З запрашэннем

Адукацыя Нумары

МАСКВА ЗБІРАЕ ПЕРАМОЖЦАЎ

Народная студыя «Раніца» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў атрымала запрашэнне дэлегаваць пераможцаў І Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Мы – дзеці Космасу» на ўрачыстую цырымонію ў Маскву.

Конкурс зацверджаны Дабрачынным фондам імя Алены Рэрых і Міжнародным цэнтрам Рэрыхаў пры падтрымцы Расійскай акадэміі мастацтваў, Міжнароднай асацыяцыі фондаў міру, Асацыяцыі музеяў касманаўтыкі Расіі, Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, дабрачыннага фонду «Взгляд ребенка».

Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 23 снежня ў Малахітавай зале Цэнтральнага дома вучоных Расійскай акадэміі навук. Ад студыі «Раніца» права прыняць удзел ва ўрачыстасці ў Маскве маюць дзеве сястрычкі Маргарыта і Марына Клімовіч, якія ўдастоены лаўрэацкіх дыпломаў І ступені.

У праграму цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ўваходзіць адкрыццё выставы малюнкаў дзяцей, уручэнне дыпломаў, каталога, каштоўных прызоў з удзелам стыпендыятаў Дабрачыннага фонду імя Алены Рэрых.

 

З ПЕСНЯЙ НАРОДНАЙ

Мы неаднаразова пісалі пра юную выканаўцу народных песень – выхаванку Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў Марыю Тэрзі. Дзяўчынка неаднаразова атрымлівала лаўрэацкія дыпломы на розных спеўных конкурсах.

І вось – зноў перамога. На ІІ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе юных выканаўцаў народнай песні «Жывая крыніца», які адбыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, у малодшай узроставай групе да дзевяці гадоў журы прысудзіла лаўрэацкі дыплом І ступені Марыі Тэрзі.

Адмыслова выканаць канцэртную праграму таленавітай спявачцы дапамаглі канцэртмайстры Наталля Нікалаева і Артур Лапкоўскі. А раскрыць унікальны дар дзяўчынкі, працаваць з ёю, развіваць яе здольнасці выдатна ўдаецца педагогу Алёне Грыбко. І гэтая перамога для іх па праву адна на дваіх.

 

ТАЛІСМАН УДАЧЫ

Апошнімі днямі восені ў Мінску прайшоў Першы адкрыты рэспубліканскі творчы фестываль-конкурс «Талісман удачы». Арганізатарам конкурсу выступіў Беларускі саюз музычных дзеячаў. Журы ўзначаліў кампазітар А. А. Войцік.

Вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў выступалі ў намінацыі «Інструментальная творчасць» (салісты). Дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Анастасія Дзядзейка, Ціхан Ланкевіч, Ганна Абрамовіч. Дыплом лаўрэата ІІІ ступені атрымаў Аляксандр Уласік.

Анастасія Дзядзейка вучыцца іграць на блокфлейце. Займаецца з ёю маладая выкладчыца Юлія Князюк, канцэртмайстар – Людміла Новікава. Дзяўчынка не раз прымала ўдзел у конкурсах, на гэты раз вельмі паспяхова выступіла.

Баяніст Ціхан Ланкевіч і акардэаніст Аляксандр Уласік выступалі ў адной узроставай групе – 9-10 гадоў. Рыхтавала іх да конкурсу выкладчыца Людміла Крамко. Ганна Абрамовіч таксама яе вучаніца. У адрозненне ад хлопчыкаў, яна мае багаты вопыт выступленняў на розных сцэнах. Была лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Наперадзе ў гэтых вучняў – новыя конкурсы, новыя поспехі. Пажадаем ім выдатных выступленняў.

Пр

 

НЕ ТОЛЬКІ ЎРОКІ

Ідзе другая вучэбная чвэрць. Мы стараемся добра вучыцца і цікава адпачываем. На чале з класным кіраўніком Наталляй Чаславаўнай Вільнявец у сваім класе мы стварылі дзве каманды і правялі КВЗ «Казачны дзень». Ад гэтай вясёлай гульні атрымалі асалоду.

Да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа наведалі літаратурны музей паэта ў Смольні, правялі круглы стол «Ведай край, дзе жыў народны пясняр». На занятках аб’яднання па інтарэсах «Літаратурны ветразь» мы чыталі вершы славутага земляка, а таксама ўласныя вершы, напісаныя да юбілею паэта.

Былі праведзены спаборніцтвы паміж навучэнцамі 5-7 класаў па такіх відах спорту, як валейбол, піянербол і баскетбол.

У кожнага чалавека ёсць сваё любімае месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Для мяне такое месца – гэта наша школа.

Максім ПРЫГОЖЫ, член аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *