З аптымізмам – у год наступны

Нумары Сельская гаспадарка

3012a

Ганна Рыдкіна – прыклад жыццёвай няўрымслівасці, аптымізму, што вельмі важна для паспяховай работы ў сельскай гаспадарцы. Закончыўшы сельскагаспадарчую ВНУ, малады спецыяліст узначаліла раённую лабараторыю ветсанэкспертызы.

Фота Васіля Зянько

 

БЛІЦ-АПЫТАННЕ

Наступны год, паводле ўсходняга календара, – год Жоўтага Землянога Сабакі, сімвала мудрасці і стабільнасці. Ён бярэ пад апеку тых, хто верны сям’і і сябрам, ідэалам і традыцыям. І паўтараецца толькі праз шэсцьдзесят гадоў. З якім настроем і жаданнямі сустракаюць яго вясковыя працаўнікі, якія нарадзіліся ў год Сабакі? І чым адметны для іх 2017 год?

Міхаіл Грышан, брыгадзір паляводчай брыгады ААТ «Вішнявецкі-агра»:

– У наступным годзе мы з жонкай адзначым свае жыццёвыя юбілеі, бо нарадзіліся ў адзін год. У нас двое дочак і столькі ж унукаў. Маленькаму сёлета споўніўся годзік. Старэйшаму ў наступным годзе будзе дванаццаць, і гэта таксама яго год, паводле ўсходняга календара. Свята Новага года, як і ў мінулыя гады, дамовіліся сустракаць усе разам у Вішняўцы. Дачка Таццяна з зяцем будуюць дом у Стоўбцах, разлічваем да канца будучага года справіць наваселле. У вытворчых справах бягучы год парадаваў – атрымалі высокую ўраджайнасць практычна ўсіх сельскагаспадарчых культур. Заклалі трывалы падмурак на наступны год і спадзяёмся на новыя рэкорды.

Людміла Мілаванава, аператар машыннага даення ААТ «Жацерава»:

– Сёлетні год выдаўся для мяне неблагім ва ўсіх адносінах. На рабоце справы ладзіліся, удалося дасягнуць даволі добрага паказчыка і перасягнуць сямітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Прымала ўдзел у раённым злёце даярак і ў конкурсе «Вясковая прыгажуня-2017», дзе атрымала шмат станоўчых эмоцый. У сям’і, дзякуй Богу, усе здаровыя. Сын Захар паспяхова вучыцца ў школе. Новы год – свята цудоўнае і прыгожае. Звычайна мы сустракалі яго дома, а сёлета пойдзем да сяброў. А самае галоўнае, што мы з мужам чакаем у наступным годзе прыбаўлення ў сям’і – я другі раз стану мамай. Зразумела, чакаю дачушку і хачу, каб маё жаданне споўнілася. Ужо і імя для яе выбрала – Міраслава. Дарэчы сказаць, што ў лістападзе ў мяне нарадзіўся пляменнік.

Аляксей Русан, тэхнік-электрык ААТ «Радзіма Дзяржынскага»:

– Для мяне 2017 год быў звычайным. Нічога неардынарнага не адбылося. Дзень у дзень на працы, бо без электрычнасці не працуе ніводны вытворчы аб’ект. Работа забірае практычна ўвесь вольны час, а калі выдаецца свабодная хвіліна, то чытаю часопісы або заходжу ў інтэрнэт, каб пацікавіцца новымі распрацоўкамі ў галіне электрычнасці. Кожны чалавек, і я не выключэнне, мае запаветную мару. Аднак нічога само сабою не прыходзіць, трэба дабівацца пастаўленай мэты. Толькі пачынаю жыццё і настроены аптымістычна: з цягам часу будзе ўсё, што патрэбна чалавеку для шчасця, і ў мяне. А магчыма мара збудзецца ўжо ў наступным годзе.

Жанна Пракапенка, галоўны эканаміст ААТ «Рочавічы»:

– Прыехала ў сельгаставарыства па накіраванні пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і не шкадую, што трапіла менавіта ў гэтую гаспадарку. У нас малады дырэктар, выдатны калектыў спецыялістаў. За паўтара года многаму навучылася ў сваёй прафесіі, менавіта дзякуючы Ядвізе Францаўне Урбан. У наступным годзе чакаю добрых перамен у асабістым жыцці. У студзені заканчваю вучобу ў магістратуры БГАТУ і буду абараняць дыплом па абранай раней спецыяльнасці. Мой каханы чалавек кліча мяне замуж.

У бацькоў сярэбранае вяселле. Вось колькі намячаецца падзей! А год, які адыходзіць, запомніцца тым, што я стала пераможцай раённага конкурсу «Вясковая прыгажуня – 2017».

Любоў Кірыкеш, заатэхнік жывёлагадоўчага комплексу ААТ «Вялікі Двор»:

– У 2018 годзе споўніцца сорак гадоў, як працую ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі. Нялёгкая праца, але на іншай рабоце сябе не ўяўляю. Год заканчваем з высокімі паказчыкамі, і гэта радуе. У сям’і ніякіх эксцэсаў сёлета не здарылася, і гэта самае галоўнае. У нас з мужам трое сыноў. Радуюць дзве ўнучкі і ўнук. З імі звязаны ўсе прыемныя ўспаміны. Старэйшая ўнучка, якая таксама нарадзілася ў год Сабакі, сёлета скончыла чатыры класы. У яе школе з гэтай нагоды было арганізавана цікавае мерапрыемства, на якім прысутнічала і я, – спецыяльна ездзіла ў сталіцу. Будзем з дзядулем чакаць дзяцей і ўнукаў на навагоднія святы. У наступным годзе зычу ўсім родным і блізкім, каб здароўе іх не падводзіла і грошай на ўсё хапала.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *