Што прапагандуе бізнес-супольнасць

Нумары Прадпрымальніцтва

1612

Пытанням развіцця бізнесу і прадпрымальніцтва ў нашай краіне нададзены самы высокі ўзровень, аб чым сведчыць тое, што Прэзідэнт Беларусі 23 лістапада падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які павінен паспрыяць паляпшэнню бізнес-клімату ў краіне і інвестыцыйнай актыўнасці. Быў абноўлены і састаў Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Як заўважыў у адным з інтэрв’ю старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, для стаўбчан вялікі гонар, што ў абноўлены склад Савета ўвайшоў прадстаўнік прыватнага бізнесу на Стаўбцоўшчыне – дырэктар СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» Юрый Звыцэвіч. Гэтае прадпрыемства ў ліку паспяховых не толькі ў раёне, а і ў рэспубліцы. Яно выступае лідарам у вытворчасці прамысловага холаду на прасторах Мытнага саюза ЕАЭС.

З гэтай нагоды мы папрасілі Юрыя Звыцэвіча падзяліцца сваімі думкамі.

Пра бізнес і ролю Савета

Папярэдні Савет па развіцці прадпрымальніцтва працаваў на працягу сямі гадоў. Яго састаў абноўлены на 70 працэнтаў. У Савет увайшлі прадстаўнікі як буйнога і сярэдняга бізнесу, так і грамадскіх арганізацый (да прыкладу, Беларускай асацыяцыі прадпрымальнікаў і прамыславікоў), кампаній у вобласці права, заканатворцы. У цэлым падабралася нядрэнная каманда (26 чалавек) з ліку разнапланавых спецыялістаў. Узначальвае Савет кіраўнік Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Турчын.  

Мне аказаны гонар – запрасілі папрацаваць у даным органе. Раней Савет дзейнічаў пры Савеце Міністраў, цяпер – пры Прэзідэнце краіны, што яшчэ раз падкрэслівае важнасць сферы, якая звязана з развіццём прыватнага бізнесу. Яго ўдзельная вага ў валавым нацыянальным прадукце штогод расце.

Прайшло першае, арганізацыйнае, пасяджэнне Савета. На ім быў выбраны фармат работы: вочныя пасяджэнні (з улікам занятасці членаў Савета) прадугледжаны 1-2 разы ў квартал, а большая частка работы будзе ажыццяўляцца завочна, на аддаленні. На сайце мяркуецца стварыць закрытую пляцоўку для абмеркавання і аператыўнага вырашэння пытанняў, якія ўзнікаюць, выпрацоўкі пэўных рашэнняў. Прадстаўнічасць Савета дазваляе яго членам уносіць свае заўвагі і прапановы ў Кабінет Міністраў, профільныя ведамствы і міністэрствы адносна тых ці іншых законаў, нарматыўных дакументаў.

Задача Савета – працаваць у тым ліку на месцах, у рэгіёнах. Запланаваны выязныя пасяджэнні, каб знаёміцца з бізнесам у рэгіёнах, збіраць неабходную інфармацыю. Свае пажаданні ці ініцыятывы наконт развіцця бізнесу кожны можа накіраваць у Савет напрамую (на сайце Савета ёсць каардынаты, электронныя адрасы).  

Пра эфектыўнасць інвестыцый

Будучы практыкам, добра знаёмым з бізнесам у прамысловай вытворчасці, буду агучваць тыя праблемныя моманты, якія перашкаджаюць яго развіццю. Адна з важнейшых умоў вядзення бізнесу – яго канкурэнтаздольнасць. Паказчык гэты грунтуецца на цане, якасці, лагістыцы. Калі нашы законы дастаткова лаяльныя ў плане адкрыцця бізнесу (танны білет уваходу), то самасцвярджэнне на рынку не абыходзіцца без праблем. У першую чаргу, яны звязаны з мытным заканадаўствам, якое апошнім часам прывязана да агульнай еўразійскай прасторы і адзінага Мытнага кодэкса. Што не задавальняе? Вялікая колькасць дакументаў, незразумелыя тарыфныя базы пры ўвозе матэрыялаў і камплектуючых для ўласнай вытворчасці, што прыводзяць да павелічэння сабекошту і змяншэння канкурэнтаздольнасці. Разам з тым, рэгуляванне на гатовую прадукцыю з-за мяжы іншым разам пабудавана на вельмі камфортных умовах. Міжволі паўстае пытанне: што выгадней – імпартаваць ці вырабляць прадукцыю ўнутры сваёй краіны?  

У развіцці бізнесу часткай канкурэнцыі з’яўляецца стварэнне ўласнай інфраструктурнай базы. Пры будаўніцтве аб’ектаў, аснашчэнні вытворчасці нярэдка можна сутыкнуцца з нормамі, выканаць якія… нерэальна. І другі момант – у тэрмінах. Бізнес сёння настолькі дынамічны, што некалькі гадоў для яго стварэння – замнога. У Еўропе сярэдні тэрмін развіцця прадпрыемства малога ці сярэдняга бізнесу (ад пачатку праектавання да ўводу ў эксплуатацыю) рэдка калі займае больш за год… У нас укладзеныя сродкі могуць ляжаць незавершаным будаўніцтвам тры-чатыры гады.

Пра рызыку і дамоклаў меч

Адна з асноўных задач, якая стаіць перад бізнес-супольнасцю і Саветам, – стварэнне камфортнага, зразумелага, празрыстага асяроддзя гаспадарання. Гэта стварэнне роўных канкурэнтных умоў для ўсіх, гарантыі бяспекі бізнесу. Ідзе шмат размоў аб субсідыярнай адказнасці, якая на даны момант апраўдана насцярожвае многіх інвестараў.

Бізнес – гэта зона высокай адказнасці і такой жа высокай рызыкі, дзе бываюць памылкі, форс-мажорныя абставіны, непрыстойныя дзеянні канкурэнтаў, што заўгодна. Уяўляеш, што ты ходзіш пад гэтым дамоклавым мячом, які можа знішчыць усё на корані. Табе нельга дапусціць банкруцтва прадпрыемства, таму што гэта небяспечна далейшымі наступствамі як для інвестара, так і для дырэктара. Дэкрэтам Прэзідэнта зроблены сур’ёзныя крокі ў бок удумлівага, асцярожнага падыходу да прыняцця рашэння. Калі раней дастаткова было самога факта, то цяпер суд павінен прызнаць наўмысныя дзеянні інвестара ці кіраўніка, накіраваныя на банкруцтва прадпрыемства. Толькі ў такім выпадку наступае субсідыярная адказнасць.

І гэта насамрэч стварэнне больш прывабнага іміджу бізнесу для ўнутраных інвестараў, якія маглі б укласці сродкі ў беларускую прамысловасць і іншыя галіны эканомікі. Мы цяпер тым і займаемся, каб прапагандаваць, паказваць на асабістым прыкладзе, як можна і як трэба працаваць. Цяжкасцяў таксама не трэба баяцца. Без памылак, складанасцяў і нават паражэнняў ніякай перамогі не можа быць.              

Пра аптымізацыю бізнесу

Вытворчасць на СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» адпавядае ўсім патрабаванням і нормам, якія датычаць бяспекі працы на вытворчасці і аховы працы. Таму розныя праверкі не закраналі нас каральнымі мерамі.

Ужо даўно зразумела, што бізнес можна будаваць толькі на законных падставах, з выплатай усіх падаткаў, «белых» заробкаў і з выкананнем у поўным аб’ёме сацыяльнай нагрузкі. Прычым, гэтая нагрузка ў нашай краіне дастаткова лаяльная. Падаткі ў Беларусі не большыя, чым у іншых краінах, у нашых суседзяў і канкурэнтаў. Магчыма, колькасць падаткаў вялікая, але яна паступова скарачаецца.

Ёсць складанасці ў арганізацыі бухгалтарскага ўліку. Хацелася б уніфікаваць гэтую вобласць, таму што і ад яе залежыць канкурэнтаздольнасць. Для малога прадпрыемства ўтрыманне двух-трох работнікаў, якія вядуць бухгалтэрыю, статыстыку, займаюцца справаздачнасцю, – вельмі істотна. Удзельная вага офісных работнікаў у такіх краінах, як Польшча, Чэхія, Венгрыя ў два разы меншая.

Наша задача – падумаць аб аптымізацыі дадатковай нагрузкі, якая не звязана з гаспадарчай дзейнасцю. Любое прадпрыемства павінна імкнуцца да павышэння прадукцыйнасці працы і змяншэння ўсіх выдаткаў, якія не прыносяць дабавачнай вартасці. І гэта не толькі «лішнія» людзі, а і адходы вытворчасці, брак, выдаткі на ўнутраную лагістыку і т. п. Іншым разам чуеш ад новага работніка: «А на ранейшай рабоце можна было пакурыць». А ў нас страты рабочага часу недапушчальныя. Патрабаванні жорсткія, але – справядлівыя, інакш людзі сыходзілі б, мы не мелі б магчымасці інвесціраваць у сваё прадпрыемства. Філасофія беражлівай вытворчасці ўключае ў сябе не толькі рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і грашовых рэсурсаў, а і такога каштоўнага рэсурсу, як час.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *