Падзяліцца дабрынёю

Нумары Соцыум

2312e

У Стоўбцах у будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу прайшла сустрэча для вымусовых (па прычыне ваенных дзейнняў у іх краіне) перасяленцаў з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.

Сустрэча прайшла з высокім прадстаўніцтвам – у ёй прыняў удзел старшыня Упраўлення вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў (далей – УВКБ ААН) спадар Жан-Іў Бушандзі. У сустрэчы бралі таксама ўдзел памочнікі па прававых пытаннях і праграмнай дзейнасці Упраўлення вярхоўнага камісара ААН Зоя Галаўнёва і Марына Мельнік, юрысконсульт Службы па кансультаванні бежанцаў Вольга Бахур. Арганізацыйную дапамогу ў правядзенні гэтай сустрэчы аказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Жаўняркевіч, якая, акрамя ўсяго, і паклапацілася запрасіць украінскія сем’і.

Як адзначыў у сваім уступным слове спадар Жан-Іў Бушандзі, мэта такіх сустрэч з перасяленцамі з Украіны, якія праводзяцца УВКБ ААН у рэгіёнах Беларусі, сустрэцца з людзьмі, якія вымушаны былі выехаць са сваёй краіны і абжывацца на новым месцы, данесці да іх прававыя аспекты, даведацца, у чым міжнародная арганізацыя можа дапамагчы ім у выпадку праблем і цяжкасцяў. Жан-Іў Бушандзі прапанаваў кожнаму з запрошаных расказаць сваю гісторыю.

Прысутныя маглі сэрцам адчуць боль гэтых людзей, звязаны з развітаннем з роднымі мясцінамі. На ўліку ў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа на сучасны момант 12 сем’яў-перасяленцаў, якія маюць патрэбу ў гуманітарнай і іншай дапамозе. Наогул жа ўкраінскіх сем’яў у раёне пражывае больш. Яны атрымалі жыллё, працуюць, і многія не збіраюцца пакідаць Беларусь, лічаць, што ў нашай краіне для іх дзяцей прадастаўлена больш магчымасцяў, каб рэлізаваць сябе.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі сямі сем’яў. У кожнай з іх – свая гісторыя, вельмі няпростая. Як аказалася, у большасці гэтых сем’яў ёсць інваліды, нават І групы. Яны чуйна рэагуюць на ўсякую падтрымку, што ім аказваецца. Як выказалася шматдзетная маці Аксана Пасечнік, яны з мужам удзячны кіраўніцтву філіяла ККХ «Мінскі маторны завод» за аказаную падтрымку, за магчымасць працаваць на заводзе, гадаваць дзяцей. Сям’я атрымала кватэру ў Стоўбцах.

Украінскія сем’і выказвалі ўдзячнасць за тую інфармацыю, якая была данесена ім прадстаўнікамі УВКБ ААН. Яны могуць скарыстаць статус дадатковай абароны, зацверджаны УВКБ ААН для падтрымкі перасяленцаў. Ён з’яўляецца рэальнай дапамогай людзям, якія вымушаны абжывацца на чужыне. Гэты статус гарантуе пражыванне на тэрыторыі Беларусі незалежна ад таго, працаўладкаваны перасяленец ці не, ёсць у яго пасведчанне на права жыхарства ці няма, ёсць тут родныя ці не, калі няма іншых падстаў знаходзіцца на тэрыторыі замежнай краіны; магчымасць хадайнічаць аб прадастаўленні матэрыяльнай дапамогі на карыстанне медыцынскімі паслугамі, набыццё дарагіх лекаў, на частковую аплату арэнды жылля і т. п. Дадатковая абарона афармляецца на год, кожны год абнаўляецца і дзейнічае да таго часу, пакуль на тэрыторыі рэгіёна, адкуль прыбылі перасяленцы, працягваецца ваеннае становішча. Прадстаўнікі УВКБ ААН добразычліва, уважліва адказалі на ўсе пытанні. Былі раздадзены інфармацыйныя матэрыялы.

Ад імя сваіх суграмадзян са словамі ўдзячнасці ў адрас прадстаўнікоў УВКБ ААН і Таварыства Чырвонага Крыжа выказалася Святлана Гарэлых. На сустрэчы яна была са сваёй дзесяцігадовай дачкой Варварай, якая з’яўляецца выдатніцай Навасвержанскай сярэдняй школы і прадстаўляе сваю навучальную ўстанову як спявачка на розных конкурсах, у тым ліку і міжнародных.

Мы просім старшыню раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірыну Жаўняркевіч расказаць, якія віды дапамогі аказваюцца перасяленцам Чырвоным Крыжам:

Беларуская арганізацыя з’яўляецца часткай міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і ў сваёй дзейнасці захоўвае нормы Міжнароднага гуманітарнага права. З 2015 года распачата рэалізацыя праекта «Падтрымка пераселеным жыхарам Украіны» па ўкараненні ваўчарнай сістэмы аказання дапамогі адзінокім пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным і няпоўным сем’ям, шматдзетным і кормячым маці. У нашым раёне дзевяць сем’яў вымусовых перасяленцаў з Луганскай і Данецкай абласцей да сучаснага моманту атрымліваюць штомесячна дапамогу на пакупку харчовых тавараў і адзення. Беларускае Тварыства Чырвонага Крыжа пералічвае грошы ў райспажыўтаварыства, і жыхары Украіны праз ваўчары набываюць тавары першай неабходнасці. У 2016 годзе ў нашым раёне размеркавана 975 ваўчараў на суму 19 500 рублёў. У 2016 годзе аказана дапамога дзевяці сем’ям у памеры 300 ваўчараў на 6 тысяч рублёў. Плануюцца выплаты на снежань, студзень і люты. Адзін ваўчар эквівалентны 20 рублям.

Як бачым, дзякуючы такім міжнародным арганізацыям, як УКБД ААН, Чырвоны Крыж, зніжаецца сацыяльная нагрузка на дзяржаўныя структуры, паколькі ў складанай жыццёвай сітуацыі грамадзяне могуць звярнуцца па дапамогу не толькі ў дзяржаўныя сацыяльныя службы, але і ў адзначаныя вышэй арганізацыі. Ніколі не будуць лішнімі і нашы міласцівыя адносіны да людзей, якія знайшлі прыстанак на нашай зямлі. Ёсць выдатныя прыклады, якія былі агучаны перасяленцамі з Украіны на сустрэчы, аказання спагады, падтрымкі ім у іх цяжкім становішчы.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *