Самая шматлікая пярвічка

Нумары Соцыум

У раённым аглядзе-конкурсе на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю трэцяе месца з уручэннем дыплома і прэміі прысуджана пярвічнай арганізацыі ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Прафсаюзную арганізацыю ўзначальвае Вольга Мішук. Нам цікава даведацца, чым адметная работа гэтай пярвічкі, якая так звярнула на сябе ўвагу.

–             Вольга Станіславаўна, што легла ў аснову вашай прэзентацыйнай падрыхтоўкі да гэтага конкурсу?

–             Дзейнасць нашай прафсаюзнай арганізацыі шматгранная, і мы пастараліся пакрыху аб усім расказаць. Гэта самая вялікая пярвічная прафсаюзная арганізацыя ў раёне, яна налічвае 1020 членаў прафсоюза, у ліку іх – 64 пенсіянеры, якія не працуюць. Пры прафсаюзным камітэце створаны і эфектыўна вядуць работу па розных накірунках восем камісій.

–             Калі гаварыць аб эфектыўнасці работы камісій пры прафкаме, то як бы вы гэта канкрэтызавалі?

–             Забяспечваецца незалежны кантроль захавання санітарна-гігіенічных нормаў і патрабаванняў стандартаў па ахове працы. У прафсаюзнай арганізацыі прайшлі навучанне і атрымалі пасведчанні 18 грамадскіх інспектараў па ахове працы на прадпрыемстве. Пры выяўленні фактаў парушэння заканадаўства аб працы, невыканання абавязацельстваў па калектыўным дагаворы і пагадненняў аб ахове працы і бяспекі працаўнікоў грамадскія інспектары праводзяць незалежную экспертызу ўмоў працы, удзельнічаюць у расследаванні няшчасных выпадкаў на прадпрыемстве. У бягучым годзе ў рамках намечаных мерапрыемстваў былі ўцеплены і «апрануты» ў цеплашубы адміністрацыйна-бытавыя карпусы, праведзены рамонт даху ў цэхах, праведзена ўшчыльненне ўязных варот, выкананы і іншыя важныя работы па энергазберажэнні і скарачэнні страт цяпла. У цэлым, падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду ў нас ажыццяўляецца комплексна, згодна з планам, распрацаваным з удзелам прафсаюза.

–             Такая пазіцыя прафсаюза надае аўтарытэт прафкаму. Хацелася б закрануць і пытанні, якія заўсёды асацыіруюцца з дзейнасцю прафсаюзнай арганізацыі, як арганізацыя адпачынку.

–             Члены прафсаюза карыстаюцца ў нас пераважным правам на атрыманне пуцёвак на адпачынак, аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне. Дзеці маюць выдатную магчымасць аздаравіцца летам у ведамасным лагеры «Церамок». Можна адзначыць такі прыемны для нас момант: пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер, у намінацыі «Лепшае медыцынскае забеспячэнне дзяцей» наш аздараўленчы лагер заняў першае месца. Наша турыстычная каманда заняла першае месца ў раённым маладзёжным турыстычным злёце. Мы ўдзельнічаем у абласных і рэспубліканскіх галіновых злётах. У гэтым годзе ўвайшлі ў зборную галіновую каманду для ўдзелу ў рэспубліканскім турыстычным злёце. Сваю ролю прафсаюз бачыць і ў падтрымцы працаўнікоў у складаных жыццёвых сітуацыях. Кожны член прафсаюза мае права атрымаць матэрыяльную дапамогу са сродкаў прафбюджэту ў сувязі з юбілеем, у выпадку цяжкай хваробы ці ў іншых жыццёвых сітуацыях. Пры выхадзе на заслужаны адпачынак ёсць магчымасць не згубіць сувязь з працоўным калектывам, застаючыся на ўліку ў прафсаюзнай арганізацыі. На пенсіянераў, як і на працаўнікоў, распаўсюджваюцца многія сацыяльныя гарантыі і прывілеі, прадугледжаныя калектыўным дагаворам.

–             Вольга Станіславаўна, ці ёсць у прафкама нейкія адметныя традыцыі?

–             Як жа без гэтага. Вось цяпер надыходзяць ражджэственскія і навагоднія святы. Мы маем ужо клопат падрыхтаваць салодкія падарункі для дзяцей. Прафкам заказаў падарункі для 430 дзяцей членаў прафсаюза ва ўзросце да 12 гадоў. Яны атрымаюць яшчэ адзін падарунак: прадпрыемства рыхтуе салодкія падарункі ўсім дзецям работнікаў. У апошні дзень адыходзячага года ў нас ёсць традыцыя выступіць з канцэртам. падрыхтаваным сіламі актыўных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Гэта касцюміраванае дзейства, якое адбываецца ў фае адміністрацыйнага будынка. Дзед Мароз і Снягурка з салодкімі пачастункамі абыходзяць усе падраздзяленні філіяла. Гэта стварае надзвычай святочны добры настрой. Для дзяцей членаў прафсаюза прафкам заказаў ужо два ранішнікі ў раённым Цэнтры культуры.Так што дзеці членаў прафсаюза атрымаюць падарункі з рук Дзеда Мароза і паглядзяць прыгожае навагодняе прадстаўленне. Да Дня інваліда па ініцыятыве прафкама на прадпрыемстве стартавала дабрачынная акцыя «Працягні руку дапамогі». Ва ўсіх структурных падраздзяленнях праводзіцца збор сродкаў для аказання дапамогі тым былым членам нашага калектыву, хто пакінуў работу на філіяле з-за стану здароўя. Такая акцыя ў нас праводзіцца ўжо не першы год перад 3 снежня. І гэта знак праяўлення лепшых якасцяў членаў нашага вялікага калектыву.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *