Караоке – і артыстызм, і жаданне спяваць

Культура Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

2212d

У раённым Цэнтры культуры ўпершыню адбыўся адкрыты гарадскі конкурс «Караоке талент – шоу 2017». Для ўдзелу ў конкурсе неабходна было мець, як мінімум, – музычны слых, артыстызм, абаянне і вялікае жаданне спяваць. Узроставыя абмежаванні амаль выключаліся. Мэтамі правядзення музычнага спаборніцтва з’яўляліся: пошук таленавітых выканаўцаў, папулярызацыя развіцця караоке ў нашым горадзе як цікавага і даступнага віду адпачынку, магчымасць паказаць сябе на сцэне таленавітым выканаўцам, дапамога людзям розных узростаў і прафесій у творчай рэалізацыі хобі, а таксама ўнікальная магчымасць – стаць вядомымі ў горадзе Стоўбцы. І не толькі!

У конкурсе прапанавалася прымаць удзел салістам, дуэтам, ансамблям, непрафесійным выканаўцам любой адукацыі і прафесіі. Дзякуй усім, хто адгукнуўся на гэтую прапанову і ў прызначаны час выйшаў на сцэну, каб падзяліцца з гледачамі добрым настроем і талентам.

У фінал конкурсу прайшлі дзевяць выканаўцаў.

Узрост канкурсантаў пачынаў свой адлік ад 12 гадоў. Як прыемна было назіраць за юнымі прыхільнікамі эстраднай песні, якія знайшлі час паміж урокамі і заняткамі з рэпетытарамі прыняць удзел у конкурсе. Гэта вучні СШ № 3 Настасся Андрэева, Любоў Талмачова, Дзмітрый Янушкевіч, Таццяна Дземянкова, вучні СШ № 2 Ганна Янчур, Аляксандр Гарох.

Не засталіся абыякавымі да гэтай падзеі і прадстаўнікі працоўнай моладзі. Упершыню на стаўбцоўскую сцэну паднялася Хрысціна Марзак – малады спецыяліст, урач-інтэрн цэнтральнай раённай бальніцы. Філіял ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы прадставіла кантралёр Станіслава Пархімовіч. За таленавітую маладую матулю Вольгу Клочка хваляваліся дома трое маленькіх дзетак і муж. Нягледзячы на тое, што амаль усе ўдзельнікі конкурснай праграмы бачыліся ўпершыню, за кулісамі панавала шчырая сяброўская атмасфера. І зусім не верылася, што ў гэты час паміж выканаўцамі ідзе сапраўдная барацьба за прызавыя месцы.

Амаль тры гадзіны ў глядзельнай зале гучалі музыка і апладысменты, адчуваўся радасны, святочны настрой.

А ў гэты час напружана і самааддана працавала кампетэнтнае журы.

Усе выканаўцы атрымалі дыпломы ўдзельніка конкурсу «Караоке талент – шоу 2017». І вось ён – хвалюючы момант!

Дыпломам III ступені ўзнагароджаны Дзмітрый Янушкевіч, дыпломам II ступені – Вольга Клочка, дыпломам I ступені – Настасся Андрэева (дарэчы, юнай спявачцы ўсяго 12 гадоў).

Свята атрымалася дзякуючы намаганням удзельнікаў, работнікаў культуры і непасрэдна арганізатараў праекта адкрытага гарадскога конкурсу «Караоке талент – шоу 2017» – раённага Цэнтра культуры пры падтрымцы раённага аб’яднання прафсаюзаў. Асабістую падзяку хочацца выказаць старшыні аб’яднання прафсаюзаў Юрыю Ларычэву за тое, што ён, адклаўшы свае справы, узначаліў журы.

Скончыўся конкурсны дзень песняй аб музыцы, што звязвае людзей, нягледзячы на ўзрост, настрой і погляды, якую спявалі ўсе.

Аднак настрою ў гэты дзень не прыбаўляла сумная, і, на жаль, такая знаёмая сітуацыя – амаль пустая глядзельная зала. Таму, няхай добрым накірункам для ўсіх будзе такі зварот: «Стаўбчане! Прачніцеся і спявайце! А калі саромеецеся самі, не лянуйцеся прыйсці, каб падтрымаць іншых! Таму што конкурс «Караоке талент – шоу» заяўляе стаць традыцыйным».

Наталля ГРЫНКЕВІЧ, кіраўнік народнай эстраднай студыі «Арыенцір» раённага Цэнтра культуры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *