Падзяліцца навінамі

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Рэдакцыйная пошта ва ўсёй паўнаце паказвае, якім насычаным, творчым жыццём жывуць навучальныя ўстановы раёна.

Педагог-арганізатар Рубяжэвіцкай СШ Ала Лукашэвіч падрабязна расказвае аб выставе «Сімвалы мінулай эпохі», што адкрылася ў навучальнай установе: «Выстава арганізавана намаганнямі настаўніка гісторыі А. І. Аляшкевіч, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Я. Ю. Падольскага і педагога-арганізатара. Вялікая колькасць рарытэтаў прадстаўлена на ёй, усе яны з’яўляюцца сімваламі нашай эпохі. Адным з адметных экспанатаў выставы стала карціна, падараная выпускніком нашай школы, якая сімвалізуе маштабныя планы СССР па асваенні Сібіры. Атрыбуты дзіцячых і маладзёжных арганізацый мінулага часу прынеслі на выставу педагогі».

Па-ранейшаму актыўна працуе гурток «Юны карэспандэнт» у Дзераўнянскай СШ. У ліку самых актыўных аўтараў – Максім Прыгожы. Яго матэрыялы для раённай газеты паказваюць цесную сувязь аўтара з прыродай. Максім умее ўбачыць прыгажосць свету і лірычна апісаць свае ўражанні: «За маёй вёскай з незапамятнага часу растуць дзясяткі два старых разгалістых сосен. Гадоў з дзесяць назад пад гэтымі старымі дрэвамі прараслі маладзенькія сасонкі, якія з кожным годам набіраліся моцы, ішлі ўгару, быццам бы імкнуліся дагнаць сваіх магутных родзічаў. Здаецца, зусім нядаўна, у пачатку восені, мы з татам збіралі ў гэтым маладняку крамяныя казлячкі. Але год за годам сасонкі падрасталі, і казлякі зніклі. Затое восенню сталі з’яўляцца іншыя грыбы: зялёнкі і падзялёнкі. У гэтым годзе нават былі баравікі. Я люблю зайсці ў падлесак, памарыць, паназіраць за жывой прыродай. Наперадзе доўгая, халодная і галодная для лясных жыхароў зіма. Я добра разумею, наколькі дзікія жывёлы і птушкі маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Хачу верыць, што мае ўзаемаадносіны з ляснымі насельнікамі будуць мець працяг, стануць даверлівымі, і я дапамагу ім перажыць цяжкі зімовы час».

У рэдакцыйнай пошце ёсць пісьмы юных карэспандэнтаў і з іншых школ, у якіх расказваецца, як прайшлі восеньскія канікулы.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *