Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне тры шлюбы. Зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Мая Курлюта, Дар’я Лапо, Ігнат Пракаповіч, Юлія Борыс, Раман Навіцкі і Сямён Босы.

Зямны шлях закончыўся для 18-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі загаранне вагончыка-бытоўкі па завулку Таварным у Стоўбцах, а таксама гаража ў Зарэччы (Рубяжэвіцкі сельсавет). Прычыны пажараў высвятляюцца.

Міліцыяй зарэгістравана 102 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазроныя. На вуліцы ў Новай Вёсцы двое хуліганаў, будучы нецвярозымі, пашкодзілі чатыры панэлі жалезабетоннай агароджы. Невядомы трапіў у дрэваапрацоўчы цэх на тэрыторыі ПМК-74 – Налібакі, адкуль выкраў тарцовачную пілу.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да службовай асобы УП «Стаўбцоўскае АКС» – за забруджванне каналізацыйнымі сцёкамі паблізу Любкаўшчыны дзяржаўнага ляснога фонду, што прывяло да знішчэння жывога глебавага покрыва. Шкода навакольнаму асяроддзю перасягнула 310 рублёў. За парушэнне пагражае штраф да 20 базавых велічынь.

Суд аштрафаваў на 11 базавых велічынь 25-гадовую стаўбчанку, якая, будучы пад прэвентыўным наглядам, двойчы пакінула без уважлівых прычын пастаяннае месца жыхарства, а таксама адмовілася падпарадкавацца законнаму патрабаванню работніка міліцыі накіравацца ў райаддзел.

ДАІ выявіла 172 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – два нецвярозыя вадзіцелі і шэсць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 32 недысцыплінаваныя пешаходы. Зарэгістравана шэсць ДТЗ. Ніхто не пацярпеў. У снежні і пачатку студзеня на чыгуначных пераездах ДАІ праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне ДТЗ падчас перавозкі юрыдычнымі асобамі грузаў і пасажыраў. З 16-га снежня інспектарамі ўзмоцнены кантроль за пропускам пешаходаў на пешаходных пераходах.

«Хуткая» выязджала 209 разоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *