Штодзённая задача – абслугоўванне дарог Стаўбцоўшчыны

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

060118k

1-га студзеня споўнілася 60 гадоў з дня ўтварэння філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135». Новы, 2018 год будзе юбілейным для арганізацыі. Фактычна ўсе філіялы былі ўтвораны за адзін год. І сімвалічна, што стаўбцоўскі філіял – ДРБУ № 135 – пачаў сваю гісторыю ў самым пачатку года, першым сярод іншых філіялаў прадпрыемства. На перадавых пазіцыях ДРБУ № 135 знаходзіцца і сёння.

ПАЧАТАК БЫЎ У ІВЯНЦЫ

Дарожна-эксплуатацыйны ўчастак № 135 быў створаны ў г. п. Івянец 01.01.1958. Колькасць работнікаў тады складала 60 чалавек. На базе ДЭУ № 135 было створана 10 участкаў. Першыя загады па Івянецкім дарожна-эксплуатацыйным участку № 135 былі падпісаны 05. 01.1958 .

На падставе рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11.02.1965 ДЭУ № 135 з г. п. Івянец было перамешчана ў Стоўбцы і ў далейшым стала называцца Стаўбцоўскім дарожна-эксплуатацыйным участкам № 135. У 1989 годзе ДЭУ № 135 было пераўтворана ў дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 135.

Пасля розных рэарганізацый сучасную назву – філіял КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135» – упраўленне атрымала 29.08.2005. Сёння ў калектыве працуюць 123 работнікі. Сярэдні ўзрост іх – 40 гадоў. Яны абслугоўваюць 765 км дарог і 175 км вуліц, з іх амаль 380 км дарог – з асфальтабетонным пакрыццём, 300 км – з гравійным, 76 км – з грунтовым. На балансе – два пуцеправоды праз аўтадарогу Брэст – Мінск – мяжа РФ агульнай працягласцю 138,9 метра і 30 мастоў працягласцю 836,94 метра, 1095 штук водапрапускных труб працягласцю 13943,98 метра пагоннага. Дзейнічаюць шэсць майстарскіх участкаў, два дарожна-рамонтныя пункты (у аграгарадку Дзераўная і вёсцы Ручын).  

За 60-гадовы перыяд гісторыі ДРБУ № 135 узначальвалі Н. Т. Рыцікаў, І. І. Вострыкаў, Е. Г. Сакалоў, В. І. Кушнярэвіч, П. М. Красналобаў, М. К. Мацюнін, А. В. Бурын, У. М. Купрэеў, А. М. Дрозд, А. П. Сей, В. І. Дзям’янка.

З 12-га чэрвеня 2015 года ДРБУ № 135 узначаліў В. В. Савіцкі.

У ЮБІЛЕЙНЫ ГОД – З ДАРОЖНАЙ КАРТАЙ

– Па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці сярод 27-мі філіялаў і прадпрыемстваў КУП «Мінскаблдарбуд» наш філіял выглядае ўпэўнена і перспектыўна, – адзначае начальнік ДРБУ № 135 Вадзім САВІЦКІ. – Калі браць паказчыкі за 11 месяцаў 2017 года, то мы выйшлі на трэцяе месца па атрыманым чыстым прыбытку. Тэмп росту выручкі дасягнуў 142 працэнты. Выпрацоўка на аднаго работніка склала 130 працэнтаў. Адметна, што заработная плата павялічылася на 25 працэнтаў і, пры гэтым, на 11 працэнтаў узрасла сярэдняспісачная колькасць работнікаў. Ліміты, якія былі прадугледжаны на ўтрыманне мясцовых дарог, закончыліся яшчэ ў жніўні, але мы не спыняліся і выканалі работ звыш таго на 550 тысяч рублёў.

Усе паказчыкі сведчаць аб стабільнай і напружанай рабоце калектыву, аднак, бясспрэчна, хацелася б яшчэ большага росту. Задзел для гэтага ёсць, і ён будзе выкарыстаны.

Наперадзе ў нас шмат працы. На развіццё мясцовых дарог звернута ўвага Прэзідэнта краіны, і ўжо ў 2018 годзе пачнём рэалізоўваць адпаведныя праграмы, каб надаць раённым дарогам новы сучасны імідж. 26-га студзеня на базе ДРБУ № 135 адбудзецца падвядзенне вынікаў работы за мінулы год з удзелам усіх кіраўнікоў філіялаў і апарату кіравання КУП «Мінскаблдарбуд».

Паважаныя работнікі філіяла, ветэраны працы! Сардэчна віншую вас з 60-гадовым юбілеем утварэння арганізацыі. Дзякуй кожнаму за ўнесены ўклад, прафесіяналізм і вернасць прафесіі! Жадаю вам, вашым сем’ям самага добрага – моцнага здароўя, душэўнай цеплыні, дабрабыту. Няхай спадарожнічаюць поспех у працы і новыя здзяйсненні!

ВЫЗНАЧЫЛІСЯ ПРАЦАЙ

У сувязі з 60-годдзем з дня ўтварэння філіяла ўзнагароды падрыхтаваў КУП «Мінскаблдарбуд».

Ганаровай граматай адзначаны машыніст экскаватара Дзяніс Маз, вадзіцель пагрузчыка Сяргей Супрановіч, прараб асфальтабетоннага завода Сяргей Цецераў, інспектар па кадрах Вольга Калевіч. Аб’яўлены падзякі: вадзіцелю пагрузчыка Сяргею Коршуку, вадзіцелю Аляксандру Лапко, вядучаму інжынеру Марыне Дзям’янка, вядучаму інжынеру па арганізацыі і нармаванні працы Алене Бохан. Кожны з іх заслужыў павагу і пашану ў калектыве за сваю шматгадовую добрасумленную працу, удзел у грамадскім жыцці ўпраўлення.

Ёсць у калектыве і асаблівыя людзі, якія носяць ганаровае званне «Ветэран працы». Сярод іх — трактарысты Вячаслаў Гаўрылюк і Часлаў Калошыч, аплікатар Ірына Пятрова, дарожная рабочая Ванда Жыбуль, вадзіцель Мікалай Майстрэнка, прараб Аляксандр Свірскі.  

З нагоды юбілею кожны работнік упраўлення атрымаў у падарунак прадуктовы набор.

На здымках: добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол новабудоўлі па вуліцы Міру, 41, выконваюць Анатоль Грышан, Мікалай Высоцкі, Аляксандр Бельскі, Юрый Янскі, Віталь Самец (майстар) і Анатоль Сацута; начальнік ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі; у лабараторыі асфальтабетоннага завода: інжынер-лабарант Вольга Макаед, інжынер па якасці Кацярына Супрановіч і прараб Сяргей Цецераў; заняты вырабам дарожных знакаў Аксана Стэсік, Аляксандр Калодзінскі, Святлана Марчанка, Міхаіл Ненадавец (майстар), Святлана Курловіч і Ірына Пятрова; вытворцы асфальтабетону Ігар Хітрык і Віталь Галаўко ў міжсезонне – рамонтнікі; аператар ЭВМ Валянцін Вінярскі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *