У сям’і Валерыя і Алены Грыгарцэвічаў з аграгарадка Дзераўная тры сыны. Выпускнікі Дзераўнянскай сярэдняй школы Аляксей і Канстанцін Грыгарцэвічы выбралі ваенныя спецыяльнасці, закончылі Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Трэці брат Аляксандр выконвае самую мірную работу, ён азеляняе нашы гарады і вёскі – працуе тэхнікам-азеляніцелем у сталічным гадавальніку дэкаратыўных раслін «Чырвоны клён» і завочна навучаецца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Такім чынам, ён стаў прадаўжальнікам справы бацькі – Валерыя Збігневіча, які з’яўляецца начальнікам лесапункта Стаўбцоўскага лясгаса.
На здымку – малодшы з сыноў лейтэнант Аляксей Грыгарцэвіч. У гэтым годзе ён паспяхова закончыў Ваенную акадэмію і атрымаў размеркаванне ў воінскую часць № 25819 у пасёлку Наваколасава. Працуе на інжынернай пасадзе службы, якая вядзе рамонт аўтамабільнай, бранятанкавай і іншай ваеннай тэхнікі.
– Як служыцца, Аляксей?
– Мне пашанцавала, – адказвае ён. – У воінскай часці вельмі спрыяльны мікраклімат, добрая абстаноўка, якая настройвае на спакойнае выкананне ўскладзеных абавязкаў. Я магу нават сказаць, што гэта адна з лепшых воінскіх часцей, маю магчымасць параўнаць, бываючы ў пастаянных камандзіроўках у воінскіх часцях, дзе мы атрымліваем тэхніку і куды дастаўляем яе.
Для Аляксея 2017 год адметны не толькі тым, што ён закончыў вучобу, але і тым, што стаў сямейным чалавекам. Яго Ірына – студэнтка апошняга курса Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ніяк не ўстрымацца, каб не сказаць аб гісторыі іх знаёмства. Як аказваецца, ездзіць у перапоўненым гарадскім транспарце бывае вельмі нават шанцоўна, нават лёсавызначальна. У час пік у метро Аляксей незнарок наступіў на нагу дзяўчыне. Сумеўся, папрасіў прабачэння. Так завязаліся іх прыгожыя адносіны, якія прывялі Аляксея і Ірыну ў ЗАГС. Як аказалася, Аляксей стаў яшчэ і прадаўжальнікам ваеннай дынастыі сям’і: яго цесць – ваенны ўрач.
Канстанцін Грыгарцэвіч пасля заканчэння Ваеннай акадэміі нясе службу ў падраздзяленні ўнутраных войск у Гомелі. Стаіць на абароне рубяжоў Айчыны і сваёй сям’і, дзе чакаецца папаўненне.
Усе гэтыя шчаслівыя падзеі ў жыцці Грыгарцэвічаў даюць падставы падзякаваць Богу за добры год, што заканчваецца, і папрасіць Яго міласці на год наступны.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО