Прафсаюзы: правільна падабраць кадры і наладзіць сацыяльнае партнёрства

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

060118e

Напрыканцы года на базе Стаўбцоўскага раёна адбылося выяздное пленарнае пасяджэнне прэзідыума рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Базавая прафсаюзная арганізацыя

Стаўбцоўская прафсаюзная арганізацыя вызначана базавай у вобласці па выніках работы і перадачы накопленага вопыту.

– Выбар невыпадковы, бо для сельскіх працаўнікоў райкамам прафсаюза АПК, у цесным узаемадзеянні з сацыяльнымі партнёрамі і кіраўніцтвам раёна, для паляпшэння ўмоў працы людзей і арганізацыі іх вольнага часу многа зроблена і робіцца. І эканамічныя паказчыкі работы сельскагаспадарчай галіны раёна паступова павышаюцца, – сказаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў. – Мы дэталёва вывучылі работу, якую праводзіць райкам прафсаюза. Яна заслугоўвае самай высокай адзнакі. Цяпер наноў выбраныя старшыні райкамаў будуць прыязджаць у Стоўбцы і праходзіць стажыроўку. Усе мы разумеем, што на першым плане заўсёды павінен быць чалавек, бо ў гэтым і заключаецца дзейнасць прафсаюзаў, якім трэба рабіць усё для таго, каб абараніць яго сацыяльныя правы. Настройваем на актывізацыю работы ў даным накірунку ўвесь рэспубліканскі актыў. Будзе людзям камфортна працаваць – больш важкімі стануць здабыткі, жыць сяльчане будуць больш заможна.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч падрабязна расказала прысутным аб праведзенай райкамам калектыўна-дагаворнай рабоце, мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца. Падкрэсліла, што не апошнюю ролю ва ўзаемадзеянні паміж кіраўнікамі гаспадарак і прафсаюзнымі лідарамі адыгрывае правільны падбор кадраў – на пасадах старшынь пярвічак дастойныя і паважаныя людзі. Тамара Іосіфаўна сказала добрыя словы пра герояў працы, у гонар якіх райкамам прафсаюза сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама заснаваны пераходныя прызы. За плённую работу на прафсаюзнай ніве Тамара Калошыч узнагароджана Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Ганаровая грамата абкама прафсаюза ўручана першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзянісу Колясеню за сацыяльнае партнёрства і актыўнае ўзаемадзеянне з раённай прафсаюзнай арганізацыяй. Дзяніс Сяргеевіч расказаў гасцям аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і адказаў на пытанні.

Акцыя «Наш жывёлавод»

У рамках праведзенай рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод», Мікалай Лабушаў і члены прэзідыума рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК з прыемнай місіяй наведаліся на МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. Прадстаўнічую дэлегацыю сустрэла дырэктар Вольга Луцык. Вольга Аляксееўна расказала прысутным аб гаспадарцы, якую ўзначальвае ўжо на працягу 45 гадоў. Згадала пры гэтым, што на ўсіх фермах зроблена добраўпарадкаванне, тэрыторыі агароджаны і заасфальтаваны. Людзям створаны належныя ўмовы для работы і адпачынку. Падкрэслівалася, што 2018 год аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам навядзення парадку на зямлі, таму патрэбна, каб прафсаюзы на месцах актыўна ўключыліся ў гэтую работу.

Затым адбылася ўрачыстая частка. Дырэктару ААТ «Вялікі Двор» Вользе Луцык уручылі самую высокую прафсаюзную ўзнагароду – Ганаровую грамату Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і сярэбраны нагрудны знак. Мікалай Лабушаў адзначыў, што гэта прызнанне заслуг аднаго з самых вопытных кіраўнікоў у краіне. Ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райкама прафсаюза работнікаў АПК павіншаваў Вольгу Аляксееўну з днём нараджэння і ўручыў падарунак Дзяніс Колясень.

Калектыў МТФ «Вялікі Двор» перасягнуў летась васьмітысячны рубеж па надоях малака ад каровы і заслужыў павагу і ўвагу. Брыгадзір Андрэй Мяшок атрымаў Ганаровую грамату Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Андрэй Мікалаевіч працуе ў жывёлагадоўчай галіне трынаццаць гадоў. Пачынаў аператарам машыннага даення. На пасадзе кіраўніка сярэдняга звяна шчыруе сем гадоў. Яго маці Тамара Мяшок першай ў раёне дасягнула дзесяцітысячнага рубяжу па надоях малака ад каровы. Працуе на ферме амаль дваццаць гадоў даяркай і сястра Наталля Васечка, якой уручана Падзячнае пісьмо Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Такой жа ўзнагароды ўдастоена яе каляжанка Наталля Хмель. Наталля Іванаўна мясцовая, яе маці таксама рупілася ў жывёлагадоўлі. Аналагічную ўзнагароду атрымала і Таццяна Ціменка, а яе муж Ігар Аляксандравіч, які працуе жывёлаводам, атрымаў Падзячнае пісьмо абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Сямейная пара шчыруе на ферме сямнаццаць гадоў. Адзначаны падзячнымі пісьмамі абкама прафсаюза аператары машыннага даення Людміла Марзалюк і Алена Швагерус. У Людмілы Іванаўны важкі працоўны стаж – дваццаць сем гадоў яна рупіцца на ферме і пастаянна ў перадавіках. Алена Гейнрыхаўна завіхаецца сем гадоў, але ўжо набыла вопыт і не ўступае тытулаваным каляжанкам. Уручаючы ўзнагароды, старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода адзначыў, што праца ў жывёлагадоўчай галіне з ліку нялёгкіх і заслугоўвае самай высокай адзнакі.

У цесным кантакце

Згодна з праграмай мерапрыемства, члены прэзідыума наведалі перапрацоўчыя прадпрыемствы раёна, якія працуюць з сельгаставарыствамі ў цесным кантакце. А іменна, Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», дзе дырэктар Ала Кажухоўская азнаёміла гасцей з гісторыяй станаўлення і вытворчай дзейнасцю прадпрыемства. Філіял круглы год займаецца перапрацоўкай і кансерваваннем садавіны і агародніны. Вытворчасць паспяхова развіваецца, натуральная і экалагічна чыстая прадукцыя пастаўляецца і на расійскі рынак. Госці прадэгуставалі прадукцыю, прайшлі па цэхах і санітарна-бытавых памяшканнях.   Прыемны момант – узнагароджанне. Падзякі Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК атрымалі Ала Кажухоўская і начальнік аддзела меркетыгу, старшыня прафкама Віталій Місько.

Азнаёміліся прафсаюзныя лідары з вытворчай дзейнасцю, умовамі працы калектыву ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», а таксама работай яго прафсаюзнай пярвічкі. Гэтае прадпрыемства пастаянна мадэрнізуецца і радуе пакупнікоў новымі відамі прадукцыі. Як адзначыў галоўны інжынер Віктар Сергіевіч, асартымент у будучым павялічыцца, бо ў планах – развівацца далей. Эканаміст і старшыня прафкама Наталля Кузьміч дадала, што камбінат працуе з прыбыткам, адлічэнні ў прафсаюзную касу паступаюць своечасова, што дазваляе праводзіць розныя культурна-масавыя мерапрыемствы. Як падкрэсліў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колясень, камбінат дапамагае сельгасвытворцам, выдзяляе грошы ў растэрміноўку плацяжу, для набыцця сельгастэхнікі і мінеральных угнаенняў, будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў. Варта адзначыць, што ў абодвух перапрацоўчых прадпрыемствах сярэдняя заработная плата дасягнула тысячы рублёў, а ў ААТ «Вялікі Двор» яна ўшчыльную наблізілася да гэтай лічбы.

У рабоце мерапрыемства прыняў удзел старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Вольга Луцык; дэгустацыя прадукцыі Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»; Ганаровую грамату Дзянісу Колясеню ўручае старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода; перадавыя жывёлаводы (злева направа) Таццяна і Ігар Ціменкі, Наталля Хмель, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў, Наталля Васечка, Алена Швагерус і Людміла Марзалюк.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *