэрнэт?

– Анлим.бел спецыялізуецца выключна на дамашнім LTE-інтэрнэце і прадастаўляе прафесійныя мадэмы, прыкладна такія ж, якія прывыклі бачыць, да прыкладу, абаненты інтэрнэту ад Белтэлекама. Адрозненне ў тым, што да такіх мадэмаў не трэба весці правады – дастаткова толькі ўключыць у разетку. Уключаны мадэм будзе раздаваць Wi-Fi на ўсе прыстасаванні ў доме.

Каб падключыцца, дастаткова пакінуць заяўку на сайце аднаго з LTE-аператараў і чакаць, пакуль з вамі звяжацца аператар. Да LTE ад мабільных аператараў (МТС і Life) па мадэм патрэбна будзе прыйсці ў бліжэйшы сэрвісны цэнтр, Анлим.бел дастаўляе абсталяванне дадому кліенту.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СУСТРАКАЮЦЬ ЗІМУ КАМУНАЛЬНІКІ І ДАРОЖНІКІ

За апошнія дні лістапада, калі выпаў першы снег, Стаўбцоўскім аб’яднаннем камунальных службаў высыпаны на вуліцы горада 24 тоны супрацьгалалёдных матэрыялаў.

Над гэтым пашчыраваў, у тым ліку і ў начны час, вопытны вадзіцель Леанід Уліч, аўтамабіль МАЗ якога аснашчаны неабходным навясным абсталяваннем. Яго тэхніка праехала па асноўных вуліцах і скрыжаваннях, увага была звернута і на бяспечнасць праезду праз штучныя няроўнасці. Асобная брыгада камунальнікаў была накіравана на ачыстку аўтобусных прыпынкаў. На прыпынках, а таксама побач з ажыўленымі скрыжаваннямі з надыходам зімы з’явіліся кучкі пяску з таблічкамі ці невялікія кантэйнеры з пясчана-саляной сумессю. Каля сарака такіх кантэйнераў набыта АКС у мінулым годзе.

– Нарыхтавана каля 1400 тон супрацьгалалёдных матэрыялаў, тэхніка для ўборкі і пасыпкі вуліц падрыхтавана, – зазначае начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан. – Акрамя аўтамабіляў МАЗ будзе задзейнічана спецыялізаваная тэхніка – пагрузчыкі, грэйдар, трактары. Зацверджаны графікі кругласутачнага дзяжурства персаналу і тэхнікі. З усімі работнікамі праведзены інструктажы па тэхніцы бяспекі. У плане дарожнай бяспекі цесна супрацоўнічаем з аддзелам ДАІ райаддзела міліцыі, – падкрэслівае Валерый Бохан.

Для ачысткі тратуараў і пешаходных дарожак горада ў АКС ёсць два трактары «Беларус-320». На адным з іх працуе малады і ўвішны трактарыст Вячаслаў Гасціла. У калектыве ён добра зарэкамендаваў сябе, стараецца перавыконваць дзённыя заданні.

Дарожнікі ДРБУ № 135, які абслугоўвае сетку мясцовых дарог (а гэта 760 км дарог і 175 км вуліц сельскіх населеных пунктаў раёна), таксама сустракаюць зіму падрыхтаванымі да работы ў зімовых умовах.

Як адзначае дырэктар Вадзім Савіцкі, сёлета ў 100-працэнтным аб’ёме нарыхтаваны супрацьгалалёдныя матэрыялы. Прадугадаць, якой будзе гэтая зіма, цяжка, таму іх назапашана з плюсам адносна мінулагодняга расходу. Для зімовагаўтрымання дарог задзейнічана 26 адзінак тэхнікі, у тым ліку шэсць адзінак аснашчана агрэгатамі для раскідвання пясчана-саляной сумесі. У перыяд з 1-га лістапада, калі было ўстаноўлена дзяжурства персаналу і тэхнікі, да гэтага дня на дарогах ужо пасыпана амаль 500 тон гэтай сумесі. У ДРБУ створаны запас паліва для чатырохдзённай работы.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *