Выслухаць чалавека і дапамагчы

Нумары Прамая лінія Улада. Слова. Справа

16 снежня адбылася прамая тэлефонная лінія са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым.

За тры гадзіны працы паступіў 21 тэлефонны званок. У кожным пытанні гучала праблема, якая хвалюе канкрэтнага чалавека. І якая сама па сабе не вырашаецца. Хоць ёсць выпадкі, калі чалавеку патрэбна прыняць меры самастойна, але ён гэтага не робіць – адразу звяртаецца да прадстаўніка ўлады. Асноўнае пытанне, якое прайшло чырвонай ніткай праз усю прамую лінію, – добраўпарадкаванне дарог: падсыпка, асфальтаванне, грэйдзіраванне і т. п. І гэта зразумела – на вуліцы сезон дажджоў і мокрага снегу.

На прамую лінію паступілі тэлефанаванні з вуліц Маякоўскага, Максіма Горкага, Шчорса г. Стоўбцы па адной праблеме – вуліцы і падворкі залівае вадою. Цяжка не толькі праехаць, але нават і прайсці. Гэтыя вуліцы знаходзяцца на ўскраіне горада, недалёка ад ракі Нёман. Рака разлілася, падземныя воды, надвор’е з дажджамі стварылі вялікія нязручнасці для жыхароў гэтага мікрараёна.

Юрый Мікалаевіч даручыў стварыць камісію, выехаць на месца, разабрацца з праблемай і па меры магчымасці дапамагчы людзям у гэтай сітуацыі.

Па пытанні добраўпарадкавання дарог таксама звярнуліся жыхары вуліц М. Горкага, Савецкай, Будаўнікоў, зав. Сацыялістычнага г. Стоўбцы, вёсак Градкі, Русакі, Новы Свержань (вул. Стаўбцоўская), Жукаў Барок, Задвор’е. Хтосьці з іх прасіў аказаць садзейнічанне ў грэйдзіраванні вуліцы, хтосьці – заасфальтаваць, хтосьці – падсыпаць. Адказным службам райвыканкама адразу ж было дадзена даручэнне выехаць на месца, разабрацца і на працягу тыдня выправіць сітуацыю. Старшыня райвыканкама яшчэ раз нагадаў заяўнікам, што ўсе планы асфальтавання дарог, капітальнага рамонту і т. п. разглядаюцца на пасяджэнні райвыканкама, складаецца план (графік) добраўпарадкавання дарог і друкуецца ў раённай газеце «Прамень». Таму грамадзяне павінны ўжо ведаць, ці ёсць іх вуліца ў спісах па добраўпарадкаванні дарог і пад якім нумарам яна знаходзіцца.

Жыхарка вул. Цітова г. Стоўбцы падзялілася сваёю бядою. За магазінам «Встреча» ёсць пешаходная дарожка, якая злучае прывакзальную плошчу з вул. Цітова. Дарожка знаходзіцца ў дрэнным стане, плітка «раз’ехалася», сметніцы адсутнічаюць, людзі кідаюць смецце, паперкі ці сабе пад ногі, ці проста ў агароды, якія мяжуюць з гэтай дарожкай. Супрацоўнікі АКС пешаходную дарожку не абслугоўваюць.

Жыхар в. Ячнае таксама падказаў адрас безгаспадарчасці. У іх вёсцы па вуліцы Церашковай расце бур’ян уздоўж дарогі.

«Старшыня сельвыканкама павінен навесці парадак», – канстатаваў Юрый Горлаў.

Жыхары аг. Вішнявец (вул. Школьная), в. Варнавугал, в. Задвор’е (вул. Лясная) паднялі пытанне асвятлення вуліц.

Грамадзянін Л. з аг. Заямнае паведаміў, што па трасе цячэ каналізацыя, напэўна, ёсць дзесьці прарыў. Было дадзена даручэнне брыгадзе АКС выехаць на месца і ўхіліць усе надахопы.

Тэлефонны званок з в. Тонава. «У нас развальваецца дом, – на эмоцыях расказвала жанчына. – Муж і сын працуюць у гаспадарцы, я – на пенсіі. Дом належыць гаспадарцы. Грошай, каб выкупіць дом, няма… Што рабіць?»

– Не хвалюйцеся. Будзе створана камісія, абследуем дом і дадзім заключэнне. Дом будзе адрамантаваны, – запэўніў Юрый Мікалаевіч.

Жыхары аг. Дзераўная прасілі садзейнічання ў пытанні выдзялення сена для іх жывёлы, в. Новы Свержань – каб не закрываўся магазін «Прамтавары» ў іх вёсцы. Жыхары в. Варнавугал расказалі аб парушэннях аўтобуснага руху.

Амаль напрыканцы работы прамой тэлефоннай лініі прагучаў званок з в. Атцэда. Грамадзянка Ц. ад імя ўсіх жыхароў вёскі выказала словы падзякі за работу, за клопат аб людзях старшыні Заямнаўскага сельвыканкама У. Гарохавіку, галоўнаму ўрачу УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» С. Глебка, супрацоўнікам АКС – за своечасовы вываз смецця, службе стаўбцоўскіх электрасетак – за вулічнае асвятленне. Усіх жыхароў Стаўбцоўшчыны, у асобе старшыні райвыканкама, павіншавала з надыходзячымі святамі.

Прыемна! У думках мы з калегам адзначылі, што людзі таксама радуюцца, калі ў іх мясцовасці парадак ды лад.

Па ўсіх нявырашаных праблемах у ходзе прамой тэлефоннай лініі адказным службам райвыканкама былі дадзены канкрэтныя даручэнні старшыні райвыканкама.

Юрый Горлаў запэўніў, што калі чалавек звяртаецца з набалелай праблемай, неабходна падыходзіць да яе вырашэння вельмі адказна. Таму, каб прыняць правільнае рашэнне, ніяк не абысціся без дэталёвага вывучэння ўсіх абставін.

На прамой лініі працавала Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *