Развіваць бізнес і з сельскай прапіскай

Нумары Прадпрымальніцтва

3012g

У раённым Цэнтры культуры прайшоў сход з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі прыватнай формы ўласнасці, удзел у якім узялі прадстаўнікі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Новік, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкама.

Адкрываючы сход, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч акрэсліла парадак дня, які звязаны са з’яўленнем у рэспубліцы новых заканадаўчых актаў, прызваных актывізаваць дзелавую ініцыятыву і стварыць камфортныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва. Размова ідзе пра Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2017 года № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання» і Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 года № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Патрабаванні названых законаў пачнуць дзейнічаць з 1-га студзеня і з 23-га лютага 2018 года адпаведна.  

– Дакументы комплексныя, новыя, пакуль не маюць правапрымяняльнай практыкі і не падмацаваны нарматыўнымі актамі. Над гэтым вядзецца работа, – пракаменціравалі прадстаўнікі аблвыканкама, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Ірына Івановіч і начальнік упраўлення прадпрымальніцтва і ліцэнзавання Дзяніс Курленка. – Таму хацелася б пачуць і вашы пытанні.

Пытанні паступілі, і ў першую чаргу ад тых, хто хацеў бы пашырыць свой бізнес. Указ № 345 прадугледжвае пэўныя льготныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання, якія накіроўваюцца з аб’ектамі гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў сельскую мясцовасць. Такі прыярытэт выбраны з улікам як дзяржаўных задач, так і асаблівасцяў мясцовага развіцця.

Што датычыць Дэкрэта № 7, то ён ахоплівае пытанні развіцця прадпрымальніцтва ў цэлым, не толькі ў сельскай мясцовасці. Згодна з ім, па многіх пазіцыях індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам дадзена права выбару, аднак пакінута нязменная ўмова вядзення бізнесу – любая паслуга павінна быць якаснай. Зацікавіць тое, што спрошчаны спосаб размяшчэння знешняй рэкламы, сістэма падаткаабкладання для інтэрнэт-магазінаў, скасавана працэдура дзяржаўнай закупкі пры правядзенні будаўнічых работ за прыватныя сродкі, магчымасць ажыццяўлення нерэгулярных пасажырскіх перавозак без пуцявых лістоў і т. п. Складзены пералік відаў дзейнасці, пры адкрыцці якіх дастаткова накіраваць у раённы выканаўчы камітэт паведамленне і ўжо з наступнага дня пачынаць работу. Дэкрэт № 7 дазваляе юрыдычным асобам ажыццяўляць дзейнасць без пячаткі, як і ідзе насустрач індывідуальным прадпрымальнікам, у якіх ёсць жаданне выкарыстоўваць пячатку.

Асобная тэма, на якой спыніўся Дзяніс Курленка, – дзяржаўная фінансавая падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Адзін з відаў такой падтрымкі – ільготны крэдыт (прадастаўленне рэгламентуецца Указам Прэзідэнта № 255), стаўка па якім не перавышае стаўку рэфінансавання. Яго можна атрымаць практычна на ўсё, што звязана з прадпрымальніцкай дзейнасцю: набыццё сыравіны, матэрыялаў, абсталявання, рэканструкцыю будынка і т. п. Акрамя таго, добрая падмога для суб’ектаў малога бізнесу, якія выкарысталі для гэтых мэт няльготны крэдыт, прыняць удзел у конкурсе бізнес-праектаў (конкурс плануецца правесці ў пачатку 2018 года). Па выніках конкурсу з бюджэту будуць выдзелены субсідыі на пагашэнне часткі працэнтаў па раней выдадзеным няльготным крэдыце. Прадугледжаны субсідыі і на пагашэнне часткі лізінгавых працэнтаў, кампенсацыю выдаткаў пры ўдзеле ў выставачна-кірмашовых мерапрыемствах.

Тлумачэнні і кансультацыі спецыялістаў большасць удзельнікаў сходу канспекціравала, што сведчыць аб адным – зацікаўленасці ў рэалізацыі новых заканадаўчых актаў і павышэнні ўзроўню сваёй прававой граматнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *