Медаль для брыгадзіра

Нумары Раённыя навіны

54Днямі муляр пятага разраду філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Аляксей Храмянкоў быў узнагароджаны медалём   «За працоўныя заслугі». Прэм’ер-міністр  нашай краіны Міхаіл Мясніковіч, паціскаючы Аляксею Іванавічу руку сярод 67-мі ўзнагароджаных лепшых працаўнікоў рэспублікі, не мог не пацікавіцца: «Як ідзе будаўніцтва новага завода?»

Справа ў тым, што знаёмства прэм’ера з мулярам адбылося ў Стоўбцах 4 снежня 2012 года, падчас закладкі памятнай капсулы ў гонар пачатку будаўніцтва завода высокатрывалага чыгуннага ліцця. Для Аляксея Храмянкова гэта была ганаровая місія, якую даверыў яму вялікі калектыў завода.

Які няпросты шлях трэба пераадолець да новага імпартазамяшчальнага завода, такі няпросты ён быў і ёсць у Аляксея Храмянкова – да таго медаля, уручэнне якога ў Мінску ў Палацы Рэспублікі стала падзеяй для цэлага завода, гонарам для ўсіх завадчан. Яны, прызнаюцца, глядзелі гэты сюжэт вечарам па тэлевізары, а  ў душы ўзнімалася радасць, што іх Аляксей Іванавіч так прадстаўніча глядзіцца, такі прыгожы ён у гэтай супольнасці дастойных людзей Беларусі.    

– Усе цэхі, падраздзяленні (а ў нас працуе 1300 чалавек, з якімі  мы абмяркоўвалі прэтэндэнта на ўзнагароду) – як адзін станоўча гаварылі пра Аляксея Іванавіча, пра тое, што гэты чалавек варты высокай дзяржаўнай узнагароды. Па роду сваёй дзейнасці ён бывае ў гэтых цэхах, праводзіць розныя рамонтныя работы, – пракаменціраваў узнагароджанне дырэктар прадпрыемства Анатоль Молчан.

Сапраўды, Аляксей Храмянкоў –  дастойны! Высокакваліфікаваны муляр. Універсальны спецыяліст, які за амаль 40 гадоў у будаўніцтве  (палова іх – на філіяле) умее зрабіць любую работу. У асабістым жыцці – шчаслівы бацька вялікага сямейства. У яго пяцёра дзяцей, ужо чацвёра ўнукаў.  На нашай стаўбцоўскай зямлі, у мікрараёне Акінчыцы, уласнымі рукамі пабудаваў для сваёй сям’і дом, калі ў 1991-м прыйшлося перасяляцца з забруджанай радыяцыяй Гомельшчыны.

Аляксей Іванавіч найперш прыгадвае, чым багата яго працоўная біяграфія: «Пачынаў з цесляра-бетоншчыка, потым перакваліфікаваўся ў муляра. Бацька мой быў будаўніком-мулярам, прымаў удзел ва ўзвядзенні  школ, дзіцячых садоў, жылля…»    

– З Аляксеем Іванавічам скрыжаваліся нашы дарогі з самага пачатку яго перасялення на Стаўбцоўшчыну, – заўважае начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва на філіяле Станіслаў Ланкевіч. – Ён  – брыгадзір. Надзейны чалавек. Прыклад іншым.   

Майстар Леанід Аўласін, які таксама даўно працуе поруч з Аляксеем Храмянковым, не забывае адзначыць яго настаўніцтва: шмат каму перадаў сваё майстэрства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *