Дзе нараджаюцца сем’і

Нумары Соцыум

3012

Пабыўшы на святочнай урачыстасці з нагоды стагадовага юбілею ЗАГС, мы зрабілі вывад, што гэта адна з самых прыгожых падзей, якую нам давялося пабачыць па доўгу сваёй службы. Юбілярам было прадастаўлена памяшканне ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў. Камерная ўтульная зала была прыбрана атрыбутамі белага колеру, што сугучна з прызначэннем ЗАГС. Выкладчыкі і вучні школы мастацтваў пастараліся напоўніць гэтую атмасферу і цудоўнымі гукамі прыгожай музыкі. Прысутныя былі зачараваны. Урачыстасць адкрылася маршам Мендэльсона ў выкананні скрыпачак Таццяны Кот і Алы Імамутдзінавай.

Кіраўнік спраў райвыканкама Ала Янкоўская, якая прывітальным словам адкрыла ўрачыстасць, выступала не толькі ў ролі прадстаўніка раённага выканаўчага камітэта, але і былога начальніка аддзела запісу актаў грамадзянскага стану. Ала Рыгораўна выконвала гэтыя абавязкі пяць гадоў да 2012 і стала папярэдніцай цяперашняга начальніка аддзела ЗАГС Надзеі Картузавай. Ганаровае месца ў зале было адведзена ўсім папярэднім кіраўнікам гэтага аддзела – Любові Злотнікавай, Тамары Ціхановіч. Самая старэйшая з іх – Надзея Ніжнік, якая працавала на гэтай дзяржаўнай пасадзе з канца 60-х да канца 70-х гадоў, не змагла прыйсці на ўрачыстасць, таму што знаходзіцца цяпер у дачкі ў Брэсце. А вось Любоў Пятроўна і Тамара Уладзіміраўна падзяліліся ўспамінамі, сваім прыўзнятым настроем, выказалі захапленне, у якім цудоўным стане знаходзіцца ЗАГС у цяперашні час. Надзея Картузава, пры ёй і быў праведзены капітальны рамонт памяшкання, з яе дызайнерскімі прапановамі па аздабленні інтэр’ера, пацвярджае, што цяпер стаўбцоўскі ЗАГС – у ліку самых прыгожых у Мінскай вобласці, і нават сярод многіх сталічных, аб чым засвядчаюць самі наведвальнікі падчас рэгістрацый вясельных урачыстасцяў.

Надзея Анатольеўна сумела прадставіць гэты аддзел райвыканкама як адзін з самых незвычайных і адметных па функцыях, што на яго ўскладзены. За сто гадоў столькі пакаленняў стаўбчан зарэгістравалі тут свае шчаслівыя падзеі – вяселлі, нараджэнні. У будынку ЗАГС можна пазнаёміцца з юбілейнай выставай, дзе прадстаўлены фотаздымкі розных гадоў. Вясельныя ўборы пачатку мінулага стагоддзя вельмі адрозніваюцца ад сучасных, аднак рэтра заўсёды ў пашане. На выставе прадстаўлены старадаўнія метрычныя кнігі, архіўныя дакументы, атрыбуты аддзела. Самая старая з такіх кніг пачынае запіс з 1882 года. Гэта прадстаўляе вялікую цікавасць.

Пагаджаемся з Надзеяй Картузавай: цяжка пераацаніць уклад ЗАГС ва ўмацаванні аўтарытэту сям’і. Прыжыліся ў аддзеле такія выдатныя традыцыі: святкаваць сярэбраныя, залатыя, брыльянтавыя і іншыя юбілейныя вяселлі. А ў некаторых выпадках і рэгістраваць у гэты час вяселлі прадстаўнікоў маладых пакаленняў. Здымкі з сямейных архіваў такіх выдатных урачыстасцяў таксама прадстаўлены на юбілейнай выставе.

На ўрачыстасці прысутнічалі спецыялісты сельвыканкамаў, у абавязках якіх рэгістрацыя шлюбаў, нараджэнняў і іншых актаў грамадзянскага стану ў сваёй мясцовасці. Ім былі выказаны словы ўдзячнасці за неацэнны вопыт, уменне стварыць свята, быць шчырымі саўдзельнікамі шчаслівых падзей сваіх землякоў. Ганаровымі граматамі райвыканкама адзначаны кіраўнікі спраў: Вішнявецкага сельвыканкама – Ірына Валкалоўская, Дзераўнянскага – Галіна Францкевіч, Літвенскага – Наталля Шырвель, Налібацкага – Ганна Зялёнка, Старасвержанскага – Марына Савасцянкевіч. Падзякі райвыканкама аб’яўлены кіраўнікам спраў Рубяжэвіцкага сельвыканкама Святлане Галавач, Шашкоўскага – Таццяне Галушка. Ганаровай граматы райвыканкама ўдастоена начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Надзея Картузава, падзякі райвыканкама – галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Таццяна Захарэвіч.

Урачыстасць была напоўнена многімі прыемнымі, экслюзіўнымі момантамі. Да іх можна аднесці і паказ вясельных сукенак. Хто ж можа застацца раўнадушным, гледзячы на гэтае хараство: беласнежная сукенка нявесты – сімвал чысціні і пачатку новага жыцця. Шыкоўныя вясельныя ўборы прадаставіла для паказу на свяце індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Шаўчук. Дапамагла дзяўчатам гарманічна ўліцца ў свой вобраз візажыст Хрысціна Захарава.

На памяць аб урачыстасці запрошаным засталіся памятныя падарункі, прыемныя ўспаміны, радасны стан душы і ўдзячнасць за такое прыгожае свята, зрабіць якое цёплым і сардэчным у халодны снежаньскі дзень змаглі арганізатарары – работнікі ЗАГС, удзельнікі канцэртнай праграмы і талент вядучай Алёны Міцкевіч.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: кіраўнік спраў райвыканкама Ала Янкоўская ўручае ўзнагароду кіраўніку спраў Шашкоўскага сельвыканкама Таццяне Галушка; з прывітальным словам – загадчыца ЗАГС райвыканкама Надзея Картузава; шаноўныя госці на свяце Тамара Ціхановіч і Любоў Злотнікава; ля стэндаў выставы; паказ вясельных сукенак.

Фота Васіля ЗЯНЬКО і Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *