Асноўная задача прафсаюзаў – дайсці да кожнага чалавека

Нумары Соцыум

Адбыўся IV Пленум раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, на якім падведзены вынікі работы райкама галіновага прафсаюза і пярвічных арганізацый за справаздачны перыяд і вызначаны асноўныя накірункі дзейнасці на наступны.

З дакладам выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч. Тамара Іосіфаўна згадала, што ў склад раённай арганізацыі ўваходзяць 29 пярвічак, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах 3702 члены прафсаюза. За справаздачны перыяд створана чатыры новыя прафсаюзныя арганізацыі, менавіта недзяржаўнай формы ўласнасці, і работа ў даным накірунку будзе працягвацца. Ёсць і рэзерв павелічэння колькасці членаў прафсаюза.

Прафсаюзны лідар падкрэсліла, што ў ліку самых важных паказчыкаў, якія сведчаць аб узроўні сацыяльна-эканамічнай абароненасці працаўнікоў, – заработная плата. Сярэднямесячная зарплата ў арганізацыях АПК раёна склала з пачатку года 580 рублёў. Найбольш высокі ўзровень у ААТ «Вялікі Двор» – 952 рублі. У трох сельгасарганізацыях, на жаль, яна застаецца ніжэйшай за сярэднераённую.

Актуальнае пытанне – падбор прафсаюзных кадраў. Да гэтай работы падыходзяць адказна, на пасадах старшынь пярвічак людзі, якія ўмеюць працаваць у калектывах. Згодна з планам праводзіцца вучоба прафсаюзнага актыву з удзелам спецыялістаў абласнога камітэта. Пытанні захавання працоўнага заканадаўства на пастаянным прафсаюзным кантролі, яны абмяркоўваюцца на нарадах і планёрках. Важны накірунак работы – ахова працы. Грамадскі кантроль за яе станам ажыццяўляюць 24 грамадскія камісіі і 43 грамадскія інспектары. На перыяд правядзення масавых сельскагаспадарчых работ ствараюцца мабільныя групы.

Асаблівы клопат аб маладых спецыялістах: яны маюць сацыяльныя гарантыі. Цесна супрацоўнічаюць прафсаюзы з грамадскім аб’яднаннем БРСМ. Усіх, хто прыехаў на работу ў раён, урачыста прымаюць у дружную сям’ю спецыялістаў-аграрыяў на свяце «Дажынкі». Наказ і падарункі маладым уручае старшыня райвыканкама. І, як пацвярджае жыццё, – гэта вельмі важна для тых, хто толькі ступае на самастойную працоўную дарогу. З мэтай пацікавіцца ўмовамі пражывання маладых спецыялістаў старшынёй райкама прафсаюза і спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання сёлета былі наведаны ўсе сельгаспрадпрыемствы.

Значная ўвага ў раённай арганізацыі надаецца культурна-масавай рабоце. Праводзяцца спартакіяды, турыстычныя злёты, конкурсы, здзяйсняюцца турыстычныя паездкі, што не толькі задавальняе духоўныя патрэбы людзей, а і згуртоўвае калектывы. Конкурс «Вясковая прыгажуня» заўсёды праходзіць пры поўным аншлагу ў зале. Пастаяннымі сталі акцыі «Прафсаюзы – дзецям», «Збяром партфель у школу». На навагодняе прадстаўленне, якое арганізуюць прафсаюзы, штогод прыязджаюць не менш за 250 дзяцей, а сёлета чакаецца намнога больш. Штогод да Дня маці шматдзетных маці запрашаюць на ўрачыстае ўшанаванне. Традыцыйна праходзяць злёты перадавых аператараў машыннага даення. Напрыканцы мінулага года падтрымана ініцыятыва рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК па правядзенні акцыі «Наш жывёлавод». На працягу зімова-стойлавага перыяду адзначаны падзячнымі пісьмамі лепшыя жывёлаводы, тэхнікі-асемянатары, брыгадзіры фермаў з усіх гаспадарак раёна. Падзячныя пісьмы ўручаюцца і перадавым механізатарам. Сёлета запрасілі ў райцэнтр і павіншавалі з прафесійнымі святамі галоўных эканамістаў і бухгалтараў гаспадарак. Не абыходзяць увагай кіраўнікоў-ветэранаў, былых галоўных спецыялістаў, якім заўсёды – ганаровыя месцы на святах. Ушаноўваюцца юбіляры сельскагаспадарчай галіны. Райкамам прафсаюза і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання заснаваны тры пераходныя прызы: у гонар Героя Сацыялістычнай Працы Зінаіды Ярашэвіч, які ўручаецца перадавой ферме; у гонар начальніка ўчастка, перадавога камбайнера Генадзія Цвіркі, які атрымлівае лепшы камбайнер; прыз лепшаму тэхніку-асемянатару раёна.

Трэба адзначыць, што ўзносы на правядзенне культурна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, згодна з дагаворамі, гаспадаркамі пералічваюцца своечасова. Усе арганізаваныя мерапрыемствы знаходзяць асвятленне на старонках раённай газеты і агучваюцца па мясцовым радыё.

У спрэчках па дакладзе выступілі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый ААТ «Дзераўное» Галіна Карповіч, ААТ «Рочавічы» – Жанна Навіцкая, ААТ «Вялікі Двор» – Вікторыя Райская, ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» – Святлана Кажура. Выступоўцы далі здавальняючую ацэнку рабоце райкама прафсаюза за справаздачны перыяд.

Затым узяў слова першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Ён адзначыў, што сельская гаспадарка з’яўляецца ў нашай краіне самай прыярытэтнай галіной і асноўны прыток валютнай выручкі паступае менавіта ад продажу перапрацоўшчыкамі прадукцыі, якая вырабляецца з сыравіны, што вырашчана на палях і фермах. Работа ў сельскіх працаўнікоў спецыфічная і нялёгкая, таму асноўная задача прафсаюзаў – дайсці да кожнага чалавека. А іменна, забяспечыць дастойныя і бяспечныя ўмовы працы, прасачыць, каб яна была годна ацэнена. У прыватнасці, павінны забяспечвацца выплаты, прадугледжаныя калектыўнымі дагаворамі, аднак і самім людзям трэба працаваць з поўнай аддачай, каб грошы гэтыя зарабіць. Умовы працы з кожным годам паляпшаюцца: набываецца сучасная тэхніка, будуюцца новыя жывёлагадоўчыя памяшканні, а значыць, ёсць магчымасць павялічваць паказчыкі. Ахове працы па-ранейшаму неабходна надаваць першачарговую ўвагу, падтрымліваць дысцыпліну на вытворчасці, каб не было няшчасных выпадкаў. Яшчэ больш разнастаіць вольны час работнікаў, шукаць новыя формы правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць стварэнню добрага настрою не толькі ў калектыве, а і ў сям’і, а значыць, і павелічэнню вытворчасці працы. Кіраўнік сельскагаспадарчай галіны падкрэсліў, што за справаздачны перыяд работа райкамам прафсаюза і прафсаюзнымі лідарамі на вышэйназваных накірунках і сапраўды праведзена немалая і заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Згадаў, што наш раён займае сёмае месца ў вобласці па вытворчасці малака і вызначаецца эканамічнай стабільнасцю, што таксама дазваляе праводзіць розныя мерапрыемствы.

Старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода адзначыў, што Стаўбцоўская арганізацыя – у ліку лепшых у вобласці і заслугоўвае таго, каб стаць базавай па перадачы вопыту работы і навучанні наноў выбраных старшынь райкама прафсаюза і лідараў пярвічак. Такая прапанова ўжо ўнесена ў рэспубліканскі камітэт. Па змястоўных дакладзе і выступленнях адчуваецца, што райкам прафсаюза і яго структурныя падраздзяленні працуюць на даволі высокім ўзроўні, пастаянна праяўляюць ініцыятыву. Дарэчы, на V Пленуме рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК перад прафсаюзнымі арганізацыямі пастаўлены новыя задачы і вызначаны патрабаванні, у прыватнасці, у правядзенні маніторынгу і вядзенні дакументацыі. Міхаіл Тарасавіч засяродзіў увагу на тым, што работу менавіта прафсаюзных пярвічак неабходна больш паказваць у сродках масавай інфармацыі, бо людзі павінны ведаць аб усім, што робіцца прафсаюзамі для іх карысці. Для эфектыўнасці работы найбольш цесна трэба ўзаемадзейнічаць і з кіраўнікамі гаспадарак.

Выступленне старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыя Ларычэва было скіравана на арганізацыю аздараўлення людзей у прафсаюзных санаторыях. Сёння кожны працаўнік мае магчымасць выбраць, у які з іх паехаць, неабходна толькі ўзяць даведку з месца працы, што ён з’яўляецца членам прафсаюза, і, такім чынам, атрымаць скідку на кошт пуцёўкі. Старшыням прафкамаў усіх галіновых прафсаюзаў трэба актывізаваць работу ў калектывах па наведванні працаўнікамі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Здароўе людзей павінна быць на першым плане.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *