«Кус-кус» па-маўрытанску

Медыцына Нумары

3012d

Улд Бэдзі родам з краіны з вельмі прыгожай назвай – Маўрытанія. Яго радзіма знаходзіцца ў Заходняй Афрыцы і абмываецца водамі Атлантычнага акіяна. У Беларусі Бэдзі жыве даўно – ён, гаворыць, разоў 15 сустракаў Новы год у нашай краіне. Бывае ён тут з перапынкамі – перыядычна выязджае за мяжу: працаваў кардыёлагам у Маўрытаніі, Францыі, Арабскіх Эміратах. І вось воляю лёсу аказаўся ў Стоўбцах. Паўгода ўжо працуе кардыёлагам у райпаліклініцы. Напярэдадні Новага года мы сустрэліся з Бэдзі, каб расказаць аб традыцыях святкавання Новага года ў яго краіне. Аднак не менш цікава даведацца, як Бэдзі трапіў на працу ў Стоўбцы. З гэтага пытання і пачынаем гутарку.

–             У Гродне, дзе я ў свой час закончыў медыцынскі ўніверсітэт, мне давялося замяняць урача, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. Яна выйшла на працу – трэба было ўступіць месца. Па камп’ютары я паглядзеў вакансіі. Запрашалі ўрачоў у Стаўбцоўскую бальніцу. Прыехаў. У мяне засталіся вельмі прыемныя ўражанні ад сустрэчы з галоўным урачом Святланай Здзіславаўнай. Яна вельмі ўважліва да мяне аднеслася. І я вырашыў застацца. Атрымаў месца ў новым інтэрнаце. Працую. Я маю вялікі стаж работы кардыёлагам.

–             Бэдзі, як вам удалося прыехаць на вучобу ў іншую краіну?

–             У Маўрытаніі праводзіцца конкурс прэзідэнцкіх стыпендыятаў. Лепшыя навучэнцы ў якасці ўзнагароды ад прэзідэнта змаглі атрымаць адукацыю за мяжою. У іх ліку быў і я. Наша краіна ўзяла на сябе расходы па аплаце вучобы і стыпендый.

–             Пахвальна. Бэдзі, чытачам нашай газеты цікава будзе даведацца, якія традыцыі сустрэчы Новага года ў Маўрытаніі?

–             Так, як і ў кожнай краіне, усе чакаюць віншавання прэзідэнта. Ён жадае кожнай сям’і здароўя, шчасця, міру, дабра. Гэта сямейнае свята, усе збіраюцца дома, за святочным сталом. Рыхтуюць смачныя стравы. У нас не п’юць спіртнога. На стале – сокі і іншыя безалкагольныя напіткі.

–             Якія адметныя нацыянальныя стравы ў маўрытанцаў?

–             Такія ж, як і ў беларусаў, галоўным прадуктам з’яўляецца бульба. У нас на святочныя застоллі рыхтуюць страву, якая называецца «кус-кус». Для гэтага ёсць спецыяльны посуд – своеасаблівая каструля, разбітая на часткі. На дно кладзецца мяса з рознай гароднінай, зверху размешчана рашотка, куды насыпаюцца крупы накшалт пшаніцы. Мяса тушыцца, і парай гатуюцца зверху крупы. Вельмі смачная, апетытная страва, я рыхтаваў яе для сваіх беларускіх сяброў.

–             А што вам падабаецца з беларускай нацыянальнай кухні?

–             Акрамя халадца, – усё. Асабліва салата «пад шубай» на навагоднім стале – вельмі смачна.

–             Бэдзі, дзе вы будзеце сустракаць Новы год?

– Паеду ў Ліду да сваёй дачкі. Я кожныя выхадныя езджу да яе. Дзяўчынку завуць Марыя, як і маю маці.

–             Хто ў вас яшчэ ёсць на радзіме?

– Акрамя матулі – брат і сястра, у іх свае сем’і. Таты ўжо няма. Ён быў родам з Францыі, хрысціянін, католік.

–             А якое надвор’е ў Маўрытаніі на Новы год?

–             Плюс 25 градусаў. Снегу ў нас ніколі не бывае.

–             І як вы пераносіце наша надвор’е?

–             Холадна, холадна. Я не люблю холаду. Пасля Новага года стараюся паехаць на некалькі месяцаў на Радзіму, і тады ваша зіма не здаецца мне такой доўгай.

–             Бэдзі, шчаслівага новага года!

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *