ДРБУ № 135: юбілейная вяха і перспектывы развіцця

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

060118l

ДЗЕ АСФАЛЬТ – ТАМ І МОЛАДЗЬ

Філіялу – 60, і больш за чвэрць стагоддзя працуе ў яго складзе асфальтабетонны завод. У 2017 годзе на заводзе выпушчана 18 тысяч тон прадукцыі. 8,5 тысячы тон яе рэалізавана староннім заказчыкам, а большасць выкарыстана для ўласных патрэб (пры неабходнасці магутнасці завода дазваляюць нарасціць аб’ёмы вытворчасці да 30 тысяч тон). У мінулым годзе быў заасфальтаваны і пад’езд да завода.

У гэты зімовы перыяд, калі асфальтабетонная сумесь не запатрабавана, калектыў завода займаецца падрыхтоўкай да новага сезона, паляпшэннем сваіх умоў працы. Напрыклад, варшчыка бітуму Ігара Хітрыка і машыніста змяшальніка Віталя Галаўко мы сустрэлі за рамонтам бытавых памяшканняў.

У лабараторыі завода вынікі мінулага сезона аналізуюць прараб Сяргей Цецераў і інжынер-лабарант Вольга Макаед, інжынер па якасці Кацярына Супрановіч. Работа ў іх ладзіцца, настрой – добры. На Кацярыну звяртае маю ўвагу інспектар па кадрах і старшыня прафкама Вольга Калевіч: «Кацярына Супрановіч, як і майстар па кар’ерах Павел Грышкевіч, – нашы маладыя спецыялісты. Уліліся ў калектыў пасля БНТУ летам мінулага года. Кацярына – з мясцовых, з Дзераўной. Яна вучылася за кошт упраўлення. А Павел – з Маладзечна, прыехаў да нас па размеркаванні згодна з нашай заяўкай. Абоіх уладкавалі ў інтэрнат маторнага завода».

У гутарцы маладыя спецыялісты выказалі задаволенасць сваім працоўным месцам, умовамі пражывання і нават заработнай платай. Сярэднямесячны памер яе на філіяле склаў за 11 месяцаў 2017 года 772 рублі.

НОВЫ ЎЧАСТАК – «ДАРОЖНЫЯ ЗНАКІ»

З мая 2016 года на філіяле быў адкрыты новы ўчастак, які спецыялізуецца выпускам дарожных знакаў. За мінулы год выпушчана іх 16,5 тысячы штук, а за ўвесь перыяд дзейнасці – 24,5 тысячы.

– Дарэчы, некаторыя з гэтых знакаў аздабляюць тэрыторыю кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», які ўзводзіцца пад Мінскам, – не прамінае заўважыць намеснік начальніка ДРБУ № 135 Вадзім Калпак.

Майстар участка Міхаіл Ненадавец падкрэслівае: «Участак хоць і невялікі, складаецца з шасці чалавек, – але вельмі дружны».

Усе аплікатары на ўчастку – жанчыны. Аксана Стэсік, Святлана Марчанка, Ірына Пятрова, Святлана Курловіч прыкладаюць намаганні, каб кожны знак выйшаў бездакорным. Аператар ЭВМ Валянцін Вінярскі аддае каманды сучаснай машыне-плотару. Сваё кола абавязкаў і ў грузчыка Аляксандра Калодзінскага. Лепшыя памочнікі ў іх рабоце – добразычлівасць і ўзаемавыручка.

ТРЫМАЦЬ РУКУ НА ПУЛЬСЕ

Асфальтаўкладчыкі і каткі, якія працуюць паўсюдна на дарогах і аб’ектах раёна, з заканчэннем сезона сабраны на вытворчай базе. «Да вясны ёсць час для абслугоўвання гэтай спецыялізаванай тэхнікі», – канстатуе прараб Дзмітрый Жылянок.

Няспешна, але з веданнем справы завіхаюцца ля сваіх каткоў вопытныя машыністы Арцём Стаценін і Сяргей Віцько. Сяргей Віцько вычышчае кожную дэталь і не хавае задаволенасці – яго каток, мадэрнізаваны тры гады таму, адпрацаваў практычна ўвесь мінулы сезон без паломак.

Затое «гарачы» сезон працягваецца ў вадзіцеляў МАЗаў, тэхніка якіх на зімовы перыяд аснашчана спецыяльнымі агрэгатамі для ачысткі і пасыпкі дарог. Ім прыходзіцца дзяжурыць і ноччу. Але вадзіцелям-дарожнікам, як сказаў вадзіцель з 23-гадовым стажам Аляксандр Дубатоўка, да гэтага не прывыкаць. Падобна, што такі ж настрой ужо перадаўся і аднаму з самых маладых яго калег, Ягору Брушко.

Руку на пульсе цвёрда трымае і дыспетчар Ірына Лісавец. «Штодзённа на лінію выязджае трыццаць і больш адзінак тэхнікі», – дакладна кажа Ірына Пятроўна. У яе з сямі раніцы пачынаецца працэс размеркавання тэхнікі, выдачы пуцявых лістоў і т. п. Галоўнае ў рабоце, не сумняваецца дасведчаны дыспетчар, – знайсці з людзьмі кантакт, паразуменне.

Тэхнікай і рукамі дарожнікаў робіцца шмат для таго, каб наша Стаўбцоўшчына станавілася ўсё больш добраўпарадкаванай і сучаснай, прыгажэла і прыцягвала гасцей і турыстаў.  

На здымках: у прыёмнай ля навагодняй ёлкі: сакратар Галіна Карабец, галоўны бухгалтар Зінаіда Галяновіч, бухгалтары Таццяна Мацко і Аксана Сакалоўская, вядучы інжынер планава-вытворчага аддзела Іна Тамашэвіч; трымае руку на пульсе дыспетчар Ірына Лісавец; намеснік начальніка філіяла Вадзім Калпак праводзіць планёркуз майстрам Адамам Петухам і майстрам па кар’ерах Паўлам Грышкевічам; працуюць у звязцы вядучы інжынер па арганізацыі і нармаванні працы Алена Бохан і інспектар па кадрах Вольга Калевіч; ямачны рамонт праводзяць Андрэй Босы, Сяргей Статкевіч, Іна Хілімон і Ванда Жыбуль; машыніст катка Арцём Стаценін, прараб Дзмітрый Жылянок і машыніст катка Сяргей Віцько; гатовы да дзяжурства вадзіцелі Ягор Брушко і Аляксандр Дубатоўка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *