На армейскі лад

Нумары Соцыум

1612b

Напярэдадні воінскай прысягі мы з ахвотай адклікнуліся на запрашэнне намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце воінскай часці 25819 у пасёлку Наваколасава падпалкоўніка Уладзіміра Якубовіча сустрэцца з навабранцамі і расказаць, як ідзе іх перыяд адаптацыі. Мы палічылі, што гэта і сапраўды важна. У складзе 11 ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія 20 лістапада прыбылі ў пункт прыёму новага папаўнення вайсковай часці, пяць былі прызваны Стаўбцоўскім райваенкаматам. Бацькі, безумоўна, хвалююцца за сваіх дзяцей.

Бравае войска сустрэла нас у пастраенні на вуліцы.

–             Новае папаўненне ў нас 36 чалавек, – каменціруе Уладзімір Якубовіч. – 25 з іх ваеннаслужачыя рэзерву, 11 – ваеннаслужачыя рамонтнай роты тэрміновай службы. Да 5 снежня ў іх было навучанне па праграме пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, з 5 да 22 снежня – па праграме агульнавайсковай падрыхтоўкі. З імі праводзяцца заняткі згодна з раскладам. Праведзены ўжо дзве стральбы з аўтаматаў. Хутка навучанне заночыцца і навабранцы паўнацэнна ўвальюцца ў рады служачых 25 арсенала ракетна-артылерыйскага ўзбраення –   будуць праходзіць тэрміновую службу па назначанай ім спецыяльнасці. Мы разаслалі запрашэнні бацькам прыняць удзел ва ўрачыстасці воінскай прысягі 16 снежня. Пасля прысягі бацькі і родныя ваеннаслужачых могуць прайсці ў казармы, азнаёміцца з бытам і жыццём сваіх дзяцей. Затым ваеннаслужачыя атрымаюць звальненне і змогуць правесці дзень са сваімі роднымі.

Мы таксама мелі магчымасць паглядзець, як уладкаваны быт ваеннаслужачых у казарме, дзе праведзены рамонт. Тут салдаты паказалі нам свае таленты. Нам расказваюць, што днявальны Андрэй Кудраўцаў – выдатны піяніст. Уладзіслаў Драбік сыграў нам на гітары. Сам ён родам з Дзераўной, як і яго сябар Арцём Ланковіч. Яўген Ярашэвіч і Дзмітрый Новік – стаўбчане, Ігар Сошка – з Мікалаеўшчыны. Такое зямляцтва іх вельмі згуртоўвае, сяброўства дапамагае перанесці нялёгкі перыяд адаптацыі ў радах Узброеных Сіл. Як зазначае Уладзімір Якубовіч, першапачатковыя месяцы службы – вельмі напружаны час. Навабранцам патрэбна за кароткі тэрмін адаптавацца да зусім іншага распарадку і рэжыму дня: пад’ёмы, адбой, прыём ежы ў пэўна вызначаны час – свой адметны спецыфічны ўклад. І чым хутчэй ваеннаслужачыя адаптуюцца да армейскіх умоў, тым лягчэй ім будзе ў далейшай службе. І афіцэры стараюцца ім дапамагчы ў гэтым.

Лейтэнант Часлаў Гардзейка, які непасрэдна курыруе ўзвод новага папаўнення, выказвае задаволенасць тым, што падабраліся сур’ёзныя, старанныя хлопцы, дысцыплінаваныя, якія імкнуцца ўнікнуць ва ўсе нюансы воінскай службы. Пад чуйным кіраўніцтвам старэйшых ваеннаслужачых і каманднага саставу ў іх усё атрымліваецца. Задача афіцэраў – дапамагчы ваеннаслужачым у поўным аб’ёме асвоіць сваю воінскую спецыяльнасць і мець поўную гатоўнасць сваёй свядомасцю і навыкамі быць вернымі абаронцамі Айчыны.

А што скажуць самі ваеннаслужачыя? За ўсіх адказаў Уладзіслаў Драбік: «Адразу вельмі цяжка было ўсім прывыкнуць да зусім іншага, чым дома, распарадку жыцця. Давялося адмовіцца ад камп’ютараў, тэлефонаў. З гэтым мы справіліся лягчэй за ўсё. А вось сумаваць па доме працягваем, і па сваіх каханых, з якімі можам пагутарыць толькі па тэлефоне і ў выдзелены для гэтага час. Чакаем на прысягу сваіх матуль з дамашнімі піражкамі і іншымі прысмакамі».

Дні бягуць хутка, хлопцы добра асвояць свае воінскія спецыяльнасці. Пажадаем вайсковаму папаўненню спакойнай, мірнай, добрай, паспяховай службы ў радах нацыянальнай арміі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: у вучэбным класе заняткі праводзіць лейтэнант Часлаў Гардзейка; заняткі на пляцы; намеснік камандзіра часці падпалкоўнік Уладзімір Якубовіч – перад строем навабранцаў на ранішняй паверцы; днявальны Андрэй Кудраўцаў; асабісты час Уладзіслаў Драбік запоўніў музыкай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *