Пасля салдацкіх будняў – працоўныя

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

1612e

Некалькі тыдняў таму пасля тэрміновай службы вярнуўся дадому, у сваё Наваколасава, Аляксандр Андрыенка. Пераступіў родны парог дэсантнік у блакітным берэце, па-мужчынску падцягнуты, на плячах – пагоны малодшага сяржанта… Непазнавальна змяніўся сын за гэтыя паўтара года – адразу адчула Наталля Валянцінаўна і не змагла стрымаць мацярынскіх пачуццяў…

Паўтара года Аляксандр нёс службу ў Віцебску, у 103-й асобнай парашутна-дэсантнай брыгадзе. Хоць гэта і Беларусь, іх раздзяляла адлегласць у чатыры сотні кіламетраў. Пасля прызыву першая сустрэча адбылася праз 1,3 года службы, у жніўні бягучага года, калі салдат тэрміновай службы быў заахвочаны 15-дзённым кароткатэрміновым адпачынкам. Падчас службы ў Аляксандра быў з сабою мабільны тэлефон, таму званіў дамоў, калі выпадала магчымасць. А гэта ўжо напрамую залежала ад армейскіх будняў. Яны ў дэсантніка, трэба сказаць шчыра, вылучаліся напружанасцю.

Пастаянныя вучэнні, падрыхтоўкі, агляды… Аляксандр расказвае, што ў кастрычніку, прыкладна за месяц да звальнення ў запас, вярнуўся з сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў, якія праходзілі ў Пскове. На тэрыторыі Расіі, акурат падчас вучэнняў, ім былі зроблены два скачкі з самалёта.

– За час службы ў мяне было чатыры скачкі, – дзеліцца падрабязнасцямі Аляксандр. – Самы першы зрабіў у Віцебску, будучы ў каранціне, ужо пасля месяца службы. Ён быў з самалёта АН-2 і, між іншым, з вышыні 850 метраў. Іншыя тры зроблены з 600-метровай вышыні і з самалёта ІЛ-76 МД.

– Страшна было скакаць?

– Як ні дзіўна, нястрашным быў толькі першы скачок… Да кожнага грунтоўна рыхтаваліся. Спачатку адпрацоўвалі іх на модулях, раз ці два на тыдзень была паветрана-дэсантная падрыхтоўка. Допуск да скачкоў давалі тым, хто прайшоў па медыцынскіх, фізічных, псіхалагічных параметрах. Сярод нас было двое хлопцаў, якія не ўдзельнічалі ў скачках з парашутам.

– Аляксандр, а як табе армейскі быт?

– Жылося нармальна. Умовы ў казарме нядрэнныя. Былі тэлевізар, пральная машына. Да некаторых хлопцаў прыязджалі бацькі. Іх адпускалі – на тэрыторыі ёсць альтанкі, дзе можна сустракацца. Са мной у адной роце служыў стаўбчанін Ілья Пялюгін, прызваны на адзін прызыў раней. Вучыліся з ім у Дзяржынскім ліцэі. Са стаўбцоўскіх хлопцаў яшчэ быў Саша Бадун. Сябравалі, адзін аднаго падтрымлівалі.

– На слыху ва ўсіх трагічны выпадак у аб’яднаным вучэбным цэнтры ў Печах. Скажы шчыра, нестатутныя ўзаемаадносіны, ці так званая «дзедаўшчына», былі ў вашай роце, брыгадзе?

– У нас такога не было. Ніхто нікога не ганяў, не патрабаваў грошай і т. п. Заняты былі ўвесь час – гэта факт. Пад’ём – у шэсць раніцы. Зарадка на свежым паветры. Сняданак. Пастраенне. Вучэбна-баявыя заняткі…. Перад нарадам камандзіры давалі паспаць, і ў нядзелю быў дзённы сон, з 16 да 18 гадзін. Вольнага часу ў казарме было нямнога, а вось у палявых умовах, бывала, што і сабрацца маглі разам, паспяваць пад гітару. На памяць у мяне засталіся фатаграфіі…

– А чаго табе не хапала ў арміі?

– Салодкасцяў вельмі не хапала. Хацелася пайсці ў магазін і купіць, але рабіць гэта часта не дазвалялася. Калі прыехаў дамоў пасля службы, мама ўсяго накупіла, нагатавала.  

– Хацеў трапіць у дэсантныя войскі?

– Хацеў служыць у спецназе, у воінскай часці 3214, што ў Мінску. Аднак падчас майго прызыву не было набору ў гэтую часць. Трапіў у паветрана-дэсантныя войскі і не расчараваўся. Навучыўся страляць. Тактычная, агнявая падрыхтоўкі былі маім любімым заняткам, страляць паспрабаваў нават з БТР. Страляў заўсёды выдатна. Навучыўся жыць у калектыве. Добра падцягнуў сваю фізічную форму. У школе займаўся баскетболам, футболам, лыжамі. У спаборніцтвах браў удзел.  

– Чым думаеш займацца?

– У бліжэйшы час пайду працаваць. Да арміі атрымаў у ліцэі спецыяльнасць газаэлектразваршчыка. Праходзіў практыку на Дзяржынскім эксперыментальна-механічным заводзе, папрацаваў там дзесяць месяцаў. Хачу зарабіць грошай, шмат чаго купіць. Мяркую ўладкавацца ў воінскую часць 25819, у пажарнае падраздзяленне. У гэтай часці служыць шмат маіх знаёмых. Да работы – пяць мінут хадзьбы і дзяжурствы – суткі праз двое. Будзе магчымасць яшчэ чым-небудзь заняцца.

– У твае 21 у цябе сапраўды яшчэ ўсё наперадзе. Ёсць магчымасці і ёсць выбар для самарэалізацыі. Што хочаш сказаць моладзі, тым, каго чакае яшчэ служба ў арміі?

– Галоўнае – зарэкамендаваць сябе, паказаць з лепшага боку. Для гэтага трэба рабіць тое, што гавораць камандзіры, і, пажадана, – як мага хутчэй. Армейская дысцыпліна строгая, яна пачынаецца з райваенкамата.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *