З сюрпрызам – на вуліцу Міру

Нумары Соцыум Увага - дзецям

060118h

Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» далучылася да ражджэственскай акцыі і падарыла цуд дзецям.

Па просьбе старшыні арганізацыі Аляксандра Клімаша восем салодкіх падарункаў выдзеліла СААТ «Камунарка». Палову іх Аляксандр Іванавіч уручыў шматдзетнай стаўбцоўскай сям’і Кацярыны і Дзмітрыя Варажуноў. Для маладой сям’і стала вялікай неспадзяванкай, калі ў іх кватэру завіталі госці.

У кватэры – радаснае ажыўленне. Сямігадовыя блізняты Віктар і Аляксандр толькі прыехалі з паездкі з Мінска, дзе разам з аднакласнікамі пабывалі на святочным прадстаўленні ў Тэатры юнага гледача. Матуля прывяла з дзіцячага садка трохгадовую Настачку. Дзяўчынцы і яе бацькам пашчасціла – побач з іх домам па вуліцы Міру не так даўно пабудаваны новы дзіцячы сад № 8. Дома не было толькі дзесяцігадовага Уладзіка – хлопчык якраз паехаў у санаторый у Салігорск. Матуля заўважае, што пуцёўка для сына – поўнасцю бясплатная, за кошт дзяржавы.

Сям’я жыве ў трохпакаёвай кватэры, якая таксама пабудавана са 100-працэнтнай дзяржаўнай падтрымкай. Кацярына Сяргееўна гасцінна паказала, у якіх цудоўных умовах растуць дзеці. У кватэры ўсё новае, сучаснае, а яе жаночай працавітай рукой створана адмысловая ўтульнасць. А ў перспектыве, каб усім хапіла месца, узялі зямельны ўчастак у мікрараёне Паўночны-2 і будуюць свой дом.

Тата, зразумела, зарабляе грошы (ён працуе вадзіцелем), але дзеці не забыліся згадаць пра яго. «Перад паездкай у рэйс упрыгожвалі разам ёлку», пахваліліся хлопчыкі. Ёлка атрымалася сапраўды казачнай, з пяцікутнай зоркай на вершаліне. Настачка, прымасціўшыся на канапе між брацікамі, расказала вершык.

Дзеці атрымалі свае салодкія падарункі, а салодкі падарунак для Уладзіка Аляксандр Клімаш уручыў матулі.

Заадно Аляксандр Клімаш расказаў матулі пра дзейнасць раённай арганізацыі інвалідаў па зроку, яе ўдзел у адаптацыі і рэабілітацыі, выказаў гатоўнасць аказання сям’і неабходнай дапамогі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *