На ёлку

Нумары Соцыум

3012b

З АДМЫСЛОВЫМ ПАДАРУНКАМ

Навіна аб тым, што выратавальнікі і работнікі лясгаса праводзяць сёлета акцыю-розыгрыш ёлак, распаўсюдзілася па Стаўбцоўшчыне імгненна. У першы ж дзень анансавання акцыі тэлефоны раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях не змаўкалі: званілі і дарослыя, і дзеці, якія пажадалі да любімага свята парадаваць сябе яшчэ адным падарункам – прыгажуняй-ёлкай. У гэты час выратавальнікі ламалі галаву над пытаннямі віктарыны, а работнікі лясгаса стараліся адгадаць колькасць пераможцаў і не пакінуць іх без абяцанага прыза.

На першым этапе, які адбыўся 21-га снежня, арганізатары сумесна з журналістам газеты і, вядома, у суправаджэнні Дзеда Мароза адправіліся ў жылы сектар – у сем’і, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей. Перадсвяточная праверка домаўладанняў выклікала ў гаспадароў толькі станоўчыя эмоцыі – сам Дзед Мароз завітаў у госці! У той час, як ён забаўляў дзетвару, выратавальнікі правяралі пажарную бяспеку домаўладання. Вядома, усе спадзяваліся атрымаць у падарунак галоўны прыз – ёлку, але… штосьці падводзіла. Да прыкладу, батарэйкі ў апавяшчальніку адсутнічалі ці электраправодка была пафарбавана.

Ды, як вядома, хто шукае, той знаходзіць. І наш прыз знайшоў свайго гаспадара – ёлачка-прыгажуня будзе радаваць шматдзетную сям’ю Алесі Самец. Тата, мама і трое цудоўных дзетак не проста ведаюць правілы бяспекі, але і імкнуцца іх бездакорна выконваць. У выпадку, калі выяўляецца нейкі недахоп, – адразу ж яго ўхіляюць. Да слова, пры наведванні сям’і мінулы раз у аўтаномных пажарных апавяшчальніках адсутнічаў элемент сілкавання. А на гэты раз – усё на месцы.

Віншуем першых пераможцаў акцыі на Стаўбцоўшчыне і чакаем пажарных знаўцаў на ёлачныя кірмашы на наступных этапах!

 

ГАЛОЎНАЯ – ПРЭЗІДЭНЦКАЯ

З усёй рэспублікі прыбылі дзеці на Прэзідэнцкую дабрачынную ёлку, якая прайшла 28 снежня ў Палацы Рэспублікі. Усё тут было ў вышэйшай меры цудоўным – і ў дзяцей разбягаліся вочы. Прыняць віншаванне Прэзідэнта краіны, паглядзець навагодняе прадстаўленне ў выкананні прафесійных акцёраў, палюбавацца на агні прыгажуні-ёлкі для вучняў школ стала радаснай і запамінальнай падзеяй.

Ад нашага раёна білеты на Прэзідэнцкую ёлку атрымалі дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных сем’яў, пераможцы конкурсаў і алімпіяд – Марта Саятэвіч, Паліна Стаднік (СШ № 3), Давід Кутас (гімназія), Арцём Аўлохаў (Вішнянявецкая СШ), Мацвей Ганчаронак (СШ № 2).

 

ПРАФСАЮЗЫ – ДЗЕЦЯМ

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Прафсаюзы- дзецям» раённае аб’яднанне прафсаюзаў падарыла 16 білетаў дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў Рочавіцкага ВПК, Засульскай, Заямнаўскай, Дзераўнянскай, Рубяжэвіцкай сярэдніх школ і гарадскіх навучальных устаноў для наведвання навагодняга свята ў сталічным Палацы культуры ветэранаў.

Прыгожае навагодняе прадстаўленне ў цудоўным Палацы культуры ля шыкоўнай прыгажуні-ёлкі падарыла дзецям шмат нечаканых сюрпрызаў, радасці, шчаслівых момантаў. Безумоўна, Дзед Мароз і Снягурка не пакінулі іх без падарункаў.

Фінансаванне дабрачыннага свята праведзена Мінскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў.

 

НА СУСТРЭЧУ З КАЗКАЙ

З усяго раёна на школьных аўтобусах даставілі дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў на навагодні ранішнік у раённы Цэнтр культуры. Дзятву чакалі Дзед Мароз і Снягурка. Казачныя героі іх агарнулі ўвагай, у дзяцей разбягаліся вочы ад сюрпрызаў, прыгожых маскарадных касцюмаў, навагодняй атмасферы. Для іх быў паказаны прыгожы навагодні спектакль.

Радасны настрой падмацавалі і падарункі ад Дзеда Мароза. Райвыканкам паклапаціўся аплаціць іх для 300 дзяцей, удзельнікаў дабрачыннага ранішніка.

 

ТВОРЧАСЦЬ ШКОЛЬНІКАЎ

У гэтым годзе ўдзельнікаў абласнога навагодняга свята – лепшых вучняў Міншчыны – прыняў Слуцкі гарадскі дом культуры.

Стаўбцоўшчыну на ім прадстаўлялі 9 вучняў – пераможцаў конкурсаў, алімпіяд, спаборніцтваў: Дзмітрый Суднік, Кірыл Маслаў, Анастасія Белавусава, Аляксей Вяршынін, Віталь Цвірко, Вадзім Хмель, Хрысціна Качановіч, Дзмітрый Ліпніцкі, Аляксандр Пятруцік.

Да ўдзелу ў гэтым навагоднім свяце супрычыніліся і іншыя вучні, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Быў аб’яўлены конкурс на лепшую самаробную цацку на абласную навагоднюю ёлку. З чаго толькі не выкананы былі найпрыгажэйшыя шары! На ёлку паехаў твор умельцаў СШ № 3 г. Стоўбцы.

Са свята вучні вярнуліся з падарункамі, прыемнымі ўражаннямі, радасным настроем.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *